Якія словы мы “ўзялі пакарыстацца” ў суседзяў? Ды не толькі ў суседзяў — у грэкаў і англічан таксама!
1 1. Паланізмы
Траплялі ў беларускую мову ў выніку працяглых кантактаў двух народаў, паланізацыі шляхты, пашырэння каталіцызму. Некаторыя рысы: 1. наяўнасць насавых галосных (свенціці), 2. няпоўнагалоссе (слодыч), 3. спалучэнне дл (быдла), 4. спалучэнне ке, ге (кепскі), 5. наяўнасць цвёрдага дз (ксёндз), 6. суфікс –унак (падарунак), 7. гук ц на месцы ўсходнеславянскага ч (цуд)
2. Лацінізмы
Лацінская лексіка пашыралася праз кантакты з заходнееўрапейскімі народамі. Лаціна ў ВКЛ выкарыстоўвалася ў справаводстве і міжнароднай перапісцы, была мовай навукі і адукацыі (вывучалася як у каталіцкіх, так і ў праваслаўных школах). Такім чынам, гэта пераважна кніжная лексіка. Некаторыя рысы: 1. спалучэнне аў (аўтар), 2. прыстаўкі ант(ы)-, архі-, контр-, рэ-, дэ-, дыс- і інш. (архіважны, апатыя), 3. суфіксы -ізм, -іст, -ір, -ар, -ус, -ум (арганізм, спецыяліст, радыус), 4. канцавы фармант –цыя (канстытуцыя).
3. Грэцызмы
Запазычанне ішло толькі кніжным шляхам. З грэчаскай на беларускую перакладаліся рэлігійныя кнігі, таму гэта пераважна словы, звязаныя з культам, навукай і культурай. Асноўныя рысы: 1. гук ф у пачатку слова (фантазія), 2. пачатковае а, э, эў (алтар, элемент, эўфемізм), 3. спалучэнні галосных аў, ія, іё, эа (тэалогія, біялогія), 4. варыянтнасць б/в (варвар/барбар), 5. спалучэнні ід, кс, ск, пс, мп, мв (архіварыус, піраміда, дыск).
4. Германізмы
Пачалі трапляць у беларускую мову ў выніку наўпроставых гандлёвых сувязяў паўночных гарадоў Беларусі з нямецкімі канторамі ў Рызе, аднак большая частка германізмаў патрапіла праз пасярэдніцтва польскай мовы. Асноўны пласт пазычанняў з нямецкай мовы склала бытавая, прамысловая, гаспадарчая лексіка. Некаторыя рысы: 1. спалучэнне хт (вахта), 2. спалучэнні шт, шп (кошт, шпіталь), 3. канцавая частка –майстар (гросмайстар).
5. Ідышызмы
Гэта пазычкі з мовы ідыш, якая адносіцца да заходняй падгрупы германскай групы моваў. Габрэі на тэрыторыі Беларусі пачалі з’яўляцца ўжо ў 13 ст. Сяліліся пераважна па гарадах і мястэчках, займаліся гандлем, рамёствамі, карчмярствам (рахунак, труна).
6. Цюркізмы
Паколькі татара-мангольскага нашэсця на тэрыторыі Беларусі не было, таму цюркізмаў у 13-14 стст. у беларускую патрапіла не шмат. Вялікі наплыў цюркізмаў пачаўся ў 15-16 стст., калі татары сталі саюзнікамі ВКЛ у войнах з нямецкім ордэнам. У ВКЛ шмат было добраахвотных перасяленцаў з Залатой Арды, якія служылі ў войску. Да цюркізмаў адносяцца назвы бытавых прадметаў, ваеннай зброі (торба, калчан), колеру і масці жывёлаў (буланы, буры), адзінак меры, вагі (аршын, барыш), будынкаў, тканін, упрыгожанняў (мячэць, кілім). Асноўная фанетычная рыса – складавы сінгарманізм (у слове некалькі разоў паўтараецца адна і тая ж або блізкая па ўтварэнні галосная: барабан).
7. Балтызмы
Найбольш старажытныя пазычкі. Гэта назвы асобаў па прафесіі (дойлід), назвы гаспадарчых будынкаў і іх частак (еўня, рэя), назвы сельскагаспадарчых і прыродных паняццяў (дзірван, жвір).
8. Царкоўнаславянізмы (=стараславянізмы)
Невялікая група лексікі. Яе пашырэнню ў беларускай мове садзейнічала распаўсюджанне праваслаўя, у больш познія часы царкоўнаславянізмы траплялі ў мову пры пасярэдніцтве рускай. Асноўныя рысы: 1. няпоўнагалоссе (прах), 2. спалучэнне шч (плашч).
9. Галіцызмы
Траплялі ў беларускую мову праз пасярэдніцтва рускай. Асноўныя фанетычныя рысы: 1. канцавыя спалучэнні -анс, ёр, аж/яж (сеанс, суфлёр, багаж); 2. спалучэнні бю, вю, пю, фю (бюро, капюшон); 3. спалучэнні уа, уэ (буржуа, дуэль); 4. спалучэнні лье, нье, цье, сье (барэльеф); 5. канцавыя націскныя галосныя (кашнэ).
10. Англіцызмы
Траплялі ў беларускую мову ў новы перыяд пры пасярэдніцтве рускай мовы ці наўпрост. Асноўныя рысы: 1. пачатковае спалучэнне дж (джаз); 2. канцавыя спалучэнні –ёр/-ер, -эр/-ар: (баксёр, катэр); 3. канцавыя спалучэнні -інг/-ынг (брыфінг); 4. канцавая частка складанага слова -мен (спартсмен).
11. Русізмы
Пачалі актыўна трапляць у беларускую мову ў 20-ыя гг 20 стагоддзя. Найбольшы наплыў русізмаў адбыўся ў 30-ыя гг. Гэты перыяд лічыцца перыядам русіфікацыі беларускай мовы (у гэты час існавала ідэя аб зліцці ўсіх культур і моваў СССР у адну агульную культуру і мову – савецкую, на практыцы ж гэта азначала насаджэнне рускай мовы і выцясненне нацыянальных). Таму адзіна важным стала не адлюстраванне нацыянальнай спецыфікі беларускай мовы, а яе набліжэнне да рускай (апагеем русіфікацыі стаў «Руска-беларускі слоўнік» Аляксандра Александровіча, 1937).
Русізмы сустракаюцца ва ўсіх галінах лексікі. Гэта: 1. словы, узятыя без зменаў марфалагічнай будовы. Адрозненне можа назірацца толькі ў вымаўленні ці напісанні (подзвіг, вопыт); 2. словы, узятыя з рускай мовы, пры засваенні якіх змянялася марфалагічная будова — да рускіх каранёў дадаваліся беларускія суфіксы і прыстаўкі (адсутнасць, выключны); 3. словы, пабудаваныя з беларускага лексічнага матэрыялу на ўзор адпаведных рускіх словаў (калькі) (ажыццяўленне (осуществление), мовазнаўца (языковед).
Заданне
Вызначыце, з якой мовы патрапілі ў беларускую наступныя пазычкі:
УВАГА! Каб пабачыць слушныя варыянты адказаў, вылучыце поле справа курсорам.
Вобласць – русізм
Багатыр – цюркізм
Пэндзаль – паланізм
Балетмайстар – германізм
Абяцаць – паланізм
Храм – царкоўнаславянізм
Свіран – балтызм
Дагавор – русізм
Моц – паланізм
Штаб – германізм
Шампіньён – галіцызм
Дрэва – царкоўнаславянізм
Павідла – паланізм
Нягеглы – паланізм
Абцас – германізм
Філасофія – грэцызм
Агітацыя – лацінізм
Спінінг – англіцызм
Тлусты — паланізм
Багаж – галіцызм
Плошча – царкоўнаславянізм
Вахта – германізм
Клуня – балтызм
Рабунак – паланізм
Распараджэнне – русізм
Гандаль – ідышызм
Адвакат – лацінізм
Каптан – цюркізм
Джунглі – англіцызм
Варштат – германізм
Філе – галіцызм