Змены ў «Правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі» 2010 г.
СПАМПУЙЦЕ ПРЭЗЕНТАЦЫЮ POWER POINT
СПАМПУЙЦЕ ТЭОРЫЮ І ЗАДАННІ Ў WORD
СПАМПУЙЦЕ РАЗДАТКУ Ў WORD
Частка 1
Першай сур’ёзнай спробай нармалізацыі сучаснай беларускай літаратурнай мовы стала “Беларуская граматыка для школ” Браніслава Тарашкевіча (1918), у якой удалося спалучыць фанетычны і марфалагічны прынцыпы напісання і фактычна сфармуляваць правілы беларускага правапісу, якія і забяспечвалі адзінства новай беларускай літаратурнай мовы.
Пазней сучасная беларуская літаратурная мова зведала некалькі зменаў правілаў правапісу: сумнавядомую рэформу 1933 года, што максімальна наблізіла беларускую мову да рускай; удакладненні і змены ў правапіс 1957-1959 гг., якія перадусім тычыліся запазычанай лексікі і набліжалі яе да беларускага гучання, але ў астатнім не моцна змянялі папярэднюю сістэму; а таксама змены ў правапіс, якія пачалі дзейнічаць у 2010 годзе і таксама не ўнеслі прынцыповых сістэмных зменаў у арфаграфію беларускай мовы, развязаўшы пры гэтым некаторыя заблытаныя і цьмяныя моманты.
Чаму спатрэбілася ўносіць змены ў правілы беларускага правапісу, прынятыя ў 1957-1959 гг.? Па-першае, каб не было занадта вялікага разрыву паміж узусам (ужываннем) словаў і формаў і замацаванай літаратурнай нормай, якая вызначаецца спецыялістамі і заўсёды адстае ад узусу па аб’ектыўных прычынах: абнаўленне слоўнікавага складу мовы, з’яўленне новых запазычанняў, пашырэнне варыянтных формаў. Па-другое, у папярэднім зводзе правапісных нормаў былі пэўныя непаслядоўнасці і недакладнасці, а таксама вялікая колькасць выключэнняў, што таксама мелі патрэбу ў далейшай уніфікацыі. Такім чынам, можна сказаць, што некаторыя правапісныя нормы ўжо маральна састарэлі і сталі выглядаць анахранізмамі. У выніку ў 2008 годзе калектывам АН Беларусі была прадстаўлена новая рэдакцыя правілаў арфаграфіі і пунктуацыі, якая была зацверджаная і ўсупіла ў сілу ў 2010 годзе.
Асноўныя змены
- Правапіс галоснай о / а пасля і (ы) у канцы запазычаных словаў:
1957-59 О захоўваецца: трыо, адажыо, Эміліо
2010 О паводле правіла акання пераходзіць у а: трыа, адажыа, Эміліа (калі гэта мужчынская імя, аднак калі імя жаночае, то на канцы слова будзе пісацца я: Эмілія)
- Правапіс канцавых фармантаў -эль / -аль і -эр / -ар у словах іншамоўнага паходжання:
1957-59 -Эль і -эр захоўваюцца: шніцэль, фламастэр, карцэр.
2010 У выніку дзеяння правіла акання -эль і -эр не пад націскам пераходзяць у -аль і -ар: шніцаль, фламастар, карцар. Выключэнні складаюць уласныя імёны: Одэр, Пітэр, Гендэль, Вісландэр.
- Правапіс галосных е / э на канцы нязменных запазычанняў:
1957-59 Пасля зычных у канцы нязменных запазычанняў звычайна пісалася е: купе, кашне, галіфе, шымпанзе
2010 На канцы слова пад націскам пішацца э: купэ, кашнэ, галіфэ, шымпанзэ. Выключэнне складаюць словы, у якіх пасля зычных л, к пішацца е: піке, філе.
- Правапіс е / э ў сярэдзіне запазычаных словаў:
1957-59 Часцей за ўсё пісалася літара е (непасядоўна), але часам дапускаліся і варыянты: экземпляр, сервіс і сэрвіс, тунель і тунэль
2010 У запазычаных словах пасля губных зычных і с, з, н згодна з вымаўленнем пішацца э: капэла, экзэмпляр, сэрвіс, але секс, энергія.
- Перадача якання ў лічэбніках:
1957-59 Лічэбнікі дзевяты, дзесяты, семнаццаты, васемнаццаты з’яўляліся выключэннем, бо яканне на іх не распаўсюджвалася і захоўвалася е.
2010 У пераднаціскным складзе ў лічэбніках адбываецца яканне паводле агульнага правіла: дзявяты, дзясяты, сямнаццаць, васямнаццаць, пяцьдзясят, пяцідзясяты, сямідзясяты (але семдзесят), васьмідзясяты (але восемдзесят).
Заданне
УВАГА! Каб пабачыць правільныя адказы, вылучыце курсорам вобласць побач з зорачкай!
Перакладзіце на беларускую мову:
- Юпитер – *Юпітэр
- Шпатель – *шпаталь
- Ватерлоо – *Ватэрлоа
- Постер – *постар
- Энергия – *энергія
- Семьдесят – * семдзесят
- Сексуальный – *сексуальны
- Коммюнике – *камюніке
- Антонио – *Антоніа
- Пятьдесят – *пяцьдзясят
- Радио – *радыё
- Восемьдесят – *восемдзесят
- Грейдер – *грэйдар
- Экземпляр – *экзэмпляр
- Душанбе – *Душанбэ
- Майонез – *маянэз
- Восемнадцать – *васямнаццаць
- Онтарио – *Антарыа
- Резюме – *рэзюмэ
- Лидер – *лідар
- Восьмидесятый – *васьмідзясяты
- Кашне – *кашнэ
- Панель – *панэль
- Токио – *Токіа
- Семидесятый – *сямідзясяты
- Серджио – *Серджыа
- Компьютер – *кампутар, камп’ютар