Сумесна з самай аўтарытэтнай беларускай турфірмай “Віаполь” мы ладзім экскурсію “Мова Нанова запрашае да Цмока”
Дата: 31 кастрычніка
Кошт: 350 тысяч
Па студэнцкіх білетах “Мова Нанова” зніжка 10%
Запісацца на экскурсію МОЖНА ТУТ
Увага! Каб атрымаць зніжку па студэнцкім білеце, трэба ў графе “Дадатковыя пажаданні” пазначыць яго нумар.
Бенефіс знаўцы з Глебам Лабадзенкам:
“Мова Нанова запрашае да Цмока”
Палезем у Цмокаву пячору!!! Таму бярэм ліхтарыкі, зменнае адзенне (напрыклад, спартовы касцюм, які можна надзець паверх — бо ў пячору трэба будзе запаўзаць па зямлі!!), зручны абутак і моцна падсілкоўваемся — не лішнім будзе падрыхтавацца фізічна (выконваем дома сілавыя практыкаванні)
Маршрут: Бягомль — Параф’янава — Сітцы — Порплішча — Глыбокае — Празарокі — Сахновічы (Пячора Цмока) — Лучай
Славутыя асобы Беларусі — знаўцы гісторыі, культуры, архітэктуры, літаратуры, яны ж акцёры і заўзятыя вандроўнiкi, фотамастакі і аўтары нашумелых бэстселераў — раскажуць Вам пра тое, чаму яны прысвяцілі свае даследаванні, чаму аддалі сваё сэрца, часам — нават ўсё жыццё … Гэта не традыцыйная экскурсія, а — Бенефіс Знаўцы. Скарочана — “БЗ”, а калі па першых літарах, то бэ-зэ . Так-так, калі заўгодна, хоць і насуперак арфаграфіі, але па сэнсе — лёгкае пірожнае, згатаванае рукою сапраўднага майстра як твор мастацтва! Экскурсія — дэсерт!
ПРАГРАМА
Зноўку едзем з Глебам Лабадзенкам (labadzenka.by) — журналістам, паэтам, блогерам, даследчыкам радзівілаўскіх фатаграфій і выкладчыкам самых масавых у свеце курсаў беларускай мовы (“Мова Нанова”), аўтарам цудоўнай кнігі моўных малюнкаў “Дзіцячая заМова”, а цяпер яшчэ і другой часткі ўлюбёнага бестселера. Тэматыка блогу Глеба Лабадзенкі — Беларусь, беларуская мова, культура, мастацтва, гісторыя, архітэктура, літаратура, сацыяльная сфэра.
У наш час многія перакананы ў тым, што ў сучаснай Беларусі “няма чаго глядзець”, а калі і ёсць, то выключна ў яе заходняй частцы. Каб выправіць становішча, збіраемся ў чарговую “экспедыцыю” — на поўнач краіны. Першы прыпынак зробім у БЯГОМЛІ, вядомым з другой паловы 16 ст. як сяло Мінскага павета ВКЛ, і ўключаным у склад Расійскай імперыі пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай. Бягомльская зямля — малая радзіма адразу трох беларускіх паэтаў — Пімена Панчанкі, Юрася Свіркі і Алеся Ставера. У другой палове 19 ст. тут была пабудавана царква ў гонар Усіх Святых у рэтраспектыўна-рускім стылі, якая, нажаль, на сёняшні дзень знаходзіцца ў руінах.
Вёска ПАРАФ’ЯНАВА лічыцца адным з самых старых пасяленняў Докшыцкіага раёна. Назва вёскі паходзіць ад слова “параф’янін” ці “вернік”. Першы драўляны касцёл у гонар Панны Марыі тут быў пабудаваны ў 1630 г. Менш чым праз 30 год ён быў знішчаны, мураваны храм з’яўляецца толькі ў пачатку 20 ст. У параф’янаўскім касцёле ёсць партрэт ксяндза Мечыслава Багаткевіча — святара, які першым адслужыў імшу ў каменным храме. Служыў ён і падчас нямецкай акупацыі. Захопнікам не спадабаліся яго казані, за што ксяндза арыштавалі і закатавалі. Пасля вайны Мечыслаў Багаткевіч быў прылічаны да ліку блажэнных.
У 17 ст. у СІТЦАХ існавала сядзіба, што належала спачатку Бжастоўскім а з канца 18 ст. — Дамейкам, родзічам нашага земляка, нацыянальнага героя Чылі Ігната Дамейкі. Каля 1830 г. старая сядзіба была знішчана пажарам, замест яе пабудавана новая драўляная сядзіба на 12 з аранжарэяй, знішчаная ўжо падчас Другой сусветнай вайны.
У вёсцы ПОРПЛІШЧА наведаем Спаса-Праабражэнскую царкву — помнік драўлянага дойлідства. У яе інтэр’еры захаваліся элементы разнога драўлянага алтара 17 ст. Тут жа і касцёл імя Панны Марыі Каралевы, пабудаваны ў міжваенныя гады (1937-1941 гг.).
У 17-18 стст. у цэнтры ГЛЫБОКАГА былі пабудаваны два барочныя касцёлы, звернутыя адзін да аднаго галоўнымі фасадамі. Менавіта яны і сталі архітэктурнай дамінантай галоўнай плошчы горада. Касцёл Св. Тройцы збудаваны ў другой палове 18 ст. і фактычна поўнасцю перабудаваны ў самым пачатку 20 ст. — ад былога храму захаваўся толькі галоўны фасад. Выдатным помнікам дойлідства з’яўляецца храм Успення Божай Маці, што сёння аддадзены праваслаўным вернікам і асвечаны ў гонар Нараджэння Багародзіцы. Тут мусім наведаць падзямелле храма (найвялікшае ў Беларусі!) і даведацца аб мясцовых таямніцах.
Далей накіруемся на малую радзіму Ігната Буйніцкага — нашага земляка, што заклаў падмурак для беларускага прафесійнага тэатральнага мастацтва. Нарадзіўся ён у 1861 г. у сядзібе Палівачы, што недалёка ад вёскі ПРАЗАРОКІ, дзе сёння ўсталяваны помнік тэатральнаму дзеячу.
Вёска САХНОВІЧЫ стаіць на беразе возера Гінькава, якое з’яўляецца трэцім па глыбіні ў Беларусі. На беразе возера мы і пачнем шукаць Цмокаву пячору, якая хоць і не карставая, але для раўніннай Беларусі гэты аб’ект унікальны. У пячоры тры ўваходы, але чалавек здольны папасць туды толькі праз адзін з іх. Унутры пячора крыху большая за метр у вышыню, каля двух метраў у шырыню і цягнецца на колькі метраў у глыбіню — туды можа змясціцца 5-7 чалавек адначасова. Пагуляць пад скляпеннямі пячоры ў звыклым сэнсе не атрымаецца, але пабачыць пячору беларускага Цмока цалкам рэальна!
Храм у імя Св. Тадэвуша ў вёсцы ЛУЧАЙ — помнік архітектуры позняга барока і класіцызму, узведзены ў 1766-1777 гг. на сродкі Агінскіх. Велічны і ўрачысты знешні выгляд лучайскага касцёлу дапоўнены выдатным роспісам інтер’еру, выкананым у тэхніцы грызайлю. Заслугоўвае ўвагі і касцёльны двор Лучайскага храму, у якім можна пабачыць цудоўныя ландшафтныя кампазіцыі.
Падчас экскурсіі Глеб Лабадзенка — даследчык радзівілаўскіх фатаграфій і выкладчык курсаў беларускай мовы “Мова Нанова” — як і заўжды, падзеліцца моўнымі цікавінкамі і адкажа на Вашыя пытанні, датычныя беларускай мовы. Вяртанне ў Мінск не раней за 22.00, а там, як спадабаецца.
Дата: 31 кастрычніка 2015
Кошт: 350 тысяч
Па студэнцкіх білетах “Мовы Нанова” зніжка 10%
Працягласць экскурсіі — 550 км, 14 гадзiн
Запісацца на экскурсію МОЖНА ТУТ
Увага! Каб атрымаць зніжку па студэнцкім білеце, трэба ў графе “Дадатковыя пажаданні” пазначыць яго нумар.