Абодва – абедзве – абое
![]() |
СПАМПУЙЦЕ ПРЭЗЕНТАЦЫЮ POWER POINT |
![]() |
СПАМПУЙЦЕ ТЭОРЫЮ І ЗАДАННІ Ў WORD |
![]() |
СПАМПУЙЦЕ РАЗДАТКУ Ў WORD |
Што нам кажа прыказка абое рабое? Што ўсе аднолькавыя, або адзін аднаго варты. Па-руску сказалі б два сапога – пара. А ў граматычным плане што такое абое? Перад намі зборны лічэбнік, які фактычна з’яўляецца сінонімам лічэбніка двое, як, уласна кажучы, і формы абодва і абедзве. Дык як жа ведаць, якую з гэтых формаў і калі ўжываць?
Па-першае, вызначым, чым адрозніваюцца і ці ў прынцыпе адрозніваюцца паміж сабой лічэбнікі двое і абодва/ абедзве/ абое. Гэта зборныя лічэбнікі, якія называюць сукупнасць прадметаў як адно цэлае і з’яўляюцца сінонімамі, але сінонімамі няпоўнымі. Пры дапамозе слова двое мы вылучаем два прадметы з вялікай колькасці: Двое шчанятаў беленькія, а адно (шчанё) чорненькае. А вось пры дапамозе адобва /абедзве / абое называем канечную колькасць прадметаў – толькі два: У сабакі Ясі абодва шчаняты беленькія. Гэта значыць, што ў яе іх толькі два, трэцяга няма. Дарэчы, лічэбнікі абодва і абедзве ўзніклі ад спалучэння оба + два, оба + дзве.
Ужыванне гэтых лічэбнікаў абумоўлена родам назоўнікаў. З лічэбнікамі мужчынскага і ніякага роду ўжываецца слова абодва, якое мае цвёрдую аснову: абодва мужчыны, адобва дамы́. Але калі мы вымавім апошняе слова з іншым націскам – не дамы́, а да́мы, або паненкі – тады лічэбнік абодва заменім на абедзве, які ўжо мае мяккую аснову і спалучаецца толькі з назоўнікамі жаночага роду. Звярніце ўвагу на тое, што калі мы карыстаемся сучасным афіцыйным правапісам, а не тарашкевіцай, у сярэдзіне гэтага слова мяккі знак не пішам (абедзвюм, абедзвюх), бо гэта асіміляцыйная мяккасць, якая не перадаецца на пісьме з часоў правапіснай рэформы 1933 года.
Пры скланенні гэтых лічэбнікаў асаблівую ўвагу трэба звярнуць на формы творнага склону на -ма (вучоныя лічаць іх рудыментамі парнага ліку): абодвума, абедзвюма.
Н. | абодва хлопцы | абедзве дзяўчыны | |
Р. | абодвух | абедзвюх | |
Д. | абодвум | абедзвюм | |
В. | абодвух / абодва | абедзвюх | |
Тв. | абодвума | абедзвюма | |
М. | у абодвух | у абедзвюх |
Пры лічэбніках абодва, як і пры лічэбніку абедзве назоўнікі ўжываюцца ў форме назоўнага склону множнага ліку: абодва браты, абодва трамваі, абодва веснавыя дні як абедзве малодшыя сястры.
Лічэбнік абое ўжываецца, калі гутарка ідзе пра асобаў мужчынскага і жаночага полу разам: Хлопчык пачакаў каля школы сястру, і яны абое пабеглі дахаты. Складанасці ва ўжыванні лічэбніка абое тлумачацца найперш уплывам рускай мовы, дзе, па-першае, зусім няма формы, якая б адносілася да сукупнасці асобаў рознага полу, і па-другое, фармальным падабенствам да рускага лічэбніка оба, які адносіцца выключна да назоўнікаў мужчынскага і ніякага роду.
Звярніце ўвагу на тое, што лічэбнік абое змяняецца, як лічэбнік двое, гэта значыць, ва ўскосных склонах націск у слове падае на і: абаі́х, абаі́м, абаі́мі, у абаі́х. |
<>
Заданне
УВАГА! Каб пабачыць правільныя адказы, вылучыце курсорам вобласць побач з зорачкай!
Устаўце формы абодва, абедзве ці абое:
Ганна і Віталь сядзелі пад дрэвам у тумане цёплай ночы і … маўчалі. – *абое
Ігнась стаў … нагамі на хісткі зэдлік – канструкцыя пад ім пахіснулася і развалілася. – *абедзвюма
Працам … мастакоў-авангардыстаў не знайшлося месца ў Цэнтральнай галерэі. – *абодвух
Насмяяўся гаршчок з катла: … чорныя. – *абодва
Бацька быў беларус, а маці — полька. … паводле адукацыі – настаўнікі. – *абое
Ваўкі бываюць аднавокія і нават сляпыя на … вокі. – *абодва
Ян і Кася засталіся ўлетку ў горадзе, і з імі … мы часта сустракаліся ў кавярні каля дома. – *абаімі
Нельга недаацэньваць ролю … бацькоў – мамы і таты – у жыцці кожнага дзіцяці. – *абаіх
У … бібліятэчных кнігах не хапала старонак. – *абедзвюх
… бацька́м я паабяцаў тэлефанаваць штовечар і расказваць пра свае ўражанні ад вандроўкі. – *абаім
З … дуплаў старога дрэва час ад часу вызіралі маленькія вяртлявыя птушачкі. – *абодвух
Я гатовая … рукамі падпісацца пад тваімі словамі. – *абедзвюма
Пасля … сустрэч Мікола зразумеў, што з гэтай жанчынай агульнай мовы ён не знойдзе. – *абедзвюх
Магілёвец заспеў жонку з палюбоўнікам і забіў … . – *абаіх
Супрацоўніцтва павінна быць прагматычным – на карысць … краінам, … эканомікам, … народам. – *абедзвюм, абедзвюм, абодвум