Для называння новых прадметаў і рэалій, якія ў вялікай колькасці з’яўляюцца ў сучасным жыцці, наша мова прадукуе новыя словы як з уласнага матэрыялу, так і запазычвае іх з іншых моваў ці папросту калькуе. Прычым вялікая частка з іх – складаныя словы.
Такім чынам, складаныя словы – гэта такія, што маюць у сваім складзе два, тры ці больш каранёў. Карані могуць злучацца паміж сабой галоснымі о, а, е, я, правапіс якіх падпарадкоўваецца агульным правілам.
Пад націскам будзе пісацца злучальная галосная о (часопіс, ільнозавод), але гэта адзінкавыя словы ў беларускай мове, бо націск на злучальным о нам не ўласцівы. Не пад націскам адбываецца аканне (чорнавалосы, высакародны). Пасля мяккіх зычных будзе пісацца злучальная е (конегадоўля, землекарыстанне). Калі ж націск падае на наступны склад, е пераходзіць у я, то бок адбываецца яканне (земляроб, сінявокі).
Аднак найбольшую складанасць звычайна выклікае напісанне галосных у першай частцы складанага слова, якое залежыць ад наяўнасці ці адсутнасці пабочнага націску (асноўны націск падае на другую частку, а ў першай можа ўзнікаць пабочны націск).
Літары а і о
Пабочны націск звычайна не ўзнікае, калі ў другой частцы слова націск падае на першы склад, таму пішацца а: раўнава́га, санцапёк.
Аднак гэта не заўсёды так, бо, паводле правілаў, калі ў першай частцы выразна праяўляецца пабочны націск, у такім выпадку пішацца о нават тады, калі асноўны націск падае на першы склад другой часткі: мовазна́ўства, малочнакі́слы.
Але вызначыць, выразна ён праяўляецца ці не, для звычайнага чалавека часта бывае надзвычай складана, таму спецыялісты раяць звяртацца да слоўнікаў, дзе, на жаль, напісанне аднаго і таго ж слова не заўсёды супадае.
Самая ж вялікая праблема ўзнікае якраз з неалагізмамі, якія яшчэ не сустракаюцца ў слоўніках і немаведама калі туды патрапяць. А тут ужо, так бы мовіць, хто ў лес, а хто па дровы.
Дарэчы, найбольш лагічна напісанне о можна патлумачыць у тых словах, дзе ўзнікае непатрэбная двухсэнсоўнасць ці аманімія, г.зн. супадзенне з іншымі, звычайна выпадковымі словамі (кормасклад, а не кармасклад, словаформа, а не славаформа, манголазнўства, а не мангалазнаўства).
Калі ў другой частцы націск падае не на першы склад, а таксама калі другая частка пачынаецца з ў, у першай частцы пішацца літара о: доўгачасо́вы, добразычлі́вы, водаўстойлівы, торфаўборачны.
Таксама з літарай о пішуцца наступныя часткі складаных словаў:
- фота- (фотаздымак, фотакартка, але выключэнне: фатаграфія і вытворныя ад яго);
- мота- (мотаспорт, мотакрос, але матацыкл і вытворныя);
- контр- (контрмеры, контрудар, але кантрабас, кантарамарка);
- што- (штогод, штодзённы);
- проці- (процілеглы, процітанкавы);
- свое- (своеасаблівы, своечасовы).
Літары е і ё
Літара е ў першай частцы звычайна пішацца незалежна ад націску ў другой: свежавы́мыты і свежамаро́жаны.
Этымалагічнае ё пішацца ў першай частцы складанага слова, калі пабочны націск падае не на першы склад другой часткі: лёгкадасту́пны, цёмнавало́сы. Аднак калі націск у другой частцы падае на першы склад, у першай частцы будзе пісацца е: легкаду́мны, цемнавокі.
Запомніце: святлафор, але светлавалосы, бо першае ўтворана ад слова святло, а другое – ад светлы.
Частка радыё- пішацца нязменна (радыёхвалі, радыёперадача).
Літара э
Літара э ў першай частцы захоўваецца незалежна ад таго, на які склад падае націск у другой: шэраво́кі (а не шаравокі))), рэдказу́бы.
У складаных словах, утвораных ад лічэбнікаў, першая частка пішацца так, як яна пішацца ў родным склоне лічэбнікаў: трохдзверны, чатырохпавярховы, пяцідзёнка, шасцісоты, сямігодка, стаметровы.
Заданне
Устаўце патрэбныя літары (каб убачыць правільны адказ, вылучыце курсорам поле справа ад працяжніка):
Музе…знаўца – музеязнаўца
Л…гкавер’е – легкавер’е
Л…гкапраходнасць – лёгкапраходнасць
Н…вапрыдбаны – новапрыдбаны
Ус…ночная – усяночная
Д…бранадзейны – добранадзейны
Мн…гаабяцальны – многаабяцальны
Мн…газначны – мнагазначны
Ба…здольны – баяздольны
П…ліглот – паліглот
Мал…чнакіслы – малочнакіслы
Камен…пад – каменяпад
Зах…днебеларускі – заходнебеларускі
Мар…заўстойлівы – марозаўстойлівы
Л…савызнача́льны – лёсавызнача́льны
Рады…хвалі – радыёхвалі
Ар…хападобны – арэхападобны
В…лікадзяржаўны – вялікадзяржаўны
Н…ваадкрыццё – новаадкрыццё
Ст…гадовы – стагадовы
Зерн…склад – зернясклад
Св…тлалюбны – святлалюбны
Шт…суботні – штосуботні
Св…ечасовы – своечасовы
С…рцаед – сэрцаед
Ш…сцібор’е – шасцібор’е
Вугл…вадарод – вуглевадарод
Вугл…род – вуглярод
З…л…навокі – зеленавокі