Геаграфічныя назвы, іх паходжанне, значэнне, развіццё, сучасны стан вывучае навука тапаніміка, а самі гэтыя словы, такім чынам, называюць тапонімамі.
Да тапонімаў адносяць:
- айконімы (назвы населеных пунктаў);
- гідронімы (назвы водных аб’ектаў);
- гадонімы (назвы вуліц);
- касмонімы (назвы пазазямных аб’ектаў: Марс, Юпітэр) і інш.
У гэтых занятках мы пагаворым пра айконімы, то бок назвы населеных пунктаў.
Большая частка айконімаў узнікла ў глыбокай старажытнасці. Паколькі да прыходу і рассялення славянаў значную частку тэрыторыі сучаснай Беларусі засялялі балты, захаваўся цэлы шэраг балцкіх па паходжанні назваў населеных пунктаў:
- вёска Бакшты – балт. ‘вежа, высокая прыбудова’;
- сяло Балойкі – ад balá – ‘балота’;
- вёскі Кімяны і Кемяны – ад балт. кiminas – ‘мох’;
- сяло Домуці – ад domús ‘ цікаўны’, domèjimasis ‘праяўляць цікаўнасць’;
- сяло Жвірблі – ад žvirblis ‘верабей’;
- а таксама да балцкіх назваў адносяць Дайнову, Яцвезь, Кейданы, Вазгелы, Дзякшняны, Гейстуны, Гірстуны, Верцялішкі і інш.).
У Беларусі існуюць таксама айконімы цюркскага (Канашы, Карацк, Кобызі, Мурза) і фіна-ўгорскага (Еўлашы, Іжа, Іканы, Іса, Койры) паходжання.
Некаторыя спрадвечна беларускія назвы зведалі змены пад уплывам польскай мовы (Гродна, а не Гародня, Брэст, а не Берасце, Навагрудак, а не Наваградак). А ў савецкія часы, калі пачалася эпідэмія перайменаванняў, з’явіліся шматлікія назвы рускага паходжання.
Часцей за ўсё назвы населеных пунктаў гістарычна ўтвараліся ад:
- назваў рэк і азёраў (в. Бесядзь ад р. Бесядзь, г. Вілейка ад р. Вілія, мястэчка Зэльва ад р. Зальвянка);
- прозвішчаў, мянушак людзей (в. Александрыя, г. Дзяржынск, в. Бародзічы, в. Няверавічы);
- роду дзейнасці людзей (г. Чаўсы – ад цюркск. назвы чаус – ‘ніжэйшы ранг ваеначальніка’, в. Бортнікі, в. Ганчары, в. Муляры, в. Ткачы)
- назваў плямёнаў, народаў (с. Шведы, с. Жэймяны – ад назвы выхадцаў з гістарычнай вобласці Літвы Жэмайціі, с. Пруска);
- асаблівасцяў рэльефу, мясцовасці (г. Рэчыца, в. Плёсы, в.Балотная, в. Роўнядзь);
- тыпаў паселішчаў, пабудоваў (Гродна, в. Свіраны, г. Паставы)
- назваў жывёлаў і птушак (г.п. Бобр, с. Жораўка, Дразды, в. Казяброддзе, Казейкі, Казлы);
- назваў раслін (г. Дуброўна, с. Дубрава, с. Дубровіца, с. Крапіўна, с. Рэпкі, Рэпнікі)
- назваў аб’ектаў матэрыяльнай культуры (с. Жорнаўка – жорнаў, г. Шклоў) і інш.
Па словах праф. Валянціны Лемцюговай, “ні ў адной цывілізаванай краіне свету нацыянальная тапанімія не зазнала такога глумлення, як у Беларусі”. Сапраўды, у савецкія часы многія аўтэнтычныя назвы населеных пунктаў былі замененыя на “ідэалагічна правільныя”. Так, напрыклад, ахвярай такога перайменавання стала вёска с старажытнай назвай Мондзін (паходзіць ад нямецкага монд ‘месяц’). Спачатку яна была перайменаваная ў Сиреневку, якая па-беларуску пачала пісацца Сярэнеўка, а потым, каб пазбегчы немілагучнай аманіміі – ужо ў Чаромушкі.
Паколькі часта ў рэестрах назваў населеных пунктаў не ставіўся націск – гэтыя назвы чыноўнікамі чыталіся няправільна і таму часам траплялі ў шэраг абразлівых, як у выпадку з назвай вёскі Холуі (з націскам на першым складзе, бо холуй – гэта ‘пясчаны нанос на беразе ракі’), якая была перайменаваная нібыта за абразлівае для яе жыхароў гучанне. Як піша Валянціна Лемцюгова, прыкладамі тапанімічных кур’ёзаў стала перайменаванне вёскі Морач у Савецкую Морач, а Алёс – у Чырвоны Алёс. Відаць, каб чыноўнікі ведалі паходжанне гэтых назваў, яны б не спяшаліся з перайменаваннем, бо морач – гэта ‘цёмнае, змрочнае балота’, а алёс – ‘альховае балота’.
Прыкрыя кур’ёзы таксама ўзнікалі ў сувязі з пераафармленнем беларускіх назваў у адпаведнасці з правіламі рускага правапісу і фанетыкі. Так адбылося з назвай Пральня (‘памяшканне, дзе мыюць бялізну’), якая па-руску загучала як Пряльня (‘памяшканне, дзе прадуць’), а адпаведна тапонім Пранікі (‘людзі, якія займаюцца праннем бялізны’) па-руску стаў Пряниками (пернікамі).
Як дрэнны жарт гучаць “новыя”, трохі абеларушаныя назвы, якія замянілі спрадвечныя беларускія найменні: Рамашкі, Залог Пяцігодкі, Вазраждзенне, Пабеда, Надзежда, Акцябр, Рассвет, Лучазарная, Труд, Чырвоная Зара і інш. Як жа тады мусяць звацца людзі, якія жывуць у такіх вёсках?
Яшчэ больш сітуацыю ў нашай тапаніміцы заблытала спроба даслоўна перакладаць назвы з беларускай на рускую і наадварот. Так з’явіліся падвойныя найменні кшталту Ромашки і Рамонкі, Двигатель і Рухавік, Красный Пахарь і Чырвоны Араты, што прывяло да парушэння асноўнай функцыі геаграфічных назваў – служыць адназначным арыенцірам на мясцовасці.
Заданне:
Адкуль, на вашу думку, з’явіліся наступныя назвы?
УВАГА! Каб пабачыць слушныя варыянты адказаў, вылучыце поле справа курсорам.
Барань – тарая назва Борань, ад слова бор < Правільны адказ схаваны тут (вылучыце курсорам). Ніжэй – тое самае.
Церасполь – назва-арыенцір: паселішча за полем
Полацк – ад ракі Палаты
Брагін – ад мянушкі ці прозвішча Брага, якое, у сваю чаргу, ад напою брага
Гальшаны – тут г – прыстаўны (у гіст. дакументах без г), ад вольха, альховы
Пінск – ад ракі Піна
Фаніпаль – ад жаночага імені Фаня і канцавога фарманта –поль (поле?)
Друцк – ад ракі Друць
Вежань – ад слова вежа
Сноў – ступень радства: сноў – муж сястры, шурын (снаха)
Слуцк – ад ракі Случ
Засвір – паселішча за возерам Свір
Іўе – дрэва іва, іўняк
Ядловічы – расліна Ядловец
Орша – ад ракі Рша (пазней – Аршыца)
Кобрын – раней Кобрынь, ад назвы зніклага народа обры
Барысаў – ад імені Барыс, сына князя Усяслава Полацкага
Лагойск – ад лог, лагчына, што пацвярджаецца ландшафтам
Васілішкі – ад уласнага імені Васіль з балцкім фармантам -ішкі