ПАРОНІМЫ
Некаторыя словы ў мове такія падобны, што іх можна лёгка пераблытаць. Іх называюць паронімамі. Насамрэч, паронімы разглядаюць у вузкім і шырокім сэнсе слова.
У вузкім “лінгвістычным” сэнсе – гэта словы, утвораныя ад аднаго кораня пры дапамозе розных прыставак і суфіксаў, якія звычайна маюць рознае значэнне ці іх значэнне толькі часткова супадае. Гэтыя словы як правіла адносяцца да адной часціны мовы.
Дзейны – дзейсны
Дзейны – гэта той або тое, што дзейнічае, актыўны, энергічны (чалавек, закон). Дзейсны – эфектыўны, плённы (праграма, сродкі, захады, лекі)Абагульніць – абагуліць
Абагульніць– выразіць вынікі назіранняў у форме агульнага палажэння (інфармацыю). Абагуліць – зрабіць уласнае калектыўным (зямлю).
Абраз – вобраз
Абраз – малюнак Бога або святога як прадмет рэлігійнага пакланення, ікона (сядзець у куце пад абразамі). Вобраз – знешні выгляд чагосьці, што ўзнікае ў памяці (узгадаць вобраз маці); абагульнены характар, тып, створаны пісьменнікам, мастаком (вобраз героя).
Балотны – балоцісты
Балотны – які мае адносіны да балота, жыве, расце на балоце (балотнае птаства). Балоцісты – багаты на балоты, забалочаны, багністы (балоцістая мясцовасць).
Бяліць — бялець
Бяліць – рабіць белым, фарбаваць у белае (сцены). Бялець – быць або станавіцца белым самому (хата бялела, твар бялеў).
Паронімы ў шырокім сэнсе — гэта любыя блізкія па гучанні словы незалежна ад іх паходжання, марфалагічнай будовы, значэння. Такі тып паронімаў – лакмусавая паперка ўзроўню валодання мовай, а часам нават і ўвогуле інтэлектуальнага ўзроўню (экскаватар – эскалатар, аксакал – саксаул, нонсэнс – кансэнсус)
Адкуль бяруцца паронімы ў мове?
- Марфалагічны спосаб – шляхам далучэння да аднаго кораня розных прыставак ці суфіксаў. У выніку атрымліваюцца словы, блізкія па гучанні, але розныя па значэнні: карысны – карыслівы, бядак – бядняк.
- Семантычны спосаб – пераасэнсаванне значэння аднаго з варыянтаў, набыццё ім новага значэння: дрэўца – дрэўка, вянок – вянец.
- Паралельнае або паслядоўнае запазычванне з іншых моваў: адрасат – адрасант, абанент – абанемент, дыктат – дыктант.
Заданне*
Патлумачыць значэнне паронімаў. Уставіць паронімы з адпаведным значэннем у сказы.
УВАГА! Каб пабачыць слушныя варыянты адказаў, вылучыце пустыя месцы ў сказах курсорам.
абветраць // абветрыць
Абветраць — 1. Стаць смуглым, шурпатым, агрубелым ад ветру (пра твар, рукі і г.д.); абветрыцца. 2. Падсохнуць на ветры (звычайна пра глебу).
Абветрыць - Зрабіць цёмным, шурпатым, агрубелым (пра твар, рукі і г.д.).
Яго [твар] нібы абветрыла ранняй вясной на адкрытай машыне. І.Пташнікаў.
Твар у Сашы абветраў, загарэў. І.Шуцько. ← Каб пабачыць правільны адказ, вылучыце пустое месца курсорам. Ніжэй – тое самае.
Даўно ўжо абветралі дарогі, пашарэла ралля і добра ўрунела жыта. К.Чорны.
акравак // акраек // акраец
Акравак - Абрэзак, шматок чаго-н. (скуры, тканіны і г.д.).
Акраек — Край чаго-н.
Акраец - Кавалак хлеба (пірага, булкі), адрэзаны ад непачатага краю.
У небе з-за гор выплыў ускудлачаны акраек хмары — хутка насоўваўся дождж. В.Быкаў.
Вулічнае акно … было заткнута кажушным акраўкам. В.Вітка.
На адным канцы століка ляжаў загорнуты ў даматканы абрус акраец хлеба. Я.Колас.
бацькаўскі // бацькоўскі
Бацькаўскі - Які належыць, уласцівы бацьку.
Бацькоўскі -1. Які мае адносіны да бацькоў — бацькі і маці.
2. перан. Клапатлівы; ласкавы
Даклад зацікавіў людзей, памог устанавіць шчыры і дзелавы кантакт з бацькоўскім калектывам. І.Шамякін.
Незнаёмы паглядзеў на мяне цёплымі, бацькоўскімі вачамі. З.Бядуля.
Асвянцімскі пайшоў шукаць месца, дзе калісьці стаяла бацькаўская хата. К.Чорны.
беспярэчны // бясспрэчны
Беспярэчны - Які выконваецца без пярэчанняў. Сінонім: безагаворачны.
Бясспрэчны — Які не выклікае пярэчанняў, спрэчак.
Сінонімы: несумненны, відавочны.
Беспярэчнае выкананне загаду. ← Каб пабачыць правільны адказ, вылучыце пустое месца курсорам. Ніжэй – тое самае.
Бясспрэчная ісціна.
ветравы // ветравы // ветраны // ветраны
Ветравы - Які мае адносіны да ветру (павеў, подых, напор і г.д.)
Ветравы - Прызначаны для засцярогі ад ветру (шчыток, шкло)
Ветраны - 1. З ветрам; які суправаджаецца ветрам. 2. перан. Легкадумны, несур’ёзны; пусты.
Ветраны - Які прыводзіцца ў дзеянне сілаю ветру (млын, рухавік)
Сілу ветру чалавек скарыстоўвае вельмі даўно. Парусныя судны і ветраныя млыны прымяняліся ўжо ў глыбокай старажытнасці. Фізічная геаграфія.
Яна здавалася Максіму Сцяпанавічу несур’ёзнай, ветранай. У.Карпаў.
Ветравое шкло ў дробных кроплях — глядзіш на свет, што праз густое рэшата, пакуль не забегаюць знадворку дзве чорныя стрэлкі-вусікі. І.Пташнікаў.
Лоўгач нечакана заўважыў, што няясны ветравы спеў за яго спінай, на другі бок парома, мацнее. А.Савіцкі.
Давялося вылазіць з цёплай машыны ў ветраны снегапад і пехатою ісці некалькі кіламетраў. Я.Сіпакоў.
галінасты // галіновы // галянасты
Галінасты - З вялікімі галінамі; разложысты, разгалісты.
Галіновы - Які мае адносіны да пэўнай галіны (навукі, вытворчасці і г.д.).
Галянасты — З тонкімі доўгімі галёнкамі.
Галіновыя органы кіравання, за некаторымі выключэннямі, асталіся тыя ж самыя. Полымя.
Полымя то ўспыхне, то патухне і галінасты стары дуб то раптам выступае з цемені, то тоне ў ёй. М.Лупсякоў.
Так яны стаялі моўчкі адзін супраць аднаго — малады, худы, галянасты хлопец і пажылы дзядзька з касматым тварам. І.Дуброўскі.
гумар // гумор
Гумар - Дабрадушна-насмешлівыя, камічныя адносіны да каго-чаго-н.
Гумор - Душэўны стан, настрой.
З адценнем цёплага гумару малюе аўтар вобразы станоўчых сваіх герояў. Л.Арабей.
Калі Міхайла Іванавіч быў не ў гуморы, то Ксеня Паўлаўна прымала ўсе меры, каб вярнуць мужу спакой душы і адагнаць яго ліхія думкі. Я.Колас.
забавіцца // забаўляцца
Забавіцца - Затрымацца дзе-н. даўжэй, чым меркавалася; зацягнуць, прамарудзіць з чым-н.
Забаўляцца - незак. Пацяшацца, праводзіць час у забавах, гульнях; гуляць з кім-чым-н.
Доўгімі гадзінамі я праседжваў у скверы каля агароджанае пляцоўкі, дзе ў пяску забаўляюцца дзеці. Я.Скрыган.
Аляксей выцягнуў з-пад мокрай травы ў перадку яе чамадан і пакунак з пасцеллю, панёс у хату і забавіўся. С.Грахоўскі.
капатлівы // карпатлівы
Капатлівы - Разм. Марудлівы, непаваротлівы.
Карпатлівы - Які патрабуе шмат увагі, цярплівасці; старанны, руплівы.
Нейкі ж вельмі капатлівы ён чалавек: здаецца, і не сядзіць склаўшы рукі — робіць увесь час, але і да палавіны яшчэ не дайшоў, хоць час было б і канчаць гэту работу. ЛіМ.
Цяжкія гэта былі пошукі — патрабавалася карпатлівая даследчая праца. ЛіМ.
начынка // начынне
Начынка - Тое, чым начынена, напоўнена што-н.
Начынне — 1. Набор прадметаў, інструментаў для выканання якой-н. работы. 2. Сукупнасць прадметаў хатняга, гаспадарчага ўжытку і г.д.
Улетку цесляры вандравалі з начыннем — пілкаю і сякерамі — па ўсёй ваколіцы. С.Александровіч.
Дзеці будуць ласавацца цукеркамі з начынкай.
Цётка Арына бразгала на кухні начыннем, нешта гаварыла напаўголас, відаць, толькі для сябе. А.Асіпенка.
няўцямны // няцямлівы
Няўцямны — 1. Такі, які цяжка зразумець, усвядоміць; незразумелы. 2. Які выяўляе неразуменне чаго-н. або адсутнасць думак пра што-н.
Няцямлівы - Які цяміць з цяжкасцю; нездагадлівы. Сінонім: някемлівы.
І незразумелая, няўцямная трывога ўсё больш і больш агартала мяне. Б.Сачанка.
Янка быў надзвычай няцямлівым вучнем.
На гэты раз Сцяпан даўжэй глядзеў няўцямнымі вачыма на прысутных. М.Паслядовіч.
прачыніць // прычыніць
Прачыніць - Крыху, не поўнасцю адчыніць. Сінонім: прыадчыніць.
Прычыніць — Зачыніць, звычайна няпоўнасцю або няшчыльна.
Сымон Данілавіч ад нечаканасці нават забыўся прычыніць сенцы. І.Грамовіч
Бурчанка павёў іх да сябе ў кабінет, па дарозе прачыніў дзверы ў пакой Вольгі Паўлаўны, каб сказаць, што вярнуўся. Т.Хадкевіч.
скарбніца // скарбонка
Скарбніца - Сукупнасць культурных, духоўных ці матэрыяльных каштоўнасцяў; месца іх захоўвання; крыніца чаго-н.
Скарбонка — 1. Невялікая скрыначка (гліняная пасудзіна рознай формы) з вузкай шчылінай для апускання манет з мэтай іх накаплення, захоўвання, зберажэння. 2. Бляшанка для збору ахвяраванняў (у царкве, на відовішчах)
На камодзе яго ўвагу прыцягнула скарбонка, зробленая ў выглядзе прыгожага белага сабачкі з чырвоным банцікам на шыі. Я.Васілёнак.
Поп да хвоі скарбонку прыбіў, пачалі людзі грошы кідаць багародзіцы, а хто палатно панёс, сала, збожжа. П.Галавач.
Міхась Чарот … напісаў добрыя паэмы і вершы, якія назаўсёды засталіся ў скарбніцы беларускай літаратуры. М.Хведаровіч.
туліцца // туляцца
Туліцца — 1. Гарнуцца, прыціскацца, хінуцца. 2. Мець прытулак, прыстанішча, размяшчацца дзе-н. у цеснаце. 3. перан. Размяшчацца дзе-н. у зацішным месцы, пад аховай чаго-н.
Туляцца - Блукаць, хадзіць без пэўнай мэты; бадзяцца; сланяцца са скрытнымі намерамі.
Там і тут чадзелі агні, людзі туліліся да іх, кашлялі, адмахваючыся ад камарэчы. Р.Шкраба.
Вялізная Маніна сям’я з шасці дачок, двух сыноў і бацькі з маткай туліцца ў старой цеснай хаце. А.Васілевіч.
Апроч усяго, ён [Бацяноўскі] шпіён і даносчык. Лабановіч потым не раз прыкмячаў, як дзяк туляўся па падвоканню. Р.Шкраба.
Па-над Прыпяццю між лясоў, пяскоў і балот туліцца невялікая вёсачка, хат можа так трыццаць ці сорак. Я.Колас.
*У заданні выкарыстаны матэрыялы “Слоўніка паронімаў беларускай мовы” Сцяпана Грабчыкава