Качай-балота
СПАМПУЙЦЕ ПРЭЗЕНТАЦЫЮ POWER POINT
СПАМПУЙЦЕ ТЭОРЫЮ І ЗАДАННІ Ў WORD
СПАМПУЙЦЕ РАЗДАТКУ Ў WORD
Кацігарошак, балігалоў, дзяржыдрэва, Качай-балота – што абазначаюць гэтыя словы і як іх правільна пісаць?
У нашай мове вылучаецца цэлы шэраг складаных словаў, якія маюць 2 ці нават болей асноваў. Адна з такіх катэгорый — гэта словы, першая частка якіх — форма загаднага ладу дзеяслова на і/ы, а другая – назоўнік. Такіх словаў у мове няшмат, але ўсе яны маюць ярка выражаную эмацыйную афарбоўку і з’яўляюцца метафарамі. Вельмі часта гэта характарыстыкі людзей паводле іх якасцяў: напрыклад, прайдзісвет — махляр, пранырлівы, хітры чалавек; сарвігалава – адчайны чалавек; дзяржыморда — чалавек з груба-паліцэйскімі схільнасцямі, салдафон (паводле прозвішча аднаго з герояў камедыі Гогаля “Рэвізор”).
Цікава, што назоўнікі, створаныя паводле такой мадэлі, служаць таксама назвамі некаторых раслін. Дзяржыдрэва – калючы кустарнік сямейства крушынавых, балігалоў — травяністая атрутная расліна сямейства парасонавых, якая вызначаецца рэзкім пахам.
Складаныя назоўнікі з першай асновай у форме загаднага ладу дзеяслова таксама могуць быць уласнымі назвамі: прозвішча Пілінога, мянушка казачнага героя, асілка Кацігарошак. А на карце Гомельскай вобласці да 1962 года можна было знайсці населены пункт пад назвай Качай-балота, які пазней быў перайменаваны ў аграгарадок Рассвет.
Звычайна складаныя словы такога кшталту пішуцца разам: балігалоў, сарвігалава. Але з гэтага правіла ёсць выключэнні. Трэба запомніць, што назоўнікі перакаці-поле, узвей-вецер/ гуляй-вецер і Качай-балота традыцыйна будуць пісацца праз злучок.
Заданне
УВАГА! Каб пабачыць правільныя адказы, вылучыце курсорам вобласць побач з зорачкай!
Напішыце разам ці праз злучок і патлумачце, што азначае гэтае слова:
- Узвей…вецер – *узвей-вецер (пустадомак, ветраны чалавек)
- Круці…галоўка – *круцігалоўка (маленькая птушачка сямейства дзятлавых, рус. вертишейка, вертиголовка)
- Перакаці…поле – *перакаці-поле (1. стэпавая і пустынная травяністая або паўкустарнікавая расліна, якая пры саспяванні адрываецца ад кораня і перакотваецца ветрам; вапнаўка. 2. Чалавек без роду без племені або той, хто часта мяняе месца жыхарства ці працу.
- Балі…галоў – *балігалоў (двухгадовая травяністая атрутная расліна сямейства парасонавых, якая вызначаецца рэзкім пахам)
- Вярні…дуб – *Вярнідуб (казачны асілак, сябар і памочнік Кацігарошка)
- Гуляй…поле – *Гуляйполе (горад у Запарожскай вобласці Украіны)
- Гуляй…вецер – *гуляй-вецер (= узвей-вецер, пустадомак, ветраны чалавек)
- Вярні…гара – *Вярнігара (казачны асілак, сябар і памочнік Кацігарошка)
- Гары…цвет – *гарыцвет (= адоніс, лекавая расліна)