Штовячэры ды шторанку
Чутно з хаты пералайку.
Распачне мужык сварыцца –
Жоначка змаўчаць баіцца,
Часам і наадварот:
Хто ж вадзіцы возьме ў рот,
Як яго так абражаюць –
Абібокам называюць!
І штодня суседзі чуюць:
— Даў жа жонку Бог такую!
Я – ары, касі ды сей,
Ты ж – абед не прынясеш!
— Мала мне па хаце справы,
Дык яшчэ твае забавы!
Гаспадарку покуль зладзіш,
Ні хвілінкі не прысядзеш,
Ні скарынкі не з’ясі,
Дык яшчэ абед насі!
— Ды тваю, лянота, працу
Я зраблю адным вось пальцам!
— Добра! Я пайду араць,
Ты – у хаце працаваць!
Колькі год яны сварылісь,
Ды аднойчы пагадзілісь:
Жоначцы ісці араці,
Мужыку рабіць па хаце.
— Што да вечара зрабіць?
— Падкажу, ўжо так і быць,
Хоць не стану я пытаць,
Дзе каня браць, што араць…
Бачыш дзежку? Там закваска.
Да абеду, калі ласка,
Жорнамі змялі мукі,
У дзежцы цеста замясі,
Пасадзі у печ хлябы.
Масла збі. Абед зрабі.
Паглядай туды, дзе броды,
Каб цяля не йшло у шкоду,
Курка каб была на яйках.
Досыць? Добра. Дык бывай.
Сала ўзяла я і хлеба,
Мне абед цягнуць не трэба!
— Я зраблю ўсю гэту працу
Дый паспею адаспацца!
Гэта жоначцы араць –
Не гаршкі перастаўляць! –
Гэтак наш мужык бурчыць.
З жоранцаў мука бяжыць,
А на пояс прывязаў ён
Маслабойку са смятанкай,
Каб збівалася без рук.
Раптам чуе:
— Вось цяльпук!
Гэй, сусед, тваё там целя
Хутка ўвесь авёс мой змеле!
— Каб цябе ваўкі пабралі! —
Мужык з хаты выбягае,
Дый на масла-та забыўся
І ў парозе паваліўся.
Ўся падлога у смятане
І штаны ў тым самым стане!
Прыцягнуў цяля дадому.
— Што, трава ўжо не ядома?
Раз не ведаеш, што жэрці,
Стой у хлеве… Што за чэрці!
Ў хаце – як пасля Мамая:
Пад сталом свіння рудая
Хутка дзежку падчышчае
Ды на яйкі пазірае.
А сядухі не відаць.
Стаў мужык свінню ганяць.
Выгнаў з хаты, сеў на лаўку,
Аглядае гаспадарку:
Ў хлеве мыкае скаціна,
Ад хлябоў – адны ўспаміны,
Масла – а з чаго збіваць?
Трэ’ хоць яйкі ратаваць!
Сеў на рэшата ціхутка:
“Хутка вернецца сядуха,
Пасаджу яе сюды,
Хоць абед звару тады!”
Зазірнуў казак у хату:
— Пачастуйце, чым багаты!
З рэшата мужык бурчыць:
— Не паспеў шчэ наварыць…
— Ну, дык хоць вады падай-ка!
— Не магу, астынуць яйкі.
— Ну, а жонка твая дзе?
— Кінула мяне ў бядзе,
А сама арэ у полі.
Добра ёй там быць на волі!
— Ах ты, ёлупень-лайдак! —
Пугу выхапіў казак.
— Сеў на рэшаце, як клуша!
Павучыць цябе я мушу!
Жонка поле падымае,
А ён клопату не мае!
І як пугай хвастане
Мужыку ды па спіне!
Той трывае, ані квокне.
Раптам чуе: ў портках мокне.
“Вось і яйкі падушыў!”
На падлогу саскачыў,
Па муцэ і па смятане
Бег – і чорт хіба дастане!
На гарышча ўзгрувасціўся,
Ў кораб з пер’ем там забіўся,
Сам сядзіць – і не дыхне:
З’ехаў той казак ці не?
Нехта тупае па хаце…
“Цешчын голас! Вой, трымайце!”
— Ах, дачушка, ах, лянота!
Не пароблена работа!
Гэта дзіва, што зяцёк
З бруду гэткага не ўцёк!
— Цешчанька! Ды Вы адне
Разумееце мяне!
Кінуўся мужык у хату,
Брудны, ліпкі і мурзаты,
Цешчаньку хацеў абняць,
За дабро падзякаваць.
Як убачыла кабета:
Нехта нібы з таго свету
Прэцца ў хату…
— Божа ж мілы! —
Як схапілася за вілы:
— Прэч, нячысцік! Чорт руды!
Бач, павадзіўся куды!
Пора леваю рукою
І жагнаецца другою!
Выскачыў мужык на двор,
Так гародамі папёр, —
За ваколіцай у жыце.
Ледзь ацяміўся. Дрыжыць.
“Чорт штурхнуў мяне звязацца
З бабскаю дурною працай!
Рай на пекла памяняць!
Лепей без каня араць!
Пачакаю тут да ночы!”
Ну, а жонка з поля крочыць,
Стомы ў твары ані мала,
Быццам цэлы дзень гуляла!
— Нешта ціха ў мяне ў хаце…
Выйшла тут насустрач маці.
— Будзеце, дачушка, жыць
З мужыком і не тужыць!
Вам паскудзіў чорт нямала,
Але ж я яму задала!
Сапраўды, зажылі ў ладзе.
Лаянкі нячутна ў хаце,
Кожны абавязкі мае
І другога паважае.
Каб усе маглі так жыць,
Не было б чаго тужыць!
Алена Церашкова