Дзеепрыслоўе
СПАМПАВАЦЬ ТЭОРЫЮ І ЗАДАННІ Ў WORD
Дзеепрыслоўе – нязменная форма дзеяслова, што называе дадатковае дзеянне для паяснення асноўнага дзеяння, выражанага дзеясловам-выказнікам.
Дзеепрыслоўе – дастаткова маладая часціна мовы, якая аб’ядноўвае як рысы дзеяслова, так і прыслоўя. Адсюль і сама назва. Ад дзеяслова, ад якога яно, уласна кажучы, і ўтвараецца, дзеепрыслоўе атрымала такая катэгорыі, як трыванне, спалучанае з часам, пераходнасць/непераходнасць, зваротнасць/незваротнасць. Дзепрыслоўе не змяняецца і прымыкае да дзеяслова, паясняючы яго, як прыслоўе.
Дзеепрыслоўе незакончанага трывання (што робячы?) заўсёды ўтвараецца ад дзеясловаў незакончанага трывання (што рабіць?) пры дапамозе суфіксаў -учы/-ючы (для 1 спражэння) і –ачы/-ячы (для 2 спражэння):
Несці (што рабіць? 1 спр.) → несучы (што робячы?)
Браць (што рабіць? 1 спр.) → беручы (што робячы?)
Хадзіць (што рабіць? 2 спр.) → ходзячы (што робячы?)
Насіць (што рабіць? 2 спр.) → носячы (што робячы?)
Не блытаць з формамі дзеепрыслоўя у рускай мове, якія заканчваюцца на суфікс –а/-я (читая – чытаючы, неся – несучы, беря – беручы, делая – робячы, глядя – гледзячы).
Варта памятаць, што ў дзеепрыслоўях на –учы/-ючы, -ачы/-ячы месца націску залежыць ад таго, на які склад падае націск у дзеяслове, ад якога гэтае дзеепрыслоўе ўтворана: чыта́ю – чыта́ючы, але нясу́ – несучы́, бяру́ – беручы́.
Дзеепрыслоўе закончанага трывання (што зрабіўшы?) утвараецца ад дзеяслова закончанага трывання (што зрабіць?) пры дапамозе суфіксаў –ўшы (пасля галосных) і –шы (пасля зычных):
Напіцца (што зрабіць?) → напіўшыся (што зрабіўшы?)
Схавацца (што зрабіць?) → схаваўшыся (што зрабіўшы?)
Прынесці (што зрабіць?) → прынёсшы (што зрабіўшы?)
Збегчы (што зрабіць?) → збегшы (што зрабіўшы?)
Увага: Ад аднаго дзяслова можа быць утворана не больш за адно дзеепрыслоўе адпаведнага трывання!
Калі ў інфінітыве дзеяслоў закончанага трывання мае суфікс –ну-, то ў дзеепрыслоўі ён выпадае, як у прошлым часе дзеяслова, ад якога ён утвораны: высахнуць → высахшы.
Пры ўжыванні дзеепрыслоўяў трэба памятаць, што асноўнае дзеянне (выражанае дзеясловам-выказнікам) і дадатковае дзеянне (выражанае дзеепрыслоўем) заўсёды павінна адносіцца да адной і той жа асобы/прадмета (суб’екта дзеяння):
Большасць асудзіла аўтара, нават не прачытаўшы ягоны раман.
Парушэннем з’яўляецца ўжыванне дзеепрыслоўя, якое адносіцца да іншага, чем дзеяслоў, суб’екта:
Пад’язджаючы да станцыі, з мяне зляцеў капялюш.
У такім выпадку, каб выправіць памылку, трэба, напрыклад, трансфармаваць дзеепрыслоўны зварот у даданы сказ або ў канструкцыю з аддзеяслоўным назоўнікам:
Калі я пад’язджаў да станцыі, з мяне зляцеў капялюш.
На пад’ездзе да станцыі з мяне зляцеў капялюш.
Памылковым таксама з’яўляецца ўжыванне дзеепрыслоўя ў безасабовых сказах:
Вярнуўшыся дахаты, на дварэ задажджыла.
У такім выпадку трэба выкарыстоўваць даданую канструкцыю:
Пасля таго як я вярнуўся дахаты, на дварэ задажджыла.
Аднак дзеепрыслоўе можа ўжывацца, калі ў безасабовым сказе ўжываюцца мадальныя словы кшталту можна, нельга, трэба, варта, добра і г.д. у спалучэнні з інфінітывам:
Можна доўга хадзіць па базары, так нічога не выбраўшы.
У абагульнена-асабовых сказах, дзе фізічна дзейнік адсутнічае, але маецца на ўвазе (у такім выпадку можна падставіць ты), ужыванне дзеепрыслоўя не парушае норму, паколькі адносіцца да таго самага суб’екта, што і дзеяслоў:
Не хваліся сеўшы, а хваліся з’еўшы.
Заданні
УВАГА! Каб пабачыць правільныя адказы, вылучыце курсорам вобласць побач з зорачкай!
Ад наступных дзеясловаў утварыць дзеепрыслоўі:
Узяць – * узяўшы
Пісаць – * пішучы
Піць – * п’ючы́
Зжаць – * зжаўшы
Уцячы – * уцёкшы
Развітвацца – * развітваючыся
Ліць – * льючы́
Купіць – * купіўшы
Купляць – * купляючы
Замазаць – * замазаўшы
Зберагчы – * збярогшы
Узгадваць – * узгадваючы
Намокнуць – * намокшы
Бачыць – * бачачы
Хадзіць – * ходзячы
Жаць – * жнучы́
Знайсці памылкі ва ўжыванні дзеепрыслоўяў і выправіць:
- Прачытаўшы верш, адчуваецца замілаванне да роднага кутка. – * Прачытаўшы верш, адчуваеш замілаванне да роднага кутка.
- Скончыўшы працаваць, было ўжо позна. – * Калі мы скончылі працаваць, было ўжо позна. Скончыўшы працаваць, мы ўбачылі, што было ўжо позна.
- Паглядзеўшы на блакітнае неба, мне ўяўляецца вясна. – * Паглядзеўшы на блакітнае неба, я ўяўляю вясну. Калі я гляджу на блакітнае неба, то ўяўляю вясну.
- Прыехаўшы туды, нас выбеглі сустракаць сабакі. – * Калі мы прыехалі туды, нас выбеглі сустракаць сабакі.
- Паглядзеўшы фільм, нешта змянілася ў май свядомасці. – * Калі я паглядзеў фільм, нешта змянілася ў маёй свядомасці.
- Вяртаючыся дахаты, трэба зайсці ў краму па малако. — * правільна
- Знайшоўшы неабходнае фінансаванне, дом працягвае будавацца трэстам. — * Знайшоўшы неабходнае фінансаванне, трэст працягвае будаваць дом.
- Прачытаўшы кнігу, пісьменнік стаў для мяне бліжэйшым. – * Калі я прачытаў кнігу, пісьменнік стаў для мяне бліжэйшым.
- Гледзячы на такую несправядлівасць, у мяне сэрца крывёю абліваецца. – * Калі я гляджу на такую несправядлівасць, у мяне сэрца крывёю абліваецца.
- Скончыўшы экскурсію, у рэстаране нас чакала вячэра. – * Калі скончылася экскурсія, у рэстаране нас чакала вячэра. Па сканчэнні экскрсіі ў рэстаране нас чакала вячэра.
- Увайшоўшы ў лес, сонца ўжо села. – * Калі мы ўвайшлі ў лес, сонца ўжо села.
- Папрацаваўшы тут год, бацьку перавялі на іншую пасаду. – * Пасля таго, як бацька тут папрацаваў год, яго перавялі на іншую пасаду.
- Абапіраючыся на сцверджанне самога аўтара, гэты твор быў напісаны ў пачатку 70-ых. — * Абапіраючыся на сцверджанне самога аўтара, можна сказаць, што гэты твор быў напісаны ў пачатку 70-ых.