Словаўтваральныя нормы
СПАМПУЙЦЕ ПРЭЗЕНТАЦЫЮ POWER POINT
СПАМПУЙЦЕ ТЭОРЫЮ І ЗАДАННІ Ў WORD
Кожная мова мае свае прадуктыўныя словаўтваральныя мадэлі, веданне якіх забяспечвае правільнасць маўлення. У нашай мове асноўнай прычынай парушэння словаўтваральных нормаў з’яўляецца ўплыў рускай мовы спачатку ў выніку афіцыйнай русіфікацыі 30-80-х гадоў, а сёння ў першую чаргу па прычыне інтэрферэнцыі ва ўмовах беларуска-рускага двухмоўя.
Выпадкі парушэння словаўтваральных нормаў:
1. Пашыранае ўжыванне назоўнікаў з не ўласцівым для нашай мовы суфіксам –цель-, які мае стараславянскае паходжанне і быў запазычаны рускай мовай, адкуль патрапіў і да нас:
не выхавацель – выхаваўца
не вадзіцель – кіроўца
не выключацель – выключальнік
не адправіцель – адпраўнік/ адпраўшчык
2. Назоўнікі з суфіксам –онак- (-ёнак-) у назвах маладых істот на месцы натуральнага для нас суфікса –ан- (-ян-):
не кацёнак – кацяня
не гусёнак – гусяня
У афіцыйнай мове замацаваліся такія русізмы-саветызмы, што парушаюць норму, як акцябронак, а таксама зубронак і арлёнак у назвах дзіцячых лагераў.
У множным ліку часта гэтыя назоўнікі памылкова ўжываюцца з суфіксам –ат- на месцы нашага суфікса –янят- (-анят-):
не кацяты – кацяняты
не гусяты — гусяняты
3. Ужыванне назоўнікаў жаночага роду з суфіксам –ш- кшталту дырэктарша, сакратарша, доктарша. У нашай мове яму адпавядае суфікс –к-, калі гаворка ідзе пра род дзейнасці ці прафесію жанчыны: дырэктарка, сакратарка, доктарка. Калі ж гаворка ідзе пра жонку чалавека, што з’яўляецца, напрыклад, дырэктарам, генералам або брыгадзірам, ужываецца суфікс –іх- (-ых-): дырэктарыха, генераліха, брыгадзірыха. Параўнай з Лявоніха – жонка Лявона.
4. Утварэнне прыналежных прыметнікаў жаночага роду з суфіксам –ав-/-ев- замест правільных –ін- (-ын-):
не цёткавы – цётчыны
не маткавы — матчыны
не Аленкавы – Аленчыны
не Галевы — Галіны
І наадварот, няправільнае ўжыванне прыналежных прыметнікаў мужчынскага роду з суфіксам –ін- (-ын-) замест патрэбнага –аў-/-еў-:
не бацькін – бацькаў
не дзядулін – дзядулеў
не Валодзін – Валодзеў
5. Пашыранае ўжыванне прыметнікаў лацінскага паходжання на –тыўны замест больш уласцівага нашай мове –цыйны:
не адміністратыўны – адміністрацыйны
не дэдуктыўны – дэдукцыйны
не меліяратыўны – меліярацыйны
6. Ужыванне дзеясловаў з суфіксам –ірава- (-ырава-), нямецкім па паходжанні, які патрапіў да нас праз рускую мову:
не прагназіраваць – прагназаваць
не аналізіраваць – аналізаваць
не іранізіраваць – іранізаваць
Аднак у шэрагу выпадкаў можа ўзнікаць непажаданая аманімія паміж словамі з суфіксам –ірава- і без яго: апаніраваць і апанаваць, буксіраваць і буксаваць, паніраваць і панаваць, а таксама ў вытворных ад іх назоўніках: суміраванне і сумаванне, маскіроўка і маскоўка. У такіх выпадках, згодна з правіламі сучаснага правапісу, трэба ўжываць словы з –ірава-. Аднак з’ява аманіміі ў прынцыпе не рэдкая і мове і ў большасці выпадкаў значэнне слова можа быць зразумелае з кантэксту:
Машыну буксавалі на тросе і Машына буксавала.
7. Прыметнікі з суфіксам –іяльн-/-янальн-, на месцы якіх варта ўжываць натуральныя для нас суфіксы –н- і –ав-:
не эмацыянальны – эмацыйны
не кантэкстуальны – кантэкстны ці кантэкставы
не тэкстуальны – тэкставы
8. Ужыванне дзеепрыметнікаў з суфіксамі -уч- (-юч-), -ач- (-яч-), –эм- (-ем-), -ім- (-ым-), неўласцівых нашай мове: чытаючы, нержавеючы, кампенсуемы. Сярод асноўных спосабаў замены нетыповых для нашай мовы дзеепрыметнікаў (пры перакладзе з рускай мовы):
- замена дзеепрыметнікамі прошлага часу: рэкамендаваны (не рэкамендуемы);
- замена даданым сказам: які гаворыць (не гаворачы);
- замена прыметнікам: існы (не існуючы);
- замена назоўнікам: у квецені (не цвятучы) і г.д.
Аднак трэба таксама адзначыць, што некаторыя дзеепрыметнікі цяперашняга часу, страціўшы трыванне, стан і час, набылі якаснае значэнне і перайшлі ў прыметнікі: вучоны, любімы, невядомы, гаючы, неўміручы. У такім выпадку ніякіх абмежаванняў у іх ўжыванні няма.
Заданне
УВАГА! Каб пабачыць правільныя адказы, вылучыце курсорам вобласць побач з зорачкай!
Перакладзіце на беларускую мову:
Сочувствующий – *спачувальнік
Угрожающий – *пагрозлівы
Скользящий – *слізготны
Говорящий – *моўца
Выступающий – *выступоўца
Работящий – *працавіты
Выразитель – *выразнік
Метатель – *кідальнік
Рачитель – *руплівец
Заполнитель – *запаўняльнік
Теплоноситель – *цепланосьбіт
Властитель – *валадар
Лисёнок – *лісяня/ лісянё/лісянятка
Ежонок – *важаня/важанё/важанятка/важычаня/важычанё
Зубрята – *зубраняты
Бельчата – *ваверчаняты
Львята – *ільвяняты
Волчата – *ваўчаняты
Голубята – *галубяняты
Папин – *татаў
Бабушкин – *бабулін
Дядин – *дзядзькаў
Васин – *Васеў
Иллюстративный – *ілюстрацыйны
Интуитивный – *інтуіцыйны
Почтальонша – *паштальёнка
Маникюрша – *манікюрка
Поэтесса – *паэтка (паэтэса)
Лекторша – *лектарка
Тиражировать – *тыражаваць
Перефразировать – *перафразаваць
Профилировать – *прафіляваць
Паразитировать — *паразітаваць
Глядзі таксама заняткі № 39