МОВА НАНОВА – бясплатныя курсы беларускай мовы. Існуюць са студзеня 2014 года. Запачаткаваныя ў Менску філолагам Алесяй Літвіноўскай і журналістам Глебам Лабадзенкам. Таксама курсы дзейнічаюць у Астраўцы, Браславе, Бабруйску, Баранавічах, Барысаве, Берасці, Віцебску, Гародні, Гомелі, Магілёве, Маладзечне, Рэчыцы, Светлагорску і Салігорску.
Штотыдзень курсы наведвае каля 650 студэнтаў. Ад кастрычніка 2014 года выдадзена больш за 2200 студэнцкіх білетаў.
У лістападзе 2014 года курсы атрымалі дзяржаўную рэгістрацыю як “Сацыяльна-культурная ўстанова развіцця беларускай мовы і культуры “Мова Нанова”.
Назва курсаў тлумачыцца проста. Многія беларусы кажуць, што беларуская – іх родная мова. Пры гэтым не зусім добра ці зусім нядобра ведаюць яе. Гэтае словазлучэнне “родная мова” вельмі часта ўводзіць у зман нас саміх. Час прызнацца, што нам пара вучыць беларускую мову нанова! Такія прыклады – калі народ адраджаў паўзабытую мову – ёсць у гісторыі, і яны натхняюць!
Канцэпцыя курсаў – неакадэмічнае вывучэнне мовы. То бок, уся інфармацыя – лексіка і граматыка – падаецца праверанай і пісьменнай. Але робіцца гэта ў інтэрактыўных формах, цікава і нязмушана. Прынцыповы момант: ніякай палітыкі на занятках, курсы па-за палітыкай.
Кожныя заняткі маюць некалькі ўмоўных рубрык – Слоўнік, Граматыка, Цікавінкі ды г.д. Матэрыялы, выкладзеныя тут, простыя для разумення, вывучэння і навучання.
Узнагароды
У чэрвені 2014 курсы Мова Нанова атрымалі Гран-пры фестывалю беларускамоўнай рэкламы ADNAK у намінацыі “Грамадсказначныя праекты”.
У снежні 2014 года курсы перамаглі на конкурсе “Падзея года” на V фестывалі нефармальнай адукацыі.
УВАГА! Усе матэрыялы сайта распрацаваныя выкладчыкамі курсаў “Мова Нанова”. У адваротным выпадку пазначаная крыніца пазычэння.
Матэрыялы выкладзеныя для вольнага выкарыстання. Аднак, калі ласка, пазначайце аўтарства і давайце гіперспасылку на сайт movananova.by.
Чытаць пра курсы ў беларускай Вікіпедыі, ангельскай Вікіпедыі ды ўкраінскай Вікіпедыі.
Раім наведаць на гэтым сайце:
“Медыятэка” – найбольшы ў інтэрнэце збор аўдыё і відэа па-беларуску
“Біржа працы” – беларускамоўная дошка абвестак
“Навіны” – будзьце ў курсе ўсіх цікавых падзеяў!
“Дзеткам” – гадуйце дзетак па-беларуску!
“Хуткая моўная дапамога” – бясплатныя публічныя пераклады на беларускую мову
Таксама раім паглядзець Тэлеверсію “Мовы Нанова” на тэлеканале “Белсат”