Спампуйце прэзентацыю Слоўнік лецішча!
Пачынаецца сезон лецішчаў – трэба наведаць гаспадарчую краму.
Гаспадар і ягоная жонка-гаспадыня маюць неблагую гаспадарку.
У гаспадарцы ёсць хата, хлеў (дзе некалі былі карова і свінні), гумно (дзе некалі захоўвалі збожжа), падпаветка, калодзеж (студня).
Участак аточаны плотам (парканам). Перад домам ёсць брама і брамка.
Гаспадар хоча пабудаваць дрывотнік.
Для гэтага ў гаспадарчай краме яму трэба набыць цэглу і цэмент.
У дрывотніку ён зможа таксама захоўваць гаспадарчы інвентар: рыдлёўку, вілы (грас), вілкі (для вымання чыгуноў з печы), граблі, тачку, ночвы.
На полі за плотам гаспадар плануе пасадзіць бульбу.
У агародзе – моркву, буракі, гуркі, зеляніну. У парніку – памідоры.
Каб усё добра расло, трэба даць якасныя ўгнаенні.
Тым часам сусед будзе цягам лета гадаваць парсюкоў.
Гаспадар плануе набыць у суседа ўвосень свежаніны.
Суседка баба Маня мае дзве каровы, у яе можна набываць сырадой, самаробныя сыры і масла, а таксама яйкі.
За агародамі ёсць сажалка, куды гаспадар і гаспадыня будуць хадзіць на рыбу.
За сажалкаю – лес, куды яны пойдуць у грыбы ды ў ягады.
Для дзіцёнка гаспадар хоча змайстраваць арэлі, для сябе – альтанку, да якой (калі падрастуць дрэвы) будуць весці цяністыя прысады.
Месца для вогнішча ён абклаў каменнем, вакол паставіў лавы.
Калі на дварэ будзе цёпла, гаспадар хоча змайстраваць у сваім двары сапраўдную брукаванку ад брамы да гаража.
Абапал брукаванкі гаспадар хоча наладзіць асвятленне – усталяваць ліхтары. Для гэтага яму спатрэбяцца слупы, дрот і энергаашчадныя лямпачкі.
Бо іначай лічыльнік будзе круціцца з такой хуткасцю, што не спатрэбіцца вентылятар!