Слоўнік да заняткаў па тэме “Рэптыліі”
![]() |
СПАМПУЙЦЕ РАЗДАТКУ Ў WORD |
Экзатычныя істоты
Тэрарыумістыка – гэта род заняткаў, які прадугледжвае стварэнне неабходных умоваў для ўтрымання некаторых жывёл і мадэляванне для іх экасістэм.
Тэрарыум – ёмістасць, у якой створаныя неабходныя ўмовы для ўтрымання некаторых жывёл.
Тэрарыумныя жывёлы: амфібіі рэптыліі, насякомыя, павукападобныя, мнаганожкі, ракападобныя, малюскі.
Від – гэта сукупнасць блізкіх па паходжанні арганізмаў, адносна падобных знешне і фізіялагічна, здольных скрыжоўвацца паміж сабой, даваць патомства, і якія займаюць пэўны арэал у прыродзе.
Бесхрыбетныя – група жывёл, якая не мае хрыбта (пазваночніка).
Членістаногія – тып першаснаротых жывёл, які ўключае насякомых, ракападобных, павукападобных і мнаганожак.
Павукі-птушкаеды – сямейства дастаткова вялікіх павукоў, пакрытых валаскамі, якія насяляюць усе кантыненты акрамя Антарктыды.
Слімак – агульнаўжывальная назва бруханогіх малюскаў з вонкавай ракавінай.
Хрыбетныя – падтып хордавых жывёл, які ўключае ў сябе млекакормячых (сысуноў), птушак, земнаводных, паўзуноў і рыбаў.
Земнаводныя (амфібіі) – клас хрыбетных жывёл, якія ў раннім узросце жывуць у вадзе і дыхаюць жабрамі, а ў дарослым стане валодаюць прыкметамі наземных жывёл і дыхаюць лёгкімі.
Жаба (рус. лягушка) – у шырокім сэнсе тэрмін адносіцца да ўсіх прадстаўнікоў атрада бясхвостых амфібій. У вузкім сэнсе азначае прадстаўніка сямейства сапраўдных жабаў.
Рапуха (рус. жаба) – прадстаўнік сямейства бясхвостых земнаводных з шырокім тулавам, кароткімі канечнасцямі і “сухой” скурай.
Паўзуны, га́ды (рэптыліі) – гэта клас яйкакладучых хрыбетных жывёл з жорсткай лускаватай скурай. Тэмпература іх цела залежыць ад тэмпературы навакольнага асяроддзя.
Жаўла (чарапаха) – прадстаўнік атраду паўзуноў пакрытых касцёва-рагавым або касцёва-скурыстым панцырам.
Папулярныя тэрарыумныя жывёлы:
Плямісты эўблефар (Eublepharis macularius) – начная наземная яшчарка з інфраатраду геконападобных, якая жыве ў горных раёнах Пакістану, Афганістану, Ірану, паўночнай Індыі. У адрозненні ад геконаў, эўблефары маюць рухомае павека і не могуць лазіць па гладкіх вертыкальных паверхнях. Дасягае 25 см. Харчуецца насякомымі.
Барадатая агама (Pogona vitticeps) – аўстралійская паўпустэльная дзённая яшчарка. Дасягае 40–50 см у даўжыню. Называецца так з-за характэрнага мяшка на шыі, які можа раздзімацца. Мяняе афарбоўку цела ў залежнасці ад тэмпературы і фізічнага стану. Харчуецца насякомымі і раслінамі.
Беларускамоўная суполка ВК: “Беларусь у тэрарыуме” https://vk.com/exo_belarus