«Дзеля вольнага часу, дзеля душы». Васіль Быкаў — мастак.
Піша Сяргей ШАПРАН.
Усе ведаюць Васіля Быкава празаіка, а ці вядомы Быкаў-мастак? Маляваць Васіль Уладзіміравіч любіў з дзяцінства, ужо тады гэта былі асноўныя яго захапленні: чытанне кніг і маляванне. Яны засталіся галоўнымі праз усё яго жыццё.
Сястра Быкава Валянціна Уладзіміраўна прыгадвала, што падчас вучобы ў школе Васіль быў рэдактарам насценнай газеты, якую сам жа афармляў: «Ужо тады ён маляваць вельмі любіў. І так добра маляваў! Памятаю, аднойчы Троцкі, наш настаўнік, на ўроку малявання паставіў аднаго вучня, Івана Паршонка, на табурэтку, каб увесь клас маляваў яго… Пасля, калі прыйшлі дадому, я вырашыла паглядзець, як там у Васіля Іван выйшаў. Гляджу — стаіць бы жывы! Іван усё роўна!..»
Невыпадкова пасля заканчэння васьмі класаў Кубліцкай сярэдняй школы Быкаў паступіў на жывапіснае аддзяленне Віцебскага мастацкага вучылішча. «Мастацкае вучылішча зьмяшчалася ў старым асабняку каля гарадзкой ратушы (музэю) з клясамі і студыямі на першым і другім паверхах, — прыгадваў Васіль Уладзіміравіч у сваёй апошняй, мемуарнай кнізе «Доўгая дарога дадому». — На першым паверсе зь вялікім акном была майстэрня дырэктара вучылішча І. Ахрэмчыка, дзе заўсёды стаяў вялізны, на ўсю сьцяну, падрамнік са шматфігурнай кампазыцыяй. Часам там можна было бачыць мастака з палітрай у руках. Мы малявалі нацюрморты — кубкі, жбаны, часам садавіну, бульбіны. Ну і, вядома, натуршчыкаў».
Водгалас Васіля Быкава на «Лісты ў Хельсінкі» Рыгора Барадуліна
З нататнікаў Рыгора Барадуліна
Малюнкі Васіля Быкава 1945 г.
Зрэшты, правучыўся тут Быкаў непрацяглы час — у вучылішчы арганізавалася скульптурнае аддзяленне, на якое не было набору, і дырэктар перавёў некаторых вучняў з жывапіснага на скульптурнае аддзяленне, у тым ліку і Васіля Быкава. Аднак і на скульптурным ён правучыўся нядоўга, бо ўвосень 1940 года пастановай урада стыпендыі былі адменены, за ўсе матэрыялы і падручнікі трэба было плаціць. У сям’і Быкавых грошай на вучобу не было, і старэйшы сын вымушаны быў вярнуцца ў вёску.
Зрэшты ў хуткім часе ён зноў апынуўся ў Віцебску, але цяпер вучыўся ўжо ў Фабрычна-завадской вучэльні. «Сумаваў па мастацтву, у вольны час бегаў у музэі, — прызнаваўся ён пазней. — Часам увечары падыходзіў да мастацкага вучылішча, заглядваў у нізкія вокны скульптурнай клясы, узіраўся ў знаёмыя твары шчасьліўчыкаў. Але не зайшоў ні разу… Было сорамна і балюча…»
Між тым улюбёны занятак не кідаў і маляваў нават на фронце. Праўда, малюнкі тыя згарэлі разам з рэчмяшком. З тых ваенных часоў вядомыя толькі шэсць малюнкаў Быкава: два ў лістах да родных і чатыры малюнкі, што датуюцца 1945 годам. (Трэба сказаць, што пасля смерці Васіля Уладзіміравіча ў друку з’яўляліся яго малюнкі франтавой тэматыкі, якія падаваліся як ваенныя, хоць насамрэч былі зроблены Быкавым у 1993 годзе ў якасці ілюстрацый да сваёй «далітаратурнай біяграфіі» «Пункціры жыцьця»).
Архіў Васіля Быкава (Гродна)
І хоць сам Васіль Уладзіміравіч сказаў у адным інтэрв’ю, што пасля вайны больш не маляваў, але ў сапраўднасці гэта не так. Пасля дэмабілізацыі з войска ў 1947-м, прыехаўшы ў Мінск, ён нават думаў зноў паступіць у мастацкае вучылішча, з нагоды чаго звяртаўся да старшыні Саюза мастакоў Івана Ахрэмчыка. А патрапіўшы ў Гродна, нават мастаком працаваў па першым часе. «Працы ў майстэрні было ня дужа шмат, вольнага часу даволі. Я маляваў алеем і акварэльлю, хадзіў у прыгарады на эцюды. Зрабіў некалькі копіяў — фламандцаў і Шышкіна. Бачыў, аднак, майстэрства майго бракуе», — засведчыў Васіль Уладзіміравіч у «Пункцірах жыцьця» і дадаў, што мастацтва было «дзеля вольнага часу, дзеля душы»…
Упершыню Быкаў — ужо сусветна вядомы пісьменнік — публічна выступіў у ролі мастака толькі падчас падрыхтоўкі паэтычнай кнігі Рыгора Барадуліна: у «Лістах у Хельсінкі» побач з вершаванымі лістамі сябра надрукаваны і графічныя працы Быкава, зробленыя ім адмыслова для гэтага выдання. Іншая кніга, дзе ён быў прадстаўлены і як празаік, і як мастак — «Калі рукаюцца душы…», — таксама рыхтавалася пры ягоным жыцці, але пабачыць яе ён не паспеў — яна выйшла праз месяц пасля ягонай смерці.
Архіў Васіля Быкава (Мінск)
Потым былі іншыя кніжныя выданні, дзе ў той ці іншай ступені пададзены графічныя працы Васіля Уладзіміравіча: «Васіль Быкаў. Гісторыя жыцця ў дакументах, публікацыях, успамінах, лістах», «Дажыць да зялёнай травы…», «Гарадзенскі архіў», непадцэнзурныя выданні «Мёртвым не баліць» і «Ліквідацыя». Аднак гэта пакуль што адзінкавыя прыклады, якія не даюць поўнага ўяўлення пра ўсё багацце выяўленчай спадчыны Быкава. Але, мусіць, усё яшчэ наперадзе.
Ілюстрацыі да «далітаратурнай біяграфіі» «Пункціры жыцьця»
Малюнак Васіля Быкава з ліста да Рыгора Барадуліна