![]() |
СПАМПУЙЦЕ ПРЭЗЕНТАЦЫЮ POWER POINT СПАМПУЙЦЕ ПРЭЗЕНТАЦЫЮ 2 |
![]() |
СПАМПАВАЦЬ ТЭОРЫЮ І ЗАДАННІ Ў WORD |
![]() |
СПАМПАВАЦЬ РАЗДАТКУ Ў WORD |
Колеры ў нашай мове
Колькі існуе колераў? Насамрэч, мастакі і фізікі оптыкі вам скажуць, што бязмежная колькасць (але пры гэтым вылучаюць 3 або 4 асноўныя колеры, а чорны і белы не лічаць колерамі, бо чорны – гэта адсутнасць колеру, а белы наадварот – змяшэнне ўсіх колераў).
Назваў колераў у мове, канешне, абмежаваная колькасць. Прычым для мовы і чорны, і белы – гэта таксама колеры. У розных мовах колькасць колераў можа не супадаць і гэта не таму, што нашы вочы бачаць па-рознаму. Гэта сведчанне актуальнасці тых ці іншых колераў у культуры асобных народаў.
Назвы колераў бываюць нематываваныя (сёння немагчыма вызначыць, ад чаго яны ўтварыліся) і матываваныя (маюць празрыстую форму). Нематываваныя з пункту гледзішча сучаснай мовы, натуральна, з’яўляюцца самымі старажытнымі. Да іх адносяцца, напрыклад, белы, чорны, зялёны, сіні, шэры, жоўты і г.д.
Прыклады матываваных: карычневы ад кара, фіялетавы ад фіялка, салатавы – ад салата, бурачковы ад бурак, ружовы вд ружа, валошкавы – ад валошка і пад.
Сімвалічным спалучэннем колераў з’яўляецца вясёлка. Можна лёгка запомніць колеры і іх паслядоўнасць, запомніўшы наступныя падказкі:
Чалавек памяркоўны (абачлівы), [a] жонку заўсёды сабе бярэ файную.
Чакаю апэтытных жабак з беларускіх сажалак. Француз.
Чыж аддаў жуку загад: брат, схавай фотаапарат.
Чэшскі пан жадае зноў бачыць сорак фазаноў.
Чаму птах журботны зранку? Бо сапсута філіжанка.
Чырвоны – аранжавы (памаранчовы, памяранчавы) – жоўты – зялёны – блакітны – сіні – фіялетавы
Нельга пераацаніць сімвалічную ролю колераў. У беларускай міфалогіі, фальклоры, этнаграфіі, паводле даследаванняў, існуе тры асноўныя (белы, чырвоны, чорны – універсальная колеравая трыяда) і 4 дадатковыя колеры (жоўты, зялёны, сіні і шэры). У адзенні ж беларусаў пераважна панавалі два колеры – белы і чырвоны.
Кожны з колераў меў некалькі значэнняў:
- Белы – пачатак, жыццёвая сіла (яйка, малако, мужчынскае семя), а таксама пустэча, бесцялеснасць, нараджэнне новага і знікненне старага
- Чырвоны – плоднасць (жаночая сіла), жыццё, кроў, агонь, узнаўленне, здароўе, ваяўнічасць, а таксама крывавая небяспека, парушэнне гармоніі, смерць і яе пераадоленне
- Чорны – распад, ноч, сон, адсутнасць свядомасці, завяршэнне зямнога цыклу, смерць
- Жоўты – нешта чужое, хвароба, смерць, разбурэнне
- Зялёны – маладосць, зменлівасць, няспеласць, актыўнасць, развіццё
- Сіні – аддаленасць ад чалавечага свету, чужароднасць, неба, мора
- Шэры – зменлівасць, няяснасць, туманнасць, змешанасць
У геральдыцы значэнне гэтых колераў наступнае:
- Белы (срэбра) – святло, высакароднасць, вышэйшая ўлада, свабода
- Чырвоны – адвага, мужнасць, бясстрашнасць, вайна
- Чорны – ноч, змрок, смерць, смутак
- Жоўты (золата) – багацце, сіла, вернасць, сумленнасць
- Зялёны – надзея, багацце, свабода, жыццё
- Сіні – веліч, прыгажосць
Такім чынам, паводле законаў геральдыкі колеры нашага нацыянальнага герба і сцяга сімвалізуюць свабоду, святло, чысціню і мужнасць, адвагу, праведную кроў. Паводле хрысціянства белы колер – чыстая душа верніка, а чырвоны – слова Божае, якое пакінула ў ёй свой след. Вось чаму ва ўбранні святароў можна ўбачыць белую стужку зх чырвонай паласой пасярэдзіне.
Дастаткова часта назвы колераў ужываюцца не ў прамым, а ў пераносным значэнні: чырвоная армія, чырвоны радок, чырвоны дзень клендара, чырвоны куток, чырвоная кніга.
Заданні
УВАГА! Каб пабачыць правільныя адказы, вылучыце курсорам вобласць побач з зорачкай!
Якія пераносныя значэнні маюць наступныя назвы колераў:
Зялёны – * ‘малады, няспелы’ (зялёны хлопец), ‘экалагічны’ (зялёная энергетыка), ‘без перашкод’ (зялёная хваля), ‘даляр’, ‘належны да войска суседняй краіны’ (зялёныя чалавечкі)
Жоўты – * ‘прадажны’ (жоўтая прэса), ‘прадстаўнік мангалоіднай расы’ (жоўтая скура)
Аранжавы – * ‘звязаны з пратэстамі ва Украіне’ (аранжавая рэвалюцыя)
Чорны – * ‘дрэнны, цяжкі’ (чорная праца), ‘некваліфікаваны’ (чорная праца), ‘не парадны, службовы’ (чорны ўваход), ‘нізкі, падступны’ (чорныя думкі, чорная зайздрасць), ‘неафіцыйны, нелегальны’ (чорны рынак)
Карычневы – * ‘звязаны з фашызмам’ (карычневыя лозунгі)
Шэры – * ‘нудны, нецікавы’ (шэры паэт, твор), ‘які парушае закон, неафіцыйны’ (шэрыя схемы), ‘пра надвор’е: пахмурнае’ (шэрая раніца)
Блакітны – * ‘гомасэксуальны’ (блакітная пара), ‘вельмі жаданы, але амаль недасяжны’ (блакітная мара)
Белы – * ‘законны, афіцыйны’ (белы тавар), ‘пра чалавека, які належыць да еўрапеоіднай расы’
Уставіць патрэбны колер ў прымаўкі і прыказкі і патлумачыць іх значэнне:
Шыта белымі ніткамі – * відавочна, вельмі бачна
Блакітная кроў, белая костка – * арыстакратычны з іранічным адценнем
Зялёная вуліца – * адсутнасць перашкод у нейкай справе
Бачыць усё ў ружовым святле, хадзіць у ружовых акулярах – * не бачыць реальнасці, ідэалізаваць
Трымаць у чорным целе – * дрэнна, жорстка стаціцца, стварыць цяжкія ўмовы існавання, эксплуатаваць
Сіняя (блакітная) птушка – * мара
Пускаць чырвонага пеўня – * падпальваць
Пакінуць на чорны дзень – * на цяжкі дзень
Падабраць сінонімы да назваў колераў (у іх прамым значэнні):
Чырвоны: * пунсовы, барвовы, крывавы, румяны, кармінны (кармінавы), ірдзяны, вішнёвы…
Зялёны: * салатавы, ізумрудны, смарагдавы, малахітавы, травяністы, палыновы, колеру хакі…
Сіні: * валошкавы, васільковы, цёмна-блакітны, лазурны, бірузовы…