Колькасныя лічэбнікі
Падзяляюцца на простыя, складаныя і састаўныя. Сёння мы паразмаўляем пра простыя колькасныя лічэбнікі.
Адзін /адно /адна/ адны (важна: скланяюцца на ўзор прыметніка)
Н. адзін | адно | адна | адны |
Р. аднаго | адной аднае | адных | |
Д. аднаму | адной | адным | |
В. адзін / аднаго | адно | адну | адны / адных |
Тв. адным | адной | аднымі | |
М. у адным | у адной | у адных |
Два / дзве, тры, чатыры (важна: звяртаць увагу на аснову (два/дзве) і канчаткі)
Н. два | дзве | тры | чатыры |
Р. двух | дзвюх | трох | чатырох |
Д. двум | дзвюм | тром | чатыром |
В. два / двух | дзвюх | тры/трох | чатыры / чатырох |
Тв. двума | дзвюма | трыма | чатырма |
М. у двух | у дзвюх | у трох | у чатырох |
Пяць, шэсць, сем, восем, дзевяць (важна: скланяюцца на ўзор назоўніка памяць; звяртаць увагу на падаўжэнне ці яго адсутнасць)
Н. пяць | шэсць | сем | восем | дзевяць |
Р. пяці | шасці | сямі | васьмі | дзевяці |
Д. пяці | шасці | сямі | васьмі | дзевяці |
В. пяць | шэсць | сем | восем | дзевяць |
Тв. пяццю | шасцю | сямю | васьмю | дзевяццю |
М. у пяці | у шасці | у сямі | у васьмі | у дзевяці |
Колькасна-іменныя спалучэнні
Лічэбнікі два, тры, чатыры ў Н. скл. патрабуюць пры сабе назоўнікі ў форме назоўнага склону множнага ліку:
Два дамы, тры сталы, чатыры студэнты
Прыметнікі-азначэнні ў такіх словазлучэннях таксама ўжываюцца ў форме назоўнага склону множнага ліку:
Два новыя дамы, тры дубовыя сталы, чатыры беларускія студэнты
Лічэбнікі пяць – дзевяць у Н. скл. патрабуюць пры сабе назоўнікі і прыметнікі ў форме роднага склону множнага ліку:
Пяць новых кашуль, дзевяць беларускіх студэнтак
Заданні
УВАГА! Каб пабачыць слушныя варыянты адказаў, вылучыце поле справа курсорам.
Раскрыць дужкі:
Мікола паслаў бандэролі 2 (ягоныя сяброўкі). – дзвюм сваім сяброўкам
Перад паездкай мы разжыліся 2 (новая палатка), 3 (вуда), 5 (спальны мяшок), 1 (кацялок). – дзвюма новымі палаткамі, трыма вудамі, пяццю спальнымі мяшкамі, адным кацялком
Раніцай 1 (дажджлівы дзень) я прыехаў у глухую беларускую вёску. – аднаго дажджлівага дня
4 (год) раней Максім пасадзіў гэтую бярэзінку. – чатырма гадамі
Вольга захаплялася творамі 2 (гэтыя мастачкі). – дзвюх гэтых мастачак
Мы разам з 9 (іншы калега) прыехалі на вакзал сустракаць новага кіраўніка. – дзевяццю іншымі калегамі
За тымі 7 (старыя клёны) хавалася маленькая драўляная школа, з якой былі звязаныя ўспаміны апошніх 5 (год). – сямю старымі клёнамі; пяці год.
У бібліятэцы была прызначана сустрэча з 2 (маладая беларуская паэтка). – дзвюма маладымі беларускімі паэткамі
Я сустрэўся з 1 (незнаёмы чалавек). – адным незнаёмым чалавекам
Будыніна глядзела на свет усімі сваімі 4 (падслепаватыя вокны). – чатырма падслепаватымі вокнамі
2 (ягоныя сёстры) хлопец паведаміў пра хуткі прыезд. – дзвюм сваім сёстрам
3 (калядны дзень) – тры калядныя дні
2 (земляробчае свята) – два земляробчыя святы
4 (тэатральная пастаноўка) – чатыры тэатральныя пастаноўкі
2 (лепшы вучань) – два лепшыя вучні
3 (цікавае падарожжа) – тры цікавыя падарожжы
2 (святочны канцэрт) – два святочныя канцэрты
4 (урачысты сход) – чатыры ўрачыстыя сходы
2 (чырвоная ружа) – дзве чырвоныя ружы
3 (высокая калона) – тры высокія калоны
5 (прыгожы фотаздымак) – пяць прыгожых фотаздымкаў
4 (прачытаны раман) – чатыры прачытаныя раманы
3 (спелы яблык) – тры спелыя яблыкі
Перакласці:
В пяти километрах от города – за пяць кіламетраў ад горада
В трёх шагах от нас – за тры крокі ад нас
Метрах в семи от дома — метраў за сем ад дому
В восьми километрах от деревни – за восем кіламетраў ад вёскі