Фота Зарыны Кандрацьевай, www.budzma.by
На занятках прысутнічала больш за 300 чалавек. Хоць цяпер мы і маем 300 пасадачных месцаў, аднак і тут ўсім не хапіла — дужа людзей стаяла….
Пачалі заняткі з чытання верша Ларысы Геніюш — ушанаваўшы гэтак дзень памяці паэткі. Агледзелі кніжную навінку — апошнія вершы Рыгора Барадуліна “У неба пехатою” (http://labadzenka.by/?p=26652).
Потым вядоўцы адказвалі на пытанні і прапановы, якія паступілі на ўсеагульным анкетаванні студэнтаў “Мовы Нановы”. Варта сказаць, што там было вельмі шмат парадаў і заўваг па справе! Дзякуй за крытыку і неабыякавасць!
У граматычнай частцы размаўлялі пра павелічальныя і памяншальныя формы назоўнікаў. Калі рабілі практычнае заданне, то насмяяліся ад душы!
Разабралі слоўнік па тэме “Горад”. Даведаліся пра ўнікальнага менскага мэра Караля Чапскага. Правялі віктарыну на веданне самых старых будынкаў Менска і пазнаванні на старых фота сучасных мясцін горада.
Музычны госць заняткаў — Лявон Вольскі. Разам з калегам Паўлам Аракелянам яны зладзілі практычна паўнавартасны канцэрт з 10 песень, сарваўшы авацыі студэнтаў!
Праз тыдзень, 14 красавіка будзем мець тэму “Адукацыя” і дыскусію па гэтых заўсёды актуальных пытаннях.
14 красавіка, 19.00, Галерэя Ў (Незалежнасці, 37а), уваход вольны
Мова нанова!