Вялікая і малая літары
![]() |
СПАМПУЙЦЕ ПРЭЗЕНТАЦЫЮ POWER POINT |
![]() |
СПАМПУЙЦЕ ТЭОРЫЮ І ЗАДАННІ Ў WORD |
![]() |
СПАМПУЙЦЕ РАЗДАТКУ Ў WORD |
З вялікай літары пішуцца:
- Уласныя імёны, імёны па бацьку, прозвішчы, псеўданімы, мянушкі, уласныя імёны міфічных істот:Дунін-Марцінкевіч, Цётка, Жучок, Радзівілы, Ніл Сымонавіч, Пярун, Геркулес, Фурыя.
Але калі яны ўжываюцца як агульныя назвы, то пішуцца з малой літары: пярун –– удар грому, іуда (юда) –– здраднік; тытан –– волат, фурыя –– злосная істота; донжуан – спакуснік жанчын, эскулап – лекар; браўнінг – зброя; ом – адзінка вымярэння электрычнага супраціўлення; гарлахвацкія, пісулькіны, тулягі – пагардлівыя назвы людзей з пэўнымі адмоўнымі якасцямі (паводле прозвішчаў літаратурных персанажаў).
- 2. Найменні найвышэйшых бостваў у рэлігійных культах, усе словы ў спалучэннях, якія змяшчаюць гэтыя назвы, а таксама прыметнікі, утвораныя ад словаБог: Госпад(Гасподзь), Алах, Усявышні, Святая Тройца, Бог Айцец, Бог Сын, Божы (Боскі) Сын, Царыца Нябесная, Божы (Боскі) суд.
Але з малой літары пішам слова бог з агульным значэннем боства ў спалучэнні з асабовай назвай або з назоўнікам з агульным значэннем у родным склоне (старажытны славянскі бог Пярун, бог сонца Дажбог, Сварог –– бог неба); у выклічніках, звязаных з выказваннем розных пачуццяў (бог яго ведае, дай божа, крый бог (божа), алах з ім); агульныя назвы ўяўных істот (архангел, фея, дамавік, лясун, русалка).
- Прыналежныя прыметнікі, утвораныя ад уласных імёнаў людзей і мянушак жывёл з суфіксамі-ев (-ёв-, -еў-), -ов (-ав, -аў-), -ін (-ын-) (Пецева кніга, Караткевічаў раман, Зосьчыны прыгоды, Марынін мёд), а таксама адносныя прыметнікі з суфіксам -ск-, утвораныя ад імён і прозвішчаў, псеўданімаў, калі такія прыметнікі ўваходзяць у склад назваў, сінанімічных назвам са словамі імя, памяці (Купалаўская прэмія (прэмія імя Янкі Купалы), Нобелеўская прэмія, Коласаўская стыпендыя).
Але з малой літары пішам прыметнікі, утвораныя ад асабовых назваў, якія ўжываюцца ў складзе фразеалагізмаў або ў складзе састаўных агульных назваў са значэннем адпаведнай адноснай прыкметы: эзопава мова, пірава перамога, купалаўскі верш, напалеонаўскія планы.
- Усе геаграфічныя назвы, уключна з назвамі напрамкаў свету ў пераносным значэнні, калі называюць адпаведныя групы краін або тэрыторыі, а таксама астранамічныя назвы: Свіцязь, Мікалаеўшчына, Буда-Кашалёва,Мінск-Мазавецкі, Валапас, Месяц, Злучаныя Штаты Амерыкі, Захад (краіны заходняй часткі Еўропы разам з ЗША).
Але з малой літары пішам агульныя родавыя назвы геаграфічных, астранамічных і іншых падобных аб’ектаў у складзе ўласных назваў (Афрыканскі кантынент, Атлантычны акіян, рака Вілія, возера Свіцязь, Белавежская пушча, зорка Венера, Лагойскі тракт, плошча Перамогі, Князь-возера), а таксама службовыя часткі ў складзе састаўных уласных геаграфічных найменняў (Франкфурт-на-Майне, Рыа-дэ-Жанэйра, Па-дэ-Кале).
- Аднаслоўныя ўласныя назвы і першае слова ў састаўных назвах знамянальных падзей і дат, перыядаў, эпох і святаў: Рэфармацыя,Крыжовыя паходы,Лядовае пабоішча, Крычаўскае паўстанне, Другая сусветная вайна; Новы год, Вялікдзень, Купалле, Ушэсце Гасподняе, Дзень беларускай навукі. Звярніце ўвагу, што ў назвах асноўных афіцыйных дзяржаўных святаў абодва словы пішуцца з вялікай літары: Дзень Канстытуцыі, Дзень Перамогі, Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь (Дзень Рэспублікі).
Але з малой літары пішам назвы родаў і відаў знамянальных падзей і дат, перыядаў і эпох, асобных гадоў, дзён і інш. (неаліт, эпоха феадалізму, залаты век); назвы масавых мерапрыемстваў, якія праводзяцца на сталай аснове (вечар адпачынку, дзень адчыненых дзвярэй); назвы гістарычных падзей, з’яў, грамадска-палітычных фармацый, гістарычных перыядаў, якія не ўспрымаюцца як уласныя назвы (крыжовыя паходы, грамадзянская вайна, каменны век).
- Усе словы ў найменнях вышэйшых органаў заканадаўчай, выканаўчай і судовай улады, а таксама некаторых міжнародных арганізацый:Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь,Вярхоўны Суд Рэспублікі Беларусь, Нацыянальны Кангрэс Злучаных Штатаў Амерыкі, Арганізацыя Аб’яднаных Нацый.
- Першае слова ў найменнях рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання і іншых арганізацый:Міністэрства эканомікі (Мінэканомікі),Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, Еўрапейскі саюз (Еўрасаюз); Дом культуры, Дом народнай творчасці, Палац спорту.
Але з малой літары пішам найменні аддзелаў і іншых падраздзяленняў навуковых і адукацыйных устаноў, а таксама словы тыпу калегія, вучоны савет, савет па абароне дысертацый, факультэт, аддзяленне, сектар, група: вучоны савет факультэта журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, савет па абароне дысертацый, кафедра беларускай мовы.
- Першае слова ў назвах асобаў па вышэйшых дзяржаўных і рэлігійных пасадах, а таксама назвы асобаў па вышэйшых дзяржаўных узнагародах (акрамя словакавалер): Прэм’ер-міністр Рэспублікі Беларусь, Генеральны пракурор Рэспублікі Беларусь, Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі, Герой Беларусі, кавалер ордэна Ганаровага Легіёна.
Але ў неафіцыйным ужыванні словы прэзідэнт, старшыня, кароль, імператар пішуцца з малой літары: візіт прэзідэнта, выступленне старшыні, прыём у караля, загад імператара.
- Усе словы ў назвах дзяржаўных і нацыянальных, ваенных ікультурных рэліквій і назвах ордэнаў і медалёў, акрамя саміх словаў медаль, ордэн і ступень (Крыж Еўфрасінні Полацкай, Курган Славы, Помнік Перамогі; ордэн Маці, ордэн Францыска Скарыны, ордэн Ганаровага Легіёна), а таксама першае слова ў назвах дзяржаўных сімвалаў, дзяржаўных і міжнародных прэмій, грамат, прызоў і інш. (Дзяржаўная прэмія Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь, Нобелеўская прэмія, Кубак свету).
- Аднаслоўныя ўласныя назвы і першае слова ў састаўных назвах важнейшых дзяржаўных і міжнародных дакументаў, пагадненняў, актаў:Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь,Закон Рэспублікі Беларусь «Аб адукацыі», Статут Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, Статут Вялікага Княства Літоўскага, Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека.
Заданне
УВАГА! Каб пабачыць правільныя адказы, вылучыце курсорам вобласць побач з зорачкай!
Малая ці вялікая літара?
- АЗОЙСКАЯ ЭРА – *азойская эра
- БЕРАСЦЯНАЯ ГРАМАТА – *берасцяная грамата
- БЛІЗКІ УСХОД – *Блізкі Усход
- ВЯРХОЎНЫ СУД РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ – *Вярхоўны Суд Рэспублікі Беларусь
- ВЕЧНЫ АГОНЬ – *Вечны агонь
- УСХОДНЯЕ ПАЎШАР’Е – *Усходняе паўшар’е
- СУСВЕТНЫ ДЗЕНЬ МОЛАДЗІ – *Сусветны дзень моладзі
- СУСВЕТНЫ САВЕТ МІРУ – *Сусветны Савет Міру
- ГЕРКУЛЕСАВЫ СЛУПЫ – *геркулесавы слупы, Геркулесавы слупы
- ПАЛАЦ ШЛЮБУ – *Палац шлюбу
- КАНСКІ КІНАФЕСТЫВАЛЬ – *Канскі кінафестываль
- КУБАК ЕЎРОПЫ ПА ЛЁГКАЙ АТЛЕТЫЦЫ – *Кубак Еўропы па лёгкай атлетыцы
- КУРГАН СЛАВЫ – *Курган Славы
- МЕДАЛЬ “ЗА ПРАЦОЎНЫЯ ЗАСЛУГІ” – *медаль “За працоўныя заслугі”
- НОБЕЛЕЎСКАЯ ПРЭМІЯ – *Нобелеўская прэмія
- РАННІ НЕАЛІТ – *ранні неаліт
- ПАЎНОЧНАЯ ШЫРАТА – *паўночная шырата
- СТОГАДОВАЯ ВАЙНА – *Стогадовая вайна
- УЧАСТКОВАЯ ВЫБАРЧАЯ КАМІСІЯ – *участковая выбарчая камісія
- МІЖНАРОДНЫ КНІЖНЫ КІРМАШ – *Міжнародны кніжны кірмаш
- ПЕРШАЯ СУСВЕТНАЯ ВАЙНА – *Першая сусветная вайна
- СКАРЫНАВЫ ВЫДАННІ – *Скарынавы выданні
- ПРЫЁМ У КАРАЛЯ – *прыём у караля
- СІДАРАВА КАЗА – *сідарава каза, Сідарава каза
- ПРАСВЯТАЯ ТРОЙЦА – *Прасвятая Тройца
- БОСКАЯ ЛІТАСЦЬ – *Боская літасць
- БАБА-ЯГА – *баба-яга
- ДЗЕНЬ ВЕДАЎ – *Дзень ведаў
- НАРОДЫ ПОЎНАЧЫ – *народы Поўначы
- КРЫЙ БОЖА – *крый божа
- ПАЛЯРНАЯ ЗОРКА – *Палярная зорка
- ХЕРУВІМ – *херувім
- АЗІЯЦКА-ЦІХААКІЯНСКІ РЭГІЁН – *Азіяцка-Ціхаакіянскі рэгіён
- СТАРЫ СВЕТ – *Стары Свет
- МЫС ДОБРАЙ НАДЗЕІ – *мыс Добрай Надзеі
- ПАЛАЦ МАСТАЦТВАЎ – *Палац мастацтваў
- КАРАЛЕВА АБ’ЯДНАНАГА КАРАЛЕЎСТВА ВЯЛІКАБРЫТАНІІ І ПАЎНОЧНАЙ ІРЛАНДЫІ – *Каралева Аб’яднанага Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі
- УСЕАГУЛЬНАЯ ДЭКЛАРАЦЫЯ ПРАВОЎ ЧАЛАВЕКА – *Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека
- ДЗЕНЬ ПЕРАМОГІ – *Дзень Перамогі
- ВЯЛІКАЯ СУБОТА – *Вялікая субота
- КАРАЛЕЎСКІ КУБАК – *Каралеўскі кубак
- ОРДЭН ПАШАНЫ (почета) – *ордэн Пашаны
- СКАРЫНАЎСКІ ШРЫФТ – *скарынаўскі шрыфт