Адгадайце разам з дзецьмі!
УВАГА! Каб пабачыць адгадку, вылучыце курсорам вобласць справа ад зорачкі.
Улетку адпачываюць,
А ўзімку дзяцей катаюць.
*Санкі
Па сцяжыне, па дарозе
Бегчы я ў іх не ў змозе,
І па снезе не ідуць,
Лёд убачаць – і лятуць!
*Канькі
Без сякеры, без пілы, а масты будуе.
*Мароз
Шар пастаўлены на шар,
Нос чырвоны на ўвесь твар,
Рот і вочы – вугалькі.
Адгадайце, хто такі?
*Снегавік
Пятрок ля варот цяпло ўвалок, сам не бяжыць, а стаячых не любіць.
*Мароз
Ішоў генерал, з усіх шапкі паздымаў, а трое не даліся.
*Мароз, хвоя, елка, ядловец
Ляцеў птах, на ваду — бах. Вады не скалаціў, на дно патануў.
*Снег
Ляцелі белыя гусі, крыллі русы, ды нельга з іх па пёрушку вырваць.
*Снег
Ляцяць птушкі без крылаў, а сядаюць без ног.
*Сняжынкі
Зімой расце коранем уверх, а вясной памірае. Хто адгадае?
*Лядзяш
З неба ўпаў, усю зямлю, як абрусам, заслаў.
*Снег
Зімой грэе, вясной тлее, улетку памірае, увосень аджывае.
*Снег
На вадзе родзіцца, а вады баіцца.
*Лёд
Удзень шкло разбіта, а нанач устаўлена.
*Лёд у палонцы
Без рук малюе, без зубоў кусае.
*Мароз
Па калені вады, а не нап’ешся.
*Снег
Са страхі морква вісіць, да зямлі не дастане, паху не мае, зімой вырастае.
*Лядзяш
Сее, вее, рассявае, зімой сляды замятае.
*Снег
Белы, а не цукар, без ног, а ідзе.
*Снег