Беларуская мова пераможна крочыць па свеце. Чарговым сведчаннем гэтаму стала адкрыццё курсаў Мова Нанова ў сталіцы Польшчы.
Першыя заняткі адбыліся 9-га лютага ў Беларускім Доме ў Варшаве (вул.Вейская, 13/3) і сабралі каля трыццаці чалавек. Кіраўнік БД Алесь Зарэмбюк адзначыў, што для іх арганізацыі вялікая пашана прымаць у сябе курсы.
Вывучаць беларускую мову прыйшлі як беларусы, так і палякі і ўкраінцы. Адныя студэнты ўжо даволі добра валодаюць мовай, але хочуць часцей практыкавацца ў ёй. Іншыя ж, наадварот, толькі спрабуюць свае сілы і разлічваюць на дапамогу з боку курсаў Мова Нанова. Сярод слухачоў аказаліся і філолагі-беларусісты, і актывісты беларускіх арганізацый і ініцыятыў Варшавы.
Тэмай першага спаткання стала “Знаёмства па-беларуску”. Кожны з наведвальнікаў меў магчымасць прадставіцца і распавесці пра сябе.

Першае заданне для студэнтаў — напісаць сваё імя па-беларуску без памылак. Усе справіліся. (фота — Іван Межуй)
Галоўнай “зоркай” і госцяй варшаўскіх заняткаў стала іспанка Анхела Эспіноса, якая не проста вывучыла беларускую мову, але і напісала кнігу вершаў па-беларуску. Частку з іх Анхела зачытала на моўнай сустрэчы. Цяпер яна накіравалася ў сталіцу Беларусі і ўжо ў панядзелак завітае на менскія заняткі Мовы Нанова.
Варшаўскі цыкл працягне сваю гісторыю. Наступныя заняткі абяцаюць быць не менш цікавымі, чым першыя. 16-га лютага ў Варшаву прыедзе непаўторны беларускі музыка Зміцер Вайцюшкевіч.
Аб усіх навінах з жыцця варшаўскай суполкі Мова Нанова можна даведацца на старонцы суполкі. Запрашаем усіх варшаўскіх беларусаў (і не толькі!) на курсы Мова Нанова ў Варшаве!