Безэквівалентная лексіка
![]() |
СПАМПУЙЦЕ ПРЭЗЕНТАЦЫЮ POWER POINT |
![]() |
СПАМПУЙЦЕ РАЗДАТКУ Ў WORD |
Як па-руску сказаць адным словам шуфляда, шуфлядка? А ніяк, толькі “выдвижной ящик в столе, в комоде”. А шыба? Гэта “стекло, вставленное в оконную раму”. Вырай? У першым значэнні гэта “тёплые страны, куда летят зимовать перелетные птицы”; а ў другім – “стая перелетных птиц”.
Гэтыя беларускія словы не маюць у мове-суседцы аднаслоўнага адпаведніка, а могуць быць патлумачаны толькі апісальна, пры дапамозе некалькіх словаў. Ці вось яшчэ адзін прыклад беларуска-ангельскай безэквівалентнай лексікі: сіні і блакітны ў беларускай мове маюць адпаведнікі “dark blue” i “light blue” ў ангельскай, а слова суткі перакладаецца выразам “24 hours”.Такую лексіку ў мове прынята называць безэквівалентнай, а адсутнасць аднаслоўнага адпаведніка ў іншай мове – лексічнай лакунай.
Ці шмат такіх словаў маем мы ў нашай мове? Пра што сведчыць гэтая з’ява?
Ірына Шкраба сабрала беларускую безэквівалентную лексіку (у дачыненні да рускай) у слоўнік пад назвай “Самабытнае слова” (Менск, 1994). Такіх словаў у слоўніку набралася ажно пад тысячу.
Безэквівалентная лексіка падзяляецца на наступныя тыпы:
- Словы, якія называюць прадметы і рэаліі, уласцівыя толькі аднаму народу (часам іх называюць экзатызмамі). Часцей за ўсё гэта стравы нацыянальнай кухні, адзенне, спецыфічнае хатняе начынне, назвы, звязаныя з гісторыяй, фальклорам народа, сельскагаспадарчымі традыцыямі: пячыста (блюдо, приготовленное из больших кусков мяса, запеченного на огне), конаўка (металлическая или деревянная кружка конусообразной формы), дзядзькаванне (старый обычай белорусских панов отдавать своих сыновей на воспитание в крестьянские семьи), ягамосць (белорусская форма вежливого обращения к кому-либо, незнакомый человек), ваўкалак/ ваўкалака (мифическое существо, человек, способный, согласно поверью, принимать облик волка), заворыны (начало пахоты). Звычайна такія словы не перакладаюцца, а запазычваюцца і тлумачацца ў тэксце іншай мовы як спецыфічная беларуская з’ява.
- Лексіка, якая называе даволі шырока вядомыя прадметы і рэаліі, што існуюць у іншых мовах, напрыклад, бел. глюга – рус. клюв хищной птицы; амшара/ імшара – моховое болото; кухаль/ куфель – бокал для пива/ пивная кружка; бярозавік – березовый сок, завіхацца – усердно выполнять какую-либо работу; цагельня – кирпичный завод. І наадварот: рус. семенить – бел. перабіраць нагамі, дробненька тупаць; южнее – на поўдзень ад…, больш на поўдзень; очерствлять – рабіць чэрствым; разрешающий – які (што) дазваляе; работающий – які (што) працуе і г.д. Чаму ж у адной мове ёсць асобнае слова для нейкага прадмета або з’явы, а ў іншай няма, а ёсць толькі апісальнае вызначэнне? Звычайна гэта тлумачыцца ступенню актуальнасці той ці іншай рэаліі для носьбітаў мовы. Як правіла, для актуальных, важных для сябе рэчаў народ стварае аднаслоўныя найменні, і наадварот, менш важныя рэчы могуць называцца апісальна. Гэтая асаблівасць адбіваецца і ў моўнай карціне свету розных народаў (напрыклад, у насельнікаў пустыні будзе шмат аднаслоўных назваў пяску, падобна як і ў жыхароў поўначы – шмат спецыфічных назваў снегу: які ляжыць, ляціць, учарашні і г.д.), аналіз якой дае ўяўленне пра нейкія ментальныя і соцыякультурныя асаблівасці саміх народаў, пра, так бы мовіць, іх бачанне і ўспрыняцце сябе і свету вакол сябе.
- Безэквівалентная лексіка, абумоўленая адрозненнем словаўтваральных сістэмаў розных моваў: бел. папамучыцца (прыстаўка папа- са значэннем працягласці ці паўторнага дзеяння) – рус. долго промучаться, папашукаць – долго или неоднократно искать; паглыбець (прыстаўка па- са значэннем вышэйшай ступені выражэння прыкметы) – стать более глубоким; загусты (прыстаўка за- са значэннем ‘занадта’) – слишком густой і г.д.
Такім чынам, безэквівалентная лексіка – гэта тое ўнікальнае, што не проста адрознівае слоўнікавы склад моваў розных народаў, але і ў пэўнай ступені адлюстроўвае іх нацыянальны менталітэт як сукупнасць культурных, эмацыйных і псіхічных асаблівасцяў, а часта і гістарычныя сувязі з іншымі народамі і мовамі.
Заданне
УВАГА! Каб пабачыць слушныя варыянты адказаў, вылучыце поле справа курсорам.
Дайце беларускія адпаведнікі наступных рускіх выразаў:
Большое здание – гмах < Правільны адказ схаваны тут (вылучыце курсорам). Ніжэй – тое самае.
Резиновые сапоги – гумовікі
Анютины глазки – браткі
Жена дяди – дзядзіна
В позапрошлом году, 2 года назад – пазалетась
В этом году – сёлета
Коллективная помощь, работа сообща – талака
Опуститься на колени – укленчыць
Майский жук – хрушч
Стать больше – пабольшаць
Курган, в котором по народному поверью похоронены легендарные богатыри – валатоўка
Человек, которым помыкают, командуют – папіхач
Дочь ткача – ткачоўна
Охотно съедаемый – ядкі
Становиться более подвижным, оживленным – жвавець
Полевой, луговой цветок – краска
Видеть во сне – сніць
Кузнечное дело – кавальства
Слабый, надорвавшийся на работе человек; сломанная вещь – зломак
Замужняя женщина – кабета
Тихий шум – пошум
Водить компанию – хаўрусаваць, хаўруснічаць
Главный въезд во двор, город, усадьбу, на завод и др. в виде двустворчатых, крытых сверху ворот – брама
Мериться силами – дужацца
Делить пополам – палавініць
Стеклянная банка – слоік