Шляхта
![]() |
СПАМПУЙЦЕ РАЗДАТКУ Ў WORD |
ШЛЯХТА — зборная назва ваярскага саслоўя Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай, якая стала ўвайшла ў мову ў XVI стагоддзі. З пэўным нацягам і без уліка нацыянальных асаблівасцяў з’яўляецца сінанімічнай паняццям “арыстакратыя” і “дваранства”. Шляхта Мазырскага павета адрознівалася асаблівым норавам.
ШЛЯХЕЦКІ — прыналежны да шляхты, той, які з’яўляецца часткай або праявай аднаго з бакоў культуры шляхты. Шляхецкая шабля ды кунтушны пас – важныя праявы культуры Рэчы Паспалітай у XVIII ст.
ШЛЯХЕТНЫ — вытанчаны, густоўны, высокародны паводле формы. Яго мова здавалася асабліва шляхетнай на фоне простай гаворкі цесляроў.
РЫЦЭРСТВА — 1. зборная назва рыцарскай ці старадаўняй вайсковай супольнасці. Для здзяйснення такіх смелых планаў яму спатрэбілася б падтрымка ўсяго тамтэйшага рыцэрства. 2. факт прыналежнасці да рыцарскага саслоўя. Больш за ўсё ў свеце ён ганарыўся сваім, падараваным за вайсковыя подзвігі, рыцэрствам.
ШЛЯХЕЦТВА — факт прыналежнасці да шляхецкага саслоўя, аналаг Рыцэрства ў значэнні 2. Шляхецтва было атрымана яшчэ прапрадзедам пана Леваневіча за ўдзел у Грунвальдскай бітве.
ШЛЯХЦІЧ — чалавек мужчынскага полу, прыналежны да шляхецкага саслоўя. Цяжка было разгледзець шляхціча ў гэтым здзічэлым чалавеку.
ШЛЯХЦІЦ — польская форма назоўніка Шляхціч. Няма нічога дзіўнага ў тым, што кніга носіць назву “Шляхціц Завальня”, бо напісана яна была панам Баршчэўскім на польскай мове.
ШЛЯХЦЮК — жартаўліва-зневажальная, размоўная форма назоўніка Шляхціч. Нягледзячы на гул абурэння, нахабны шляхцюк стаў пасярод залы і запатрабаваў слова.
ПАН — форма звароту да мужчыны шляхецкай годнасці, а таксама форма называння такога мужчыны ў 3-й асобе. “Найшаноўны пан Алесь, праходзьце хутчэй, пан Бельскі ўжо тут!” – гучна прамовіў стараста.
ПАНІ — форма звароту да замужняй жанчыны шляхецкай годнасці, а таксама форма называння такой жанчыны ў 3-й асобе. На парозе з’явілася, уся збялелая, пані Дамброўская.
ПАННА — форма звароту да дзяўчынкі ці незамужняй дзяўчыны шляхецкай годнасці, а таксама форма называння яе ў 3-й асобе. “Дзе мая маленькая панна Людвіка?” – з парогу загудзеў стары ўлан.
ДЗЯДЗЬКА — 1. форма звароту да мужчыны без шляхецкай годнасці, а таксама форма называння такога мужчыны ў 3-й асобе. “Дзядзька Піліп, памажы дзядзьку Рыгору коней завесці” – мякка загадаў харунжы. 2. форма звароту да старэйшага чалавека нават і шляхецкай годнасці з моцным эмацыянальным адценнем блізкасці. “Пане Хаменскі, дзядзька Антоній, прабач ты мяне, дурня!” – са слязьмі ў вачах выдыхнуў малады Каменскі.