Свет і святы
![]() |
СПАМПУЙЦЕ ПРЭЗЕНТАЦЫЮ POWER POINT |
![]() |
СПАМПУЙЦЕ ТЭОРЫЮ І ЗАДАННІ Ў WORD |
![]() |
СПАМПУЙЦЕ РАЗДАТКУ Ў WORD |
Сёння мы пагаворым пра словы свет і святы. Свет у нашай мове – слова старажытнае, вядомае яшчэ з праславянскага перыяду, дзе яно мела спачатку значэнне ‘святло’, а пазней і ‘сусвет’. У сучасных славянскіх мовах слова шырока ўжывальнае, прычым у шэрагу з іх захаваліся абодва гэтыя асноўныя значэнні: укр. світ – ‘святло’ і ‘сусвет’; рус. свет – ‘святло’ і састар. ‘сусвет’ (пойти в широкий свет, что на свете делается). У іншых сучасных славянскіх мовах, уключна з нашай, страціла значэнне ‘святло’: польск. świat, чэшск. svět і інш. – ‘сусвет’. Дарэчы, гэтае слова мае паралелі і ў неславянскіх мовах – старажытна-індыйскай, авестыскай, літоўскай і інш.
Сёння свет – слова мнагазначнае. Па-першае, светам у нашай мове называюць Зямлю і ўсё, што на ёй. Са словам свет маем шмат устойлівых выразаў: Стары свет = Еўропа; Новы Свет = Амерыка; гэты свет = свет людзей, зямля; той свет = мёртвыя і пад. Трэба звярнуць увагу на тое, што свет – не поўны сінонім рускаму слову мир. І назву рамана Талстога “Война і мір” нельга перакласці як “Вайна і свет”, бо ў рамане вядзецца менавіта пра мір у значэнні не-вайна. У другім значэнні свет – гэта тое, што і сусвет, то бок наша і іншыя цывілізацыі. Трэцяе значэнне слова свет – чалавечае грамадаста, аб’яднанае пэўным грамадскім ладам: антычны свет, новы свет. Свет – гэта таксама асобная галіна жыцця, з’яваў, дзейнасці: жывёльны свет, духоўны свет, навуковы свет. Падобна, што роднасным да слова свет з’яўляецца слова святло – прамяністая энергія, якая робіць навакольны свет бачным, не-цемра ў шырокім сэнсе слова. Сярод словаў, якія выйшлі з аднаго кораня, узгадаем светлы, святлець, асвятляць, свечка, світанне / світанак і інш. Трэба запомніць, што ў складаных словах, утвораных ад назоўніка святло, каранёвая галосная я ў першай частцы пішацца нязменна: святло- / святла- (святлафор, святлацень). Аднак калі першая частка слова ўтворана ад прыметніка светлы, то ў ёй будзе захоўвацца е: светлавалосы, светласкуры.
Слова свята сугучнае слову свет. Лічыцца, што ў нашу мову яно магло прыйсці з польскай. Праўдападобна, што яно звязана са словам святы́. То бок, свята – гэта святы дзень, дзень, які адзначаецца царквой або грамадствам традыцыйна ў гонар нейкага святога або падзеі. Гэта таксама выходны, непрацоўны дзень. Але калі ў рускім слове праздник падкрэсліваецца менавіта яго значэнне ‘праздность, нічоганерабленне’, то ў нашай мове матывацыяй слова свята, праўдападобна, служыць менавіта святасць. Ну і тут мы можам узгадаць цэлы шэраг роднасных словаў: святар (святары), святыня, асвячаць, святцы. Звярніце ўвагу на тое, што ў гэтых словах маем не яканне (як у выпадку са словам светлы), а этымалагічнае нязменнае я, якое пішацца незалежна ад націску.
УВАГА! Каб пабачыць правільныя адказы, вылучыце курсорам вобласць побач з зорачкай!
Падбярыце эквіваленты са словам свет да наступных словаў/выразаў:
- Памерці – *пайсці на той свет
- Нарадзіцца – *прыйсці на свет
- Загубіць – *зжыць са свету
- Апублікаваць – *выйсці ў свет
- Быць апублікаваным – *пабачыць свет
- Пайсці, куды вочы глядзяць– *пайсці ў свет
- Адусюль – *з усяго свету
- Нешта даўно вядомае – *старое як свет
- Далёка (знаходзіцца) – *не блізкі свет
- Далёка (пайсці) – *на край свету
Перакладзіце на беларускую мову:
- Светать – *світаць, развідняцца, днець, днецца
- Светлейший (тытул) – *найяснейшы, яснавяльможны, найсвятлейшы
- Светлячок – *святляк, светлячок
- Световой – *светлавы
- Светоизмеритель – *святловымяральнік
- Светлоглазый – *светлавокі
- Светомузыка – *святламузыка
- Светоизлучение – *святловыпраменьванне
- Святить – *асвячаць
- Святотатец – *святататнік
- Миропонимание – *светаразуменне
- Зверобой – *святаяннік
Аднавіце прыказкі і прымаўкі:
- Баба з калёс – *Баба з калёс — каню свята.
- Прыйдзе, тата,… – *Прыйдзе, тата, і наша свята.
- Для вар’ята… – *Для вар’ята няма свята.
- … — той сарочкі латае – *Хто свята пытае, той сарочкі латае.
- Аддам на … – *Аддам на святы Адам.
- …, ні чорту галавешка – *Ні Богу свечка, ні чорту галавешка.
- Як Бог дапусціць, то і … – *Як Бог дапусціць, то і святыя не абароняць