Загадны лад (працяг)
СПАМПУЙЦЕ ПРЭЗЕНТАЦЫЮ POWER POINT
СПАМПУЙЦЕ ТЭОРЫЮ І ЗАДАННІ Ў WORD
СПАМПУЙЦЕ РАЗДАТКУ Ў WORD
Загадны лад дзеяслова служыць не толькі для выражэння загаду, але і для іншых формаў пабуджэння: просьбы, пажадання, закліку.
Формы 1 асобы множнага ліку загаднага ладу (формы сумеснага дзеяння):
- могуць утвараюцца пры дапамозе канчатка –эм / -ем, які далучаецца да асновы цяперашнаяга часу дзеясловаў, што ў 1 асобе маюць націск на канчатку: жыву – жывем, цягну – цягне́м, валаку – валачэ́м, пяку – пячэ́м (з чаргаваннем г і к);
- могуць супадаць з формамі цяперашняга або будучага часу: скончым, заспяваем, бяжым, спім;
- могуць утварацца ад формаў загаднага ладу 2 асобы адзіночнага ліку на зычны або j пры дапамозе канчатка –ма: будзьма, чытайма, рэжма (доўгі час не лічыліся літаратурнымі, але цяпер вяртаюцца ў актыўны ўжытак). Дарэчы, пры ўтварэнні формаў на -ма ад дзеясловаў біць, піць, ліць да асновы дадаецца й: бійма, пійма, лійма.
- Могуць утвараць складаную форму шляхам спалучэння часцінкі давай (давайце) з інфінітывам (незакончанае трыванне): давай шыць, давайце працаваць; і з формай 1 асобы множнага ліку (закончанае трыванне): давай сходзім, давайце напішам.
- Складаная форма таксама можа ўтварацца пры дапамозе спалучэння дзеяслова хадзем з інфінітывам: хадзем есці, хадзем гуляць.
Такім чынам, трэба адрознiваць канчаткi дзеясловаў 1-ай множнага лiку абвеснага i загаднага ладу: бяром, жывём, нясём – абвесны лад; бярэ́м, жыве́м, нясе́м – загадны лад.
Формы 3 асобы адзіночнага і множнага ліку загаднага ладу ўтвараюцца пры дапамозе часцінкі няхай (хай) і дзеяслова 3 асобы адзіночнага ці множнага ліку незакончанага і закончанага трывання: няхай робіць, хай адпачывае, няхай ідуць, хай патэлефануюць.
Формы загаднага ладу не ўтвараюцца ад дзеясловаў:
- магчы, хацець, балець ;
- каштаваць, важыць, значыць (немэтанакіраванае дзеянне або стан);
- парыць, дажджыць, халадаць (безасабовыя дзеясловы).
Заданне
УВАГА! Каб пабачыць правільныя адказы, вылучыце курсорам вобласць побач з зорачкай!
Утварыце магчымыя формы сумеснага дзеяння і 3 асобы адзіночнага і множнага ліку загаднага ладу:
- Кінуць – *кінем, кіньма, давай кінем, (ня)хай кіне, (ня)хай кінуць
- Пячы – *пячэм, давай пячы,(ня)хай пячэ, (ня)хай пякуць
- Віць – *уе́м / віе́м, війма, давай віць, (ня)хай уе́/віе́, (ня)хай уюць, (ня)хай віюць
- Смяяцца – *смяемся, давайце смяяцца, (ня)хай смяецца, (ня)хай смяюцца
- Хацець – *не утварае
- Сесці – *сядзем, сядзьма, давай сядзем, (ня)хай сядзе, (ня)хай сядуць
- Несці – *нясем, давай несці, (ня)хай нясе, (ня)хай нясуць
- Адпачываць – *адпачываем, адпачывайма, давай адпачываць, (ня)хай адпачывае, (ня)хай адпачываюць
- Грэбці – *грабем, давай грэбці, (ня)хай грабе, (ня)хай грабуць
- Піць – *п’ем, пійма, давай піць, (ня)хай п’е, (ня)хай п’юць
- Забраць – *забярэм, давай забяром, (ня)хай забярэ, (ня)хай забяруць
- Прывезці – *прывязем, давай прывязём, (ня)хай прывязе, (ня)хай прывязуць
- Зірнуць – *зірнем, давай зірнём, (ня)хай зірне, (ня)хай зірнуць
- Шыць – *шыем, шыйма, давай шыць, (ня)хай шые, (ня)хай шыюць
Пастаўце дзеясловы ў форме 1 асобы множнага ліку абвеснага ладу і загаднага ладу (простая форма):
- Плесці – *пляцём і пляцем
- Трэсці – *трасём і трасем
- Прыбраць – *прыбяром і прыбярэм
- Плысці – *плывём і плывем
- Перажыць – *перажывём і перажывем
- Брысці – *брыдзём і брыдзем