Падаўжэнне зычных
Спецыфічнай рысай беларускай мовы з’яўляецца наяўнасць падоўжаных (доўгіх) зычных у пазіцыі паміж галосных. На пісьме падоўжаныя зычныя перадаюцца пры дапамозе падвоенага напісання адпаведных літар, за выключэннем падоўжанага гука ддз, які на пісьме перадаецца камбінацыяй з 3-х літар.
У нашай мове 9 падоўжаных зычных:
лл — вяселле, моллю
нн – жаданне, тванню
зз – рыззё, граззю
сс – калоссе, двукоссе
ддз – стагоддзе, меддзю
цц – забыццё, пяццю
жж – бездарожжа, замужжа
шш – зацішша, мышшу
чч – ламачча, ноччу
Астатнія зычныя ў беларускай мове не падаўжаюцца (заазер’е, чарназем’е).
Падаўжэнне часцей за ўсё адбываецца ў наступных словах і формах:
- у назоўніках ніякага роду са значэннем зборнасці (сучча, бадылле, скулле);
- у аддзеяслоўных назоўніках (кіраванне, распяцце, чытанне);
- у прыставачных назоўніках, што абазначаюць месца (узвышша, узлессе, наваколле);
- у адпрыметнікавых назоўніках з адцягненым значэннем (багацце, вяселле, ранне);
- у некаторых назоўніках жаночага роду (Таццяна, Наталля, бягуння);
- у форме творнага склону адзіночнага ліку назоўнікаў жаночага роду з нулявым канчаткам (ціш – цішшу, гразь – граззю, гніль – гніллю);
- у творным склоне лічэбнікаў (пяць – пяццю, дзесяць – дзесяццю, трыццаць – трыццаццю);
- У некаторых прыслоўях, утвораных ад назоўнікаў (ноччу, уваччу).
Звярніце ўвагу на тое, што ў запазычаннях звычайна падоўжаныя зычныя не перадаюцца, у адрозненне ад рускай мовы (антэна, праграма, метал, Ала, Марока). Аднак ёсць шэраг выключэнняў: манна, панна, ванна, мірра мадонна, саванна, Ганна, Жанна, Сюзанна, Мекка.
Заданні
УВАГА! Каб пабачыць слушныя варыянты адказаў, вылучыце поле справа курсорам.
Ад наступных словаў утварыце магчымыя словы і формы з падаўжэннем:
Бераг — узбярэжжа < Правільны адказ схаваны тут (вылучыце курсорам). Ніжэй – тое самае.
Сват — свацця
Камень — каменне
Воля — прыволле
Ліць — ліццё
Рысь — рыссю
Далонь — далонню
Дваццаць — дваццаццю
Ціхі — зацішша
Мазь — маззю
Боязь - бояззю
Полаз — палоззе
Піць — піццё
Поп — пападдзя
Пятнаццаць — пятнаццаццю
Корань — карэнне
Забыць — забыццё
Суд — суддзя
Варона — вараннё
Атрымаць — атрыманне
Рэчка — зарэчча
Дарога – бездарожжа, падарожжа
Зямля — беззямелле