Жнівень пачаўся для нас надзвычай гарачым надвор’ем, якое пратрымаецца яшчэ мінімум тыдзень. Пакуль сіноптыкі чакаюць новых тэмпературных рэкордаў, Мова Нанова дае вам парады, як ратавацца ад летняй спёкі.
З 12 да 16 гадзін сонца найбольш актыўнае, таму знаходзіцца на вуліцы ў гэты час небяспечна. Калі выйсці ў горад усё ж неабходна, варта памятаць пра простыя правілы:
1. На галаве павінен быць капялюш, на целе – адзенне з натуральнай тканіны.
2. Варта заўсёды мець пры сабе бутэльку з пітвом. Лепш за ўсё піць простую ваду ці зялёную гарбату. Не рэкамендуем ўжываць алкагольныя напоі (нават піва), моцную каву і салодкія газаваныя напоі. Алкаголь выклікае абязводжванне, кава – нагрузку на сасуды, а ад салодкіх напояў, як вы ведаеце, яшчэ больш хочацца піць.
3. Пазбягайце інтэнсіўнай фізічнай нагрузкі пры тэмпературы вышэйшай за +25 градусаў.
4. Не карыстайцеся дэкаратыўнай касметыкай ці наносьце яе мінімальна. Закрытыя поры скуры могуць прывесці да перагрэву.
5. Ешце марозіва
6. Не грэбуйце крэмам з сонцаахоўным фактарам.
7. Не набывайце прадукты з рук. У спёку бактэрыі хутка размнажаюцца, што можа прывесці да цяжкіх атручванняў пры няправільным захоўванні прадуктаў.
8. Хавайцеся ў цені, не загарайце празмерна.
9. Карысна класці на плечы мокрую хустку, прымаць халодны душ.
10. Пазбягайце працяглых паездак за стырном аўто. Калі такой магчымасці няма, будзьце максімальна ўважлівымі на дарогах.
11. Падтрымлівайце халаднаватую тэмпературу ў сваёй кватэры ці доме. Самы просты спосаб – трымаць вокны зачыненымі днём і адчыняць на ноч, калі тэмпература спадае. Таксама дапамагчы могуць вентылятары, кандыцыянеры або ёмістасці з вадой.