Нормы вымаўлення
СПАМПУЙЦЕ ПРЭЗЕНТАЦЫЮ POWER POINT
СПАМПУЙЦЕ ТЭОРЫЮ І ЗАДАННІ Ў WORD
Іншая назва – арфаэпічныя нормы. У беларускай, як і ў іншых мовах, існуюць абавязковыя для ўсіх правілы вымаўлення. Прычым у нашай мове ў большасці сваёй вымаўленне супадае з напісаннем, паколькі асноўны прынцып правапісу – фанетычны. Пры гэтым не рэдкія выпадкі, калі напісанне базуецца на марфалагічным ці гістарычным прынцыпе і ў сувязі з гэтым не супадае з вымаўленнем. Акрамя таго, трэба адзначыць наяўнасць у некаторых выпадках варыянтнага вымаўлення: гурок і агурок, аржаны і іржаны, даімчаць – дамчаць.
Парушэнне нормаў вымаўлення ў беларускай мове адбываецца па 3-х асноўных прычынах:
- пад уплывам дыялектаў;
- пад уплывам рускай мовы ва ўмовах руска-беларускай інтэрферэнцыі;
- пад уплывам марфалагічнага прынцыпу правапісу.
1. Уплыў дыялектаў:
- оканне (голова, сено) у палескіх гаворках;
- іканне, еканне (цебе, міне);
- мяккі р (ріба, бярёза) у паўночна-ўсходніх гаворках;
- адсутнасць падаўжэння (вяселе) у гродзенскіх гаворках
і інш.
2. Уплыў рускай мовы:
- Для нашай мовы характэрнае поўнае аканне, пры якім а вымаўляецца аднолькава выразна і пад націскам, і ў ненаціскной пазіцыі: галава, малако, ганаровы. Пад уплывам жа рускай мовы адбываецца скарачэнне гучання ненаціскнога а (рэдукцыя): галава, малако, ганаровы.
- Замест якання ў першым складзе перад націскам (сяляне, мясны, зямля), а таксама каранёвага я (пяцёрка, пяцярня) вымаўляецца і, як у рускай мове: місны, зімля, піцёрка, піцірня. Ускосным вынікам уплыву рускай мовы можна лічыць так званую гіперкарэктнасць, калі моўца, наўмысны адштурхоўваючыся ад рускай мовы, імкнецца ў тым выпадку, калі беларуская і руская формы супадаюць, выкарыстоўваць адрозныя ад рускай беларускія формы, нават калі яны супярэчаць правілам. З’явай гіперкарэктнасці можна патлумачыць захоўванне якання ў іншым, чым першы склад перад націскам, а таксама ў запазычаных словах і пасля г, к, х: сяляні́н замест селянін, зялянава́ты замест зеленаваты, кяфі́р замет кефір, ляге́нда замест легенда.
- Вымаўленне мяккага ч замест цвёрдага.
- Адсутнасць дзекання і цекання. Вымаўленне дж як доўгага жж (дажжы).
- Вымаўленне г выбухнога на месцы г фрыкатыўнага: г’осць замест госць, г’эты замест гэты. Але тут варта памятаць, што ў нашай мове ёсць запазычанні, у якіх захоўваецца менавіта выбухны г: гузік, ганак, гонта, нягеглы, газа, швагер, гвалт, гарнец. Аднак паколькі апошнім часам назіраецца тэндэнцыя да замены выбухного г фрыкатыўным, такое вымаўленне можна лічыць варыянтным.
3. Уплыў правапісу:
- Яканне, у парушэнне арфаэпічнай нормы, не вымаўляецца ў прыназоўніках і часціцах (без волі замест бяз во́лі, не трэба замест ня трэ́ба).
- Замест правільнага міністар, літар, метар (на ўзор словаў дзёран, свіран) вымаўляецца міністр, літр, метр у адпаведнасці з з напісннем.
- Асіміляцыйная мяккасць памылкова не перадаецца, паколькі не адлюстроўваецца на пісьме: вымаўляецца снег замест сьнег, звінець замест зьвінець.
- Вымаўленне націскнога і ў пачатку слова, пасля слова на галосны або пасля апострафа ці мяккага знака без прыстаўнога й: іх замест правільнага йіх, за імі замест за йімі, іней замест йіней (але калі папярэдняе слова заканчваецца на зычны, акрамя г, к, х, і будзе вымаўляцца як ы – з ымі). Дарэчы, прыстаўны й, паводле правілаў вымаўлення, звычайна не ўзнікае перад прыстаўным і (іржа, ільгота), перад ненаціскным і звычайна ў запазычаных словах, а часам і ў словах славянскага паходжання (інтарэс, інагурацыя, ігольчаты).
- Прыпадабненне свісцячых да шыпячых. Трэба вымаўляць не на лыжцы, а на лысцы, не на дошцы, а на досцы, не бесчалавечны, а бешчалавечны. І наадварот, прыпадабненне шыпячых да свісцячых: зваротныя дзеясловы павінны вымаўляцца з мяккім доўгім сьс: мыесься (не мыешся), вітаесься (не вітаешся), змагаесься (не змагаешся).
- Нарматыўным лічыцца спрашчэнне груп зычных (выпадзенне аднаго зычнага) пры вымаўленні ў наступных выпадках: белавескі замест белавежскі, парыскі замест парыжскі, брэскі замест брэсцкі, каўкаскі замест каўказскі.
- Вымаўленне спалучэнняў дц, тц, чц замест доўгага цц: у лоццы (не ў лодцы), у вопраццы (не ў вопратцы).
- Вымаўленне спалучэння здж як ждж: ежджу (не езджу), баржджэй (не барзджэй).
Больш падрабязна пра вымаўленне і правапіс спалучэнняў зычных гл. урок 50 “Музей”.
Заданне
УВАГА! Каб пабачыць правільныя адказы, вылучыце курсорам вобласць побач з зорачкай!
Вымавіце правільна наступныя словы:
У рэчцы – *у рэццы
Нарэшце – *нарэсьце
Праезджы – *праежджы
Расчасаць – *рашчасаць
Гаагскі – *гааскі
На сцежцы – *на сцесцы
Растлумачце – *растлумацьце
Вогненыя іскры – *вогненыя йіскры
Без смеху – *бясь сьмеху
Латышскі – *латыскі
Дачцэ – *даццэ
Радуешся – *радуесься
Раз’езджаны – *раз’ежджаны
Без шанцаў – *бяш шанцаў
З чым – *ш чым
Сілезскі – *сілескі
Як маешся? – *Як маесься?
Пры дарожцы – *пры даросцы
Пагодзішся – *пагодзісься
Звер – *зьвер
Гонта – *г’онта і гонта
Сястра і брат – *сястра й брат
Пражскі – *праскі
Усчаць – *ушчаць
Нясвіжскі – *нясвіскі