Да Міжнароднага дня роднай мовы слынны літаратуразнаўца Сяргей Шапран зрабіў для “Мовы Нанова” моцную падборку вершаў пра беларускую мову.
Рыгор Барадулін
БЕЛАРУСКАЕ СЛОВА
Беларускае слова ад спеву,
Бо спявае ў ім даўніна.
Беларускае слова ад гневу,
Ад Ярылы, ад Перуна.
Беларускае слова ад ласкі —
Сведчаць вусны ды салаўі, —
Не наймаліся ні ў падпаскі,
Ні ў падбрэхічы, ні ў халуі.
Беларускае слова ад злосці
Да няпрошаных прыбышоў,
Асалоду п’е з чараў мілосці,
Медавуху духу — з каўшоў.
Беларускае слова ад славы,
Ад ракі, дзе светлае дно.
Госці ўстануць з застольнай лавы,
Як у хату зойдзе яно.
Беларускае слова ад Бога.
Слову нашаму Бог дапамог.
Хто не любіць яго, ад таго
Назаўсёды адвернецца Бог!
Генадзь Бураўкін
* * *
Выток.
Куток.
Уток…
Якія словы наскія!
Крыві крывіцкай ток
Іх абмывае ласкаю.
Рака жыцця нясе
Іх праз дажджы і замеці.
Ну што ж,
Калі не ўсе
Іх захавалі ў памяці!..
Калі бацькоўскі край
Прыгорбіцца магіламі,
Ты іх не дакарай
І не лічы аджылымі.
Гаротнаю парой,
Як прыйдзе ў дом бясхлебіца,
Яны,
Нібы пароль,
Яшчэ табе спатрэбяцца.
Пакліча на парог,
Дзе столькі перажытага,
Няхай і не пірог,
А бохан хлеба жытняга.
Там,
Як вады глыток
З духмянай хатняй лустаю,
Выток,
Куток,
Уток —
Тры словы беларускія…
Ларыса Геніюш
Мова мая
Засумавала ўсё, што сэрцу блізка,
вятры іначай, жаласна гудуць…
Мову маю, быццам дзіця з калыскі,
бы маці родную, прадчасна ў дол кладуць…
Сум па дарогах, па галлі вярбовым,
сум у вачох, трывожны болю цень…
Ўжо не смяецца, толькі хмурыць бровы
бяссонечны наш беларускі дзень.
Ёсць саранча, што аб’ядае дрэвы,
i буры, здольныя зь зямлёю ўсё зраўнаць…
За што табе, мой ціхі Краю спеўны,
з грудзёў магутных душу вырываць?
Наш вечны зніч, ручво крыві гарачай,
бурліш дняпроўскай хваляй праз вякі,
з табой жывем, з табой нас свет убачыў,
са слоў тваіх паэты ўюць вянкі.
Мова мая, наш чысты твар нявінны,
з табой не ўстыд нам выйсці да людзей,
падбітая у родных каляінах,
прыдушана ля матчыных грудзей…
Без крыўд чужых, а з крыўдамі сваімі,
прачыстая, гатовішся на крыж,
патоптана, распятая чужымі,
малітваю на вуснах нам дрыжыш.
Мы стаімо, Пятры і Магдалены,
Пілаты рукі вымылі ў крыві…
Мова мая, народу скарб нятленны,
мова мая, ўваскросні і жыві!
Пімен Панчанка
Родная мова
Кажуць, мова мая аджывае
Век свой ціхі: ёй знікнуць пара.
Для мяне яна вечна жывая,
Як раса, як сляза, як зара.
Гэта ластавак шчабятанне,
Звон світальны палескіх крыніц,
Сінь чабору, і барвы зарніц,
І буслінае клекатанне.
Калі ж хто загадае: «Не трэба!» —
Адрачэцца ад мовы народ, —
Папрашу я і сонца, і неба:
Мне не трэба ні славы, ні хлеба,
Асудзіце на безліч нягод.
Толькі месяцаў назвы пакіньце,
Назвы родныя роднай зямлі,
Пра якія з маленства ў блакіце
Бор шуміць і пяюць жураўлі:
Студзень — з казкамі снежных аблокаў,
Люты — шчодры на сіні мароз,
Сакавік — з сакатаннем і сокам
Непаўторных вясновых бяроз,
Красавік — час маланак і ліўняў,
Травень — з першым каханнем, сяўбой,
Чэрвень — з ягаднаю зарой,
Ліпень — з мёдам,
З пшаніцаю — жнівень,
Спелы яблычны верасень,
Светлы кастрычнік
У празрыстасці чыстай, крынічнай,
Лістапад — залаты лістапад,
Снежань — першы густы снегапад…
Ці плачу я, ці пяю?..
Восень. На вуліцы цёмна…
Пакіньце мне мову маю,
Пакіньце жыццё мне!
Алесь Разанаў
Мова
Празрысты звон,
грымотны грукат,
скалісты свіст,
магутны гул —
усе
разрозненыя гукі
цяклі,
каб зліцца
у агул.
Хісталі
ўздыбленыя далі,
глыбаста білі ў небасхіл.
I ў немату не прападалі,
а западалі
і раслі.
I ціш і гром,
і звон і шорах
спляліся
ніткаю радства,
калі з грудзей,
нямых і чорных,
аднойчы
мова прарасла.
Міхась Скобла
Рыгору Барадуліну
Мова ўдыхнутая ў нас, як душа,
І падгасподніцай жыць не павінна.
Душу дастане лязо палаша —
І застанецца аглухлая гліна.
І застанецца змярцвелая плоць
Рыбінай, выкінутай на сушу,
марна чакаць — а мо шчодры Гасподзь
Новую мову ўдыхне, нібы душу.
Вытхнецца дух ад віна з гладыша.
З дрэва упаўшы, збуцвее галіна.
Мова ўдыхнутая ў нас, як душа,
І падгасподніцай жыць не павінна.
Анатоль Сыс
* * *
і словы мае — вярыгі мае
і семем было мне Слова
і той хто пасеяў яго — гавеў
і кленчыў у храме мовы