Сумесна з самай аўтарытэтнай беларускай турфірмай “Віаполь” мы ладзім экскурсію “Мова Нанова запрашае ў Бабруйск”
Дата: 14 лістапада 2015
Кошт: 390 тысяч
Па студэнцкіх білетах “Мова Нанова” зніжка 10%
Запісацца на экскурсію МОЖНА ТУТ
Увага! Каб атрымаць зніжку па студэнцкім білеце, трэба ў графе “Дадатковыя пажаданні” пазначыць яго нумар.
Бенефіс знаўцы з Глебам Лабадзенкам:
“Мова Нанова запрашае ў Бабруйск”
Маршрут: Жылічы — Рагачоў — Красны Бераг — Бабруйск
Славутыя асобы Беларусі — знаўцы гісторыі, культуры, архітэктуры, літаратуры, яны ж акцёры і заўзятыя вандроўнiкi, фотамастакі і аўтары нашумелых бэстселераў — раскажуць Вам пра тое, чаму яны прысвяцілі свае даследаванні, чаму аддалі сваё сэрца, часам — нават ўсё жыццё … Гэта не традыцыйная экскурсія, а — Бенефіс Знаўцы. Скарочана — “БЗ”, а калі па першых літарах, то бэ-зэ . Так-так, калі заўгодна, хоць і насуперак арфаграфіі, але па сэнсе — лёгкае пірожнае, згатаванае рукою сапраўднага майстра як твор мастацтва! Экскурсія — дэсерт!
ПРАГРАМА
Зноўку едзем з Глебам Лабадзенкам (labadzenka.by) — журналістам, паэтам, блогерам, даследчыкам радзівілаўскіх фатаграфій і выкладчыкам самых масавых у свеце курсаў беларускай мовы (“Мова Нанова”), аўтарам цудоўнай кнігі моўных малюнкаў “Дзіцячая заМова”, а цяпер яшчэ і другой часткі ўлюбёнага бестселера. Тэматыка блогу Глеба Лабадзенкі — Беларусь, беларуская мова, культура, мастацтва, гісторыя, архітэктура, літаратура, сацыяльная сфэра.
Пачнем нашу экскурсію з аб’екта, які знаходзіцца амаль за 200 км ад Мінска — ЖЫЛІЦКІ ПАЛАЦАВА-ПАРКАВЫ АНСАМБЛЬ. Выкананы ў класічным стылі вялізны (адзін з самых вялікіх у Беларусі!) палац Булгакаў (вядомы яшчэ як сядзіба “Добасна”), у асяроддзі пейзажнага парку з экзатычнымі пародамі дрэваў, з’яўляецца яскравым прыкладам сядзібавай архітэктуры Беларусі XVIII-XIX стст.
Далей наш шлях паверне на РАГАЧОЎ. Менавіта з беларускага Падняпроўя, у тым ліку з Рагачова, паходзілі продкі Уладзіміра Караткевіча — беларускага паэта, празаіка, драматурга, публіцыста, перакладчыка, сцэнарыста, класіка беларускай літаратуры, які першы з беларускіх пісьменнікаў звярнуўся да жанру гістарычнага дэтэктыву. Сёння рэдкая экскурсія завітае ў гэты куток роднае замлі, але удзельнікам нашае вандроўкі пашанцуе, мы зможам наведаць тыя мясціны з якімі неразрыўна былі з’вязаныя жыццё і дзейнасць “Рыцара і слугі Беларусі”. Тут, у Рагачове, захавалася дзедаўская хата Уладзіміра Караткевіча 1914 года пабудовы. У ёй і цяпер жывуць сваякі пісьменніка. Каля хаты некалькі год таму быў усталяваны памятны валун, а сама вуліца атрымала імя Уладзіміра Караткевіча. Яшчэ б! У гэтай хаце пісьменнік стварыў ці не палову сваіх твораў. Пасля агляду хаты на мясцовых могілкам паклонімся магіле Людмілы Антонаўны Барысевіч, бабулі класіка. Пяць гадоў таму на яе магіле быў адкрыты новы помнік, усталяваны коштам прыхільнікаў творчасці Караткевіча
Рухаючыся ў бок Бабруйску, за чатыры кіламетры ад мяжы з Бабруйскім раёнам павернем у КРАСНЫ БЕРАГ — былую сядзібу генерал-лейтэнанта Гатоўскага, за часам якога тут у канцы XIX ст. быў пабудаваны палац з рысамі неаготыкі і неарэнесансу. Выразнасць палацу наюць шатры вежаў, мансардныя дахі, эркеры, востравугольныя шыпцы, слухавыя вокны… Фасад палаца аздоблены… ляпнымі кажанамі! У 2015 годзе абылося адкрыццё сядзібы пасля амаль 10-гадовай рэстаўрацыі. Адметнай асаблівасцю ансамблю з’яўляецца яго афармленне, кожная зала выкананая ў асаблівым стылі. Мноства стыляў, пачынаючы з неаготыкі і заканчваючы ўсходнім стылем, надаюць гэтаму новаму музею прыгажосць і вытанчанасць. Англійскі парк вакол палаца, скрозь прыбраны сцежкамі для шпацыру, — цудоўнае месца для адпачынку.
Нарэшце — БАБРУЙСК. Бабруйск на сённяшні дзень набыў славу самага супярэчлівага горада краіны… Ён уваходзіць у лік десяці буйнейшых гарадоў Беларусі. Яму больш за шасцьсот гадоў. Ён быў і цэнтрам воласці ў ВКЛ, і павету ў складзе Расійскай імперыі, і акругі ў 20 гг. XX ст., і раёну Магілёўскай вобласці. Сёння на месцы былога Бабруйскага замчышча ганарліва уздымае свае вочы (вокны-байніцы) у неба над Бярэзінай старая крэпасць. Яна размесцілася тут у пачатку ХIX ст.. Бабруйская крэпасць, якая ў 1812 г. вытрымала чатырохмесяцовую асаду, была самай грознай турмой для дзекабрыстаў… Сёння набыла выгляд старой жанчыны, патрапанай дзе гісторыяй, дзе палітыкай, а дзе і ліхалеццямі самае гісторыі краіны; але жанчыны, якая не скарылася абставінам часу і прагне далейшага жыцця…
Аблічча старога цэнтра горада сёння фармуе мазаіка малапавярховай забудовы XIX ст., сярод якой яскрава вылучаюцца Свята-Георгіеўская царква (1907), вядомая ўсім жыхарам горада як Белая царква; Свята-Нікалаеўскі сабор, гісторыя якога пачалася чатыры стагоддзі таму; касцёл Беззаганнага зачацця, падобнага якому наўрад ці знойдзеш у свеце, пры ўсёй прастаце яго убрання і стылю…
Вяртанне ў Мінск не раней за 22.00.
Парады вандроўнікам:
• прапануем узяць кішэнны ліхтарык — старая крэпасць утойвае скарбы і загадкі ў цемры сваіх равелінаў і капаніраў
• прапануем абуць зручны абутак без абцасаў — крэпасць на Бярэзіне не даруе бестурботнасці
• прапануем прыгатаваць ежу з сабой — пад час такой насычанай вандроўкі, нажаль, не будзе часу наведаць кавярню альбо рэстарацыю
Кошт экскурсіі ўключае:
• аўтобус туркласа
• экскурсійнае абслугоўванне
• квіткі і экскурсійнае абслугоўванне ў Жыліцкім палацава-паркавым ансамблі
• квіткі і экскурсійнае абслугоўванне ў палацава-паркавым ансамблі Красны Бераг
• кава, гарбата, печыва
• фірмовыя сувеніры
Дата: 14 лістапада 2015
Кошт: 390 тысяч
Па студэнцкіх білетах “Мовы Нанова” зніжка 10%
Працягласць экскурсіі — 500 км, 14 гадзiн
Запісацца на экскурсію МОЖНА ТУТ
Увага! Каб атрымаць зніжку па студэнцкім білеце, трэба ў графе “Дадатковыя пажаданні” пазначыць яго нумар.