![]() |
СПАМПУЙЦЕ ПРЭЗЕНТАЦЫЮ POWER POINT |
![]() |
СПАМПУЙЦЕ ТЭОРЫЮ І ЗАДАННІ Ў WORD |
![]() |
СПАМПУЙЦЕ РАЗДАТКУ Ў WORD |
Націск у нашай мове не фіксаваны, як, напрыклад, у польскай ці французскай, то бок можа падаць на любы склад у слове, а таксама рухомы, гэта значыць, мяняе месца ў залежнасці ад формы слова (галава́ але гало́вы, ру́кі але рукі́). У мове існуе цэлы шэраг акцэнталагічных варыянтаў. Прычым некаторыя з іх не парушаюць нормы і фіксуюцца слоўнікамі: ра́ніцай – раніцо́й, на́нава – нано́ва, нада́лей – надале́й, гайда́ць – го́йдаць. Ёсць выпадакі, у якіх ад месца націску залежыць значэнне слова: му́ка – мука́, бу́йны – буйны́, ва́раны – вараны́, па́ліца – палі́ца, ка́ра – кара́. Аднак вялікая частка ацэнталагічных варыянтаў з’яўляецца парушэннем нормы: мага́зін, крапі́ва, нясці́. Такія парушэнні поруч з парушэннямі вымаўлення бадай што найбольш прыцягваюць увагу і рэжуць вуха.
Звычайна памылкі ў пастаноўцы націску абумоўленыя наступнымі фактарамі:
- Уплыў дыялектаў: дзі́цятка замест дзіця́тка, жні́ва замест жніво́, вы́сака замест высо́ка, да́лека замест далёка, глы́бака замест глыбо́ка. Прычым вельмі часта дыялектныя акцэнталагічныя варыянты сустракаюцца ў мове мастацкай літаратуры.
- Уплыў суседніх моваў, у першую чаргу рускай, а таксама польскай і, радзей, з украінскай: кара́бель замест карабе́ль, спіна́ замест спі́на, го́лаву замест галаву́, вязці́ замест ве́зці, ста́ры замест стары́, ве́рба замест вярба́ (рус.), пачэ́каць замест пачака́ць, смачно́га замест сма́чнага (пол.), засу́ха замест за́суха (укр.) Часам уплыў суседніх моваў ажыццяўляецца таксама праз пасярэдніцтва дыялектаў.
- Няправільнае засваенне іншамоўных словаў: фенаме́н замест фено́мен, кіло́метр замест кіламе́тр, про́цэнт замест працэ́нт, ката́лаг замест катало́г, а́гент замест аге́нт.
Некаторыя асаблівасці пастаноўкі націску
- У назоўніках мужчынскага роду множнага ліку ў назоўным склоне націск часцей за ўсё падае на канчатак: сталы́, дамы́, тарты́, браты́, ласі́, ваўкі́ але цэ́хі, ко́ні.
- У назоўніках жаночага роду адзіночнага ліку з націскным канчаткам -а/-я ў вінавальным склоне націск таксама звычайна захоўваецца на канчатку: руку́, нагу́, галаву́, сцяну́, ваду́, гару́.
- Калі ў дзеясловах 2-ой асобы адзіночнага ліку націск падае на канчатак (жыве́ш, нясе́ш), тады ў 2-ой асобе множнага ліку націск будзе падаць на апошні склад: жывяце́, несяце́.
- Калі ў дзеясловах 3-яй асобы множнага ліку націск падае на аснову, ён захоўваецца на аснове ва ўтвораных ад іх дзеепрыслоўях незакончанага трывання: лю́бяць – лю́бячы, пі́шуць – пі́шучы. А вось калі ў дзеясловах 3-яй асобы множнага ліку звычайна 1 спражэння націск падае на канчатак – у дзеепрыслоўях націск будзе стаяць на апошнім складзе (у зваротных формах – на перадапошнім складзе): ткуць – ткучы́, мнуць – мнучы́, даю́ць – даючы́, псую́ць – псуючы́, вяду́ць – ведучы́, іду́ць – ідучы́. А дзеепрыслоўі, утвораныя ад дзеясловаў 2 спражэння з націскам на канчатку, звычайна маюць націск на аснове: сядзя́ць – се́дзячы, ляжа́ць – ле́жачы.
- Трэба адрозніваць пастаноўку націску ў няпэўных і адмоўных займенніках і прыслоўях: не́шта, не́чага, не́чаму, не́дзе, але нішто́, нічо́га, нічо́му, нідзе́.
- У лічэбніках ад 11 да 19 націск падае на склад на: адзіна́ццаць, двана́ццаць, чатырна́ццаць.
Заданні
УВАГА! Каб пабачыць правільныя адказы, вылучыце курсорам вобласць побач з зорачкай!
Пастаўце націск:
Вусы – *ву́сы
Крычучы – *крычучы́
Садавіна – *садавіна́ і садаві́на (арфагр. слоўнік)
Гліняны – *гліня́ны
Бацькі – *бацькі́ і ба́цькі
Звала – *зва́ла
Украінскі – *украі́нскі
Жуючы – *жуючы́
Зайцы – *зайцы́
Дарма – *дарма́ і да́рма
Выпадак – *вы́падак
Заінець – *заі́нець
Вудзіць – *ву́дзіць
Марыць – *ма́рыць і мары́ць
Цэмент – *цэме́нт
Зубры – *зубры́
Літасцівы – *лі́тасцівы і літасці́вы
Баючыся – *баючы́ся
Адзінаццаць – *адзіна́ццаць
Існуе – *існуе́ і існу́е
Каменны – *каме́нны
Фартух – *фарту́х
Кайданы – *кайданы́ і кайда́ны
Перакладзіце на беларускую мову:
Ольха – *вольха
Отскочить – *адскочыць
Ветры – *вятры́
Он звонит – *ён зво́ніць
Пятеро – *пяцёра
Ремень – *рэ́мень
Стоптанный – *стапта́ны
Поровну – *пароўну
Шелковый – *шаўковы
Досуха – *дасу́ха