![]() |
СПАМПАВАЦЬ ПРЭЗЕНТАЦЫЮ POWER POINT |
![]() |
СПАМПАВАЦЬ СЛОЎНІК РЫБАЛОЎНАГА ЖАРГОНУ Ў WORD |
Склаў Ігар Крэбс
А
Абарыген — крыху зняважліва пра мясцовых жыхароў, напр. абарыгены перакапалі дарогу да возера.
Абрэз — перакусванне рыбай лёскі, напр. шчупачыны абрэз.
Адводны — варыянт спінінгавай аснасткі з дадатковым (адводным) павадком.
Аддай спінінг (фідэр) — вельмі моцная паклёўка, пры якой вудзільна вырывае з рук, напр. паклёўка была “аддай спінінг”.
Адклікнуцца — пра рэакцыю рыбы на дзеянні рыбака, напр. бель адразу адклікнулася на прыкорм.
Адкрыцца — распачаць рыбалоўны сезон, напр. я сёння нарэшце адкрыўся па лёдзе.
Адправіць падрастаць — адпусціць рыбу.
Акуняка — акунь.
Амністыя — адпусканне злоўленай рыбы, напр. поўная амністыя (калі адпускаецца ўся рыба).
Аншлаг — вялікая колькасць рыбакоў у межах бачнасці, напр. на Вілейцы поўны аншлаг.
Апарат — буйная рыба, напр. на ямцы ёсць шанец вылавіць апарат.
Апарык — апарыш, від прынады, лічынка мухі.
Арэшына — вудзільна, выразанае з адпаведнай расліны.
Афсетнік — афсетны кручок, на які насаджваецца гумовая рыбка.
Б
Баец — рыба, якая моцна супраціўляецца пры выважванні, напр. вусач быў невялікі, але сапраўдны баец.
Балотнікі — высокія рыбацкія боты.
Бананец — рыбалка без поспеху.
Барада — моцна заблытаная лёска.
Баставаць — пра рыбу: не кляваць, напр. рыба ўвесь дзень баставала.
Бацька — Нёман, напр. пабыў на Бацьку два дні.
Баўтушка — манка, від прынады.
Бель, белая рыба — недрапежная рыба, якая не харчуецца іншымі рыбамі.
Бетон — звычайна дамба, напр. расклаўся на бетоне.
Біць — 1. плюхацца, напр. шчупак перыядычна біў ля травы, 2. пра драпежную рыбу: паляваць.
Бой — 1. шумная валтузня рыбы, напр. быў бачны бой чародкі акунёў, 2. паляванне драпежнай рыбы.
Бонус — злоўленая неспадзявана вялікая рыба.
Боўдзіла — шумны рыбак, які гучна закідвае прыкорм ці прынаду ў ваду, плюхае вудзільнам, перашкаджаючы іншым рыбакам.
Боўтка — шост, які выкарыстоўваецца на чоўне замест вёслаў.
Брак — браканьер.
Брацца, браць, узяцца — лавіцца, напр. плотка бралася на матыля.
Буза — прамытыя часцінкі доннага грунту, якія выкарыстоўваюцца для прыгатавання прыкорму.
Буцер — камбінаваная насадка, напр. чарвяк + апарыш.
БЧБ — камбінаваная насадка з двух апарышаў і аднаго матыля.
В
Вешацца — кляваць, брацца на кручок, напр. на пярлоўку вешалася плотка.
Воб — воблер, драўляная рыбка, якая выкарыстоўваецца пры спінінгавай лоўлі.
Вожык — ёрш.
Восці — браканьерская колючая прылада ў выглядзе трызубца, напр. біць рыбу восцямі.
Выбіць — спустошыць вадаём, напр. электрыкі выбілі раку.
Выварочвацца — пра вялікую рыбу: моцна плюхаць.
Вылазка — кароткая паездка на рыбалку.
Выкідыш — дробная рыба, якую адпусцілі.
Вымучыць — з вялікімі намаганнямі злавіць мала рыбы, напр. вымучыць некалькі плотак.
Высмактаць насадку — сапсаваць насадку і не злавіцца, напр. плотка высмактала апарыка.
Выставіць глыбіню — адрэгуляваць глыбіню апускання прынады пры паплаўковай лоўлі.
Вяртушка — пялёсткавая блясна, якая круціцца пры руху ў вадзе.
Г
Галава — груз, які вешаецца перад гумовай рыбкай пры лоўлі спосабам джыг.
Гадзіла — вялізная рыба.
Гадзіць — смеціць.
Гарбач, гарбыль — вялікі акунь.
Глуха — бясклёўе, напр. што ні спрабаваў — глуха.
Глухая аснастка — аснастка з фіксаванай даўжынёй лёскі.
Глухі зачэп — зачэп кручка, які немагчыма вызваліць з берага.
Грузік — грузіла
Д
Дакорм — дадатковы закорм рыбы.
Дарожыць — лавіць на спінінг з чоўна, які рухаецца на вёслах.
Двайнік — здвоены кручок.
Двушка — двухкілаграмовая рыба.
Драбасцер — няўцямная частая паклёўка.
Драбасціць — дробна ды часта кляваць.
Драць — інтэнсіўна лавіць, напр. драць бель.
Дубіна — 1. грубае цяжкае вудзільна, 2. донная снасць, прывязаная да кала, уторкнутага ў бераг.
Дубіншчык — рыбалоў, які ловіць празмернай колькасцю вудаў і займае імі вялікі кавалак берага.
Душыць — лавіць зашмат, напр. не душыце моладзь!
ДЖ
Джыгаваць — ад анг. jig, лавіць спінінгам на гумовую прынаду з перарывістай праводкай.
Джыгіт — спінінгіст, які ловіць спосабам джыг.
ДЗ
Дзыбаць — пра рыбу: кранаць насадку, не заглынаючы яе, на што амаль незаўважна рэагуе сігналізатар паклёўкі.
Дзыб-дзыб — ледзьве заўважная паклёўка, напр. паўдня толькі дзыб-дзыб.
Дзяркач — спінінгавая аснастка, якая імітуе чародку дробных рыбак.
Дзяўб(с)ці — 1. лавіць рыбу, напр. учора дзёўб плотку, 2. кляваць.
Ж
Жалеза — блёсны, якія хістаюцца пры праводцы.
Жор, Жора — вельмі актыўны клёў рыбы, напр. Жора не прыйшоў.
Жыўцовы памер — дробны памер рыбкі, напр. лавіўся толькі пячкур жыўцовага памеру.
З
Забагрыць — выпадкова зачапіць рыбу кручком і выцягнуць яе з вады.
Заваліць — злавіць буйную рыбу, напр. заваліў сома на дзясятку.
Заглотыш — маленькі рыбалоўны кручок.
Закарміцца — закінуць прыкорм у ваду.
Закідуха, закідушка — донная снасць, звычайна з грузам на канцы і некалькімі кручкамі.
Закілошнік — рыба вагой больш за кілаграм, напр. ляшчара-закілошнік.
Закорм — закідванне прыкорму ў ваду.
Залётны — выпадкова злоўленая рыба, напр. залётны галавенчык.
Запаркаваць — вылавіць рыбу і пасадзіць у садок, напр. запаркаваў падляшча на паўкіло.
Зачотны — пра рыбу: нядробная, але не вельмі вялікая.
Зашыцца — схавацца, напр. шчупак зашыўся ў траву.
Згарнуцца — сабрацца, скончыўшы лоўлю.
Здаць месца — некаму расказаць, дзе знаходзіцца рыбнае месца.
Злавіць кіта за яйцы — зачапіцца кручком за корч.
Злавіць на паплавок — злавіць рыбу паплаўковай вудай.
Звабіць на паклёўку — нешта зрабіць, каб рыба клюнула.
Змарыць — стаміць рыбу пры выважванні.
Зубасты — шчупак.
Зялёнка — водная расліннасць.
І
Ігнор — адсутнасць клёву, напр. поўны ігнор.
Ігнорыць — не кляваць, напр. карась учора ўвесь дзень ігнорыў.
Ікласты — судак.
Інтэнсіў — інтэнсіўныя спосабы лоўлі.
К
Казырнае месца — месца на вадаёме, дзе добра ловіцца рыба.
Какунь, кокунь — акунь.
Калабашка, калыбаха, калыбашка — заякараная прылада для пасіўнай лоўлі драпежнай рыбы на жыўца, якая складаецца з вялікага паплаўка ў выглядзе кавалка пенапласту ці пластыкавай бутэлькі ды павадка з кручком.
Калябалка, калябло — від блясны, якая калышацца пры праводцы.
Камышыкі — рэдкі чарот.
Капыт — від спінінгавай прынады ў выглядзе гумовай рыбкі, хвост якой мае патаўшчэнне ў выглядзе капыта.
Карасевіч — ласкава пра карася.
Карлікавы — пра рыбу: дробны, напр. карлікавы акунь.
Кармак — фідэрная кармушка.
Карміцца — 1. закідваць прыкорм у ваду, 2. пра рыбу: есці прыкорм, напр. лешч актыўна карміўся.
Карта — штучны вадаём на месцы былой торфанарыхтоўкі.
Касцер — кукалка апарыша.
Катлета — прыкорм, злеплены ў форме шайбы.
Катухан — рыбалоўная катушка.
Кацёл — месца моцнай канцэнтрацыі рыбы, напр. акунёвы кацёл.
Кілошка, кілошнік — рыба вагой каля кілаграма.
Кіль — кілаграм.
Кітайка — браканьерская сетка з лёскі.
Клёва — клёў, напр. вечарам Клёва прыйшоў .
Колат — шост з папярэчынай, які выкарыстоўваюць, каб каламуціць, “калаціць” ваду і лавіць у ёй рыбу.
Конь — вялікая рыба, напр. з вады выскоквалі вялізныя коні.
Кракадзіл — вялікі шчупак.
Крук — рыбалоўны кручок.
Крыга — браканьерская сетка, нацягнутая паміж дзвюма жэрдкамі, якія знізу злучаныя паміж сабой жэрдкай альбо ланцугом.
Л
Лабасты — галавень.
Лапаць — лешч.
Ласаснуць — нічога не злавіць.
Лаўрушка — дробная гусцяра ці падлешчык.
Лютаваць — пра бурнае і шумнае праяўленне актыўнасці рыбы, напр. жэрах лютаваў.
Ляшчара — вялізны лешч.
Ляшчына — вудзільна, выразанае з адпаведнай расліны.
М
Мазюка — супрацькамарыны крэм.
Макарона — від насадкі з мучных вырабаў, часцей за ўсё “зорачкі” і “трубачкі”.
Макнуць — закінуць вуду, напр. паехаў макнуць спін.
Мамка — шчупак вельмі вялікага памеру.
Манка — від прынады з замешанай на вадзе манных крупаў.
Мантаж — аснастка.
Маслаць — шматразова закідваць спінінг, напр. маслаў гадзіну — ніводнага тычка.
Мастырка — насадка, якая гатуецца з гароху, мукі ці манкі.
Матросік — невялікі акунь.
Махавік — рыбак з махавой вудай.
Махаць — лавіць на махавую вуду.
Мерны — нядробны, але не вельмі вялікі, аднолькавага памеру, напр. лавіўся мерны падлешч.
Моладзь — невялікая маладая рыба.
Мона — моналёска.
Морква — прыкорм, злеплены ў форме конуса, напр. кінуў у ваду пару моркваў.
Мульт — інерцыйная рыбалоўная катушка.
Мурзаць — выважваць рыбу, напр. мурзаў лешчыка хвілінаў дзесяць.
Мясарубка — безынерцыйная рыбалоўная катушка.
Н
Набегамі — перыядамі, час ад часу, напр. кляваць набегамі.
Надаваць па хвастах — аблавіць іншых рыбакоў.
Нажыва — насадка.
Намахаць — налавіць рыбы махавой вудай.
Нана — вельмі дробная рыбка, напр., нанаплотка, нанагусцяра.
На падзенні — паклёўка пры апусканні прынады, напр. укляя ўзялася на падзенні.
Наскрэбці — з цяжкасцю налавіць рыбы.
На ўтоп — паклёўка, пры якой паплавок сыходзіць пад ваду, напр. карась клюнуў на ўтоп.
Нацэліцца — сабрацца лавіць пэўны від рыбы, напр. нацэліўся на ляшча.
Не бярэ! — стандартны выраз пра адсутнасць клёву.
Недамерак — зняважліва пра невялікую рыбу.
Нітка — плеценая лёска.
Ні пра што — кепскі, ніякі, напр. клёў ні пра што.
Ножык — маленькі шчупак.
Норма — дазволеныя для ўлову 5 кг рыбы, напр. зрабіць норму — вылавіць 5 кг рыбы.
О
ОБТ — олд беларашн традзішн, выпіўка на рыбалцы.
ОП, опа — безвыніковая лоўля.
П
Павук (пад’ёмнік) — невялікая чатырохвугольная сетка, якая выкарыстоўваецца для лоўлі жыўца альбо ў браканьерскіх мэтах.
Падвох — рыбак-падводнік.
Падлец, падлешч — маленькі лешч, звычайна вагой да 1 кг.
Падняць — злавіць, напр. раніцай падняў сундук на двушку.
Падпасак — найбліжэйшы грузік (грузіла) да кручка.
Падсачыць — прыняць рыбу ў падхватнік.
Паласаты, паласацік — акунь.
Паласкаць — лавіць, звычайна на спінінгавую прынаду, напр. увесь дзень паласкаў блясну.
Палка — вудзільна.
Палярыкі — палароідныя акуляры.
Паплавок — паплаўковая вуда, напр. збіраюся палавіць плотку на паплавок.
Паплавочка — паплаўковая снасць.
Парасё, парсючок — нядробная рыба, напр. добры такі парсючок злавіўся.
Пасасакі — безвыніковая рыбалка.
Паставушка — донная снасць, у якой лёска прывязваецца да кала, уторкнутага ў бераг.
Патапіць рыбу — адпусціць яе.
Паўтарашка — рыба на паўтара кілаграма.
Пацяжка — паклёўка, звычайна слабая.
Пена, пенапласт — від насадкі ў выглядзе пенапластавага шарыка.
Перапісаць хады — адсачыць прыёмы і метады лоўлі іншага рыбака.
Перацяжка — снасць з некалькімі кручкамі для паверхневай лоўлі, пры якой канцы лёскі знаходзяцца на розных берагах вадаёма.
Печыва — ад польск. pieczywo, араматызаваны і фарбаваны дадатак да прыкорму.
Пінгвін — рыбак на лёдзе.
Пінка — ад польск. pinka, дробны, звычайна каляровы апарыш.
Піпісачны — вельмі дробны, напр. піпісачны акунь.
Піпісон — зняважліва пра дробную рыбку.
Пірсінг — кручок ці прынада з кручком, якія застаюцца ў рыбе пасля абрыву снасці, напр. шчупак сышоў з пірсінгам.
Платнік — вадаём, на якім за лоўлю рыбы бяруць плату.
Плюхаць — рабіць гучныя закіды, напр. сусед плюхаў увесь час і распужаў рыбу.
Плямісты — шчупак.
Плятня, пляцёнка — плеценая лёска.
Праводка — рух прынады, кіраваны рыбаком.
Праклюнуцца — пачаць кляваць.
Прамышляць — здабываць рыбу.
Прапыласосіць — з’есці дарэшты, напр. рыбы прапыласосілі закінуты ў ваду прыкорм.
Прытоп — апусканне паплаўка пры паклёўцы.
Прэсінг — адчувальны ўплыў рыбакоў на вадаём, напр. сёлета прэсінг на Раўбічы зменшыўся.
Пуляць — закідваць, напр. увесь дзень пуляў вяртушку.
Пусты — пра рыбу: без ікры ці малака.
Пэвэхашка — човен з ПВХ.
Пярлоўка — распараныя ячныя крупы для прынады і прыкорму.
Пяро — плаўнік.
Пятля ў пятлю — спосаб мацавання аснасткі.
Р
Разлавіць — злавіць рыбу на новую снасць ці прынаду, напр. разлавіў новы мах на Бярэзіне.
Разлажыцца, раскласціся — падрыхтавацца да лоўлі на вадаёме.
Рознарыбіца — дробная рыба розных відаў, напр. налавіў два кіля рознарыбіцы.
Рост — даўжыня вудзільна, напр. пры росце 2,3 м спін пуляе за гарызонт.
Рыбаліць — рыбачыць.
Рыбамабіль — аўто, на якім ездзяць на рыбалку.
Рызіна — штучная гумавая прынада пры спінінгавай лоўлі.
Рып, рыпка — рыба.
Рэалізацыя (паклёвак) — суадносіны колькасці паклёвак да колькасці злоўленай рыбы, напр. на матыля рэалізацыя 70 працэнтаў.
Рэха — рэхалот, напр. па рэху рыбы не бачыў.
С
Саліцёр — паразіт, лентачны гліст, на які хварэе рыба.
Саплівы — лешч, напр. хачу падняць саплівага.
Свісток — рыбная пашча, напр. крук парэзаў ляшчу свісток, але не разагнуўся.
Селядцы, сялёдкі — уклейкі вялікага памеру.
Семкі — драблёныя семачкі сланечніку, дадатак у прыкорм.
Сікельда, сікіляўка — зусім маленькая рыбка.
Сілікон — сіліконавая прынада для спінінга.
Скласціся — сабрацца пасля рыбалкі.
Смактуха — кармушка, у якой пад прыкормам (кашай) хаваюцца кручкі.
Соплі — 1. ляшчовая склізь на рыбе і снасцях, 2. склізь ад распаранай адмысловым чынам пярлоўкі.
Спакусіцца — клюнуць, напр. паласацік спакусіўся на попер.
Спін — спінінг.
Спінінгуй — спінінгіст.
Стаяць на прыкорме — пра рыбу, якая збіраецца на закормленую кропку.
Стаячка — месца закідвання вуды без плыні.
Ствол — вудзільна.
Стрыгчы паралон — выразаць з паралону судаковую прынаду.
Сумна — адсутнасць клёву, напр. па белі было сумна.
Сундук — судак.
Сустрэцца з тунцом — нічога не злавіць.
Сыход — самавызваленне рыбы з кручка, напр. пад самым берагам ізноў крыўдны сыход.
Сыпануць — аднаразова закарміцца ўроссып, напр. сыпануць камбікорму, прыкорму.
Сыценькі — вялікі, напр. сыценькі паласацік.
Сэнсэй — вопытны рыбак.
Т
Таварны — пра рыбу: добрага памеру.
Тапелец — адпушчаная рыба.
Таптуха — трохвугольная браканьерская сетка, у якую заганяюць рыбу з травы.
Таранька — дробная сушаная рыба.
Твічыць — ад анг. twitch, лавіць воблерамі адмысловай рыўковай праводкай па т.зв. тэхніцы твічынгу.
Травянка — невялікі шчупак, які стаіць у водных зарасцях.
Трайнік — строены кручок.
Трафей — здабытая рыба вялікага памеру.
Троліць — лавіць рыбу спінінгам з чоўна з рухавіком.
Троль — рыбак, які ловіць рыбу тролінгам.
Тросць — трыснёг.
Трошка — трохкілаграмовая рыба.
Трудавы — цяжкі для лоўлі, напр. трудавая рыба.
Тукі — паклёўкі, якія адчуваюцца рукой праз вудзільна, звычайна спінінг, напр. судаковыя тукі.
Тычок — няўцямная паклёўка, напр. быў невыразны тычок, потым — цішыня.
Тэлевізар — браканьерская сеткавая снасць кубічнай формы.
У
Угаворы — хітрыкі, напр. ніякія ўгаворы не дапамаглі злавіць карасевіча.
Узяць — злавіць, напр. на вяртушку ўзяў трох акунёў.
УЛ — ад слова ультралайт, вельмі лёгкі спінінг.
Уліць — лавіць ультралайтавым спінінгам.
У пашане — тое, на што клюе, напр. у пашане быў матыль.
Упірацца — настойліва лавіць якім-небудзь адным метадам, снасцю ці адзін від рыбы, напр. упірацца ў плотку.
Утапіць — адпусціць рыбу.
Ф
Фідэраст — рыбак, які ловіць на фідэр (донную вуду з кармушкай).
Фідэрыць — лавіць на фідэр, то бок доннай вудай з кармушкай.
Фіш — ад анг. fish, рыба, напр. фіш баставаў.
Х
Халасты — безвыніковы, напр. халастая паклёўка.
Хатні вадаём — вадаём, які знаходзіцца непадалёку ад месца жыхарства рыбака і часта наведваецца дзеля рыбалкі.
Хвост — здабытая рыба, напр. узяў пяць хвастоў.
Хек — судак.
Ц
Цечка — ад рус. течение, 1. плынь, 2. месца закідвання вуды з плынню.
Цішыня — адсутнасць клёву, напр. пасля заходу сонца — цішыня.
Цюлька — дробная ўклейка, верхаводка.
Цэль — рыба, якую рыбалоў збіраецца лавіць, напр. сёння цэль — судак.
Цягаць — інтэнсіўна вылоўліваць рыбу.
Цяжарная — з ікрой, напр. цяжарная плотка.
Ч
Чабураха, чабурашка — від спінінгавай насадкі.
Чорныя камяні — інтэнсіўны клёў, напр. клявала ў рэжыме чорных камянёў.
Чушка — вялікая рыба, напр. на рацэ выварочваліся вялізныя чушкі.
Ш
Шалупень — дробныя рыбкі.
Шлёпаць — мерна вылоўліваць рыбу, напр. шлёпаў плотку адну за адной.
Шнурок — маленькі шчупак.
Шурпаты — пра рыбу: нягладкая, з невялікімі няроўнасцямі падчас нерасту, напр. шурпатая плотка.
Шчупакабра — шчупак.
Э
Электрык — браканьер, які выкарыстоўвае электрычны ток дзеля забойства рыбы.
Эльдарада — 1. рыбнае багацце, 2. вельмі інтэнсіўны клёў.
Я
Як адрэзала — стандартны выраз пры раптоўным заканчэнні клёву.