Нанова!
На адкрыццё курсаў “Мова Нанова”
Немінуча,
Гаюча,
Нанова
Раскрываецца шчырае слова.
Мова маці –
Крыніца святая –
Да вытокаў
Намеры вяртае.
Як высокія мроі,
Аблокі
Думкі неба
Ратуюць ад спёкі.
Мы на гэтым свеце
Павінны
Гадаваць мову
Роднай Айчыны.
13.I.2014
* * *
Дзед, як дзіця.
Хаця…
12.VII.2013
* * *
Ратуй узятых на смерць і няўжо
адрачэшся ад вырачаных на згубу?
Прыпавесці Саламона 24:11
Узятыя на смерць павінны жыць.
Яны прыйшлі ў жыццё,
Каб цемра знікла.
Каб д’яблавы ашчэраныя іклы,
За ганьбу помсцячы,
Ушчэнт скрышыць.
Дай моцы духу
Ратнікам святла.
Рашучыя не могуць быць рабамі.
Хай здрайцы ў дол пакоры
Б’юць ілбамі,
Трывацьме непахіснасці скала.
Не памірае праведная кроў,
Яна ў вяках
Не ведае сутрыму.
Злу непадлеглую сваю Радзіму
Світальна
Бачаць вочы ваяроў!..
2.І.2011
* * *
Ростань смагла прыкута да болю.
Роспач сноў
Прачынаецца ў страце.
Сустракаемся мы з табою,
Быццам стрэлкі на цыферблаце…
12.IV.2012
* * *
Ці гэта я,
Ці толькі цень мой пудкі
З дазволу неба
Затрымаўся тут.
Сачыўся час
Няспынна
Суткі ў суткі.
Ахвотна маладзеў
Бацькоўскі кут.
Калі прыйду туды,
Дзе нічагуткі
Таго, што тут,
Згадаю,
Як з пакут
Сачыўся час
Няспынна
Суткі ў суткі.
Ахвотна маладзеў
Бацькоўскі кут…
5.VII.2013
Шляхам бульбы
Паспела бульба-спешка
І агарнула спешка
Ашчадна выкапаць і звезці,
У кіпні выкупаць і з’есці.
На плечы ўзяць хатуль бы
І рушыць шляхам бульбы.
Старацца ў гэтым жыць
Жыцці,
Дзе ні пасадзяць –
Узысці!
14.ІХ.2013
* * *
Спартанцы збiралiся на вайну –
Вайстрылi мечы,
Прымервалi латы.
З уciмi стаў у шарэнгу адну
Спартанец нягеглы,
Падслепаваты.
– Куды ты, нашто ты
Такi на вайне? –
Спытаўся нехта.
Нябога прызнаўся:
– Як iншай карысцi няма –
Аб мяне
Варожы затупiцца меч
Прынамсі…
I ў днi,
Калi душы падпальвае змрок,
Калi цяжарнее
Жахам калоссе,
Прымаюць смерць
I паэт, i прарок,
Каб меней
У ворага куль засталося!
27.09.98
УВАГА!
49 кніг Рыгора Барадуліна ў электронным варыянце ГЛЯДЗІЦЕ ТУТ
Іншыя паасобныя вершы паэта ЧЫТАЙЦЕ ТУТ