Беларуская паштовая марка «Слуцкія паясы» на міжнародным конкурсе «Вялікі прыз выставы WIPA» у Аўстрыі ўвайшла ў дзесятку лепшых марак свету, паведамілі ў Міністэрстве сувязі і інфарматызацыі.
Беларуская паштовая марка «Слуцкія паясы» заняла шостае месца, у конкурсе ўдзельнічалі больш за 70 краін.
Мастацкая паштовая марка выраблена ў выглядзе роўнабаковага трыкутніка. Прадукцыя надрукаваная лістамі, якія складаюцца з пяці марак. Іх незвычайнае размяшчэнне ў выглядзе «тэт-беша», калі кожная марка знаходзіцца ў перавернутым становішчы адносна іншай, дазволілі стварыць арыгінальны «паштовы пояс». Дызайн распрацавала Алена Мядзведзь.
Месцы размеркаваліся наступным чынам:
1 месца і тытул «Самая прыгожая марка свету 2014 года» — Іспанія, блок «Агіла Імперыял»;
2 месца — Венгрыя, блок «Вяртанне спадчыны Сеўса»;
3 месца — Люксембург, блок «80-я гадавіна FSPL», шоўк;
4 месца — Славакія, блок «Мастацтва: Алаіз Стробл (1856-1926)»;
5 месца — Ісландыя, марка «Каляды — Ісландскі альбом»;
6 месца — Беларусь, марачны ліст «Слуцкія паясы»;
7 месца — Ліхтэнштэйн, блок «Крылаты алтар»;
8 месца — Партугалія, блок «Андрэас Фезаліус (1514-2014)»;
9 месца — Фіджы, блок «Першая міжнародная падводная тэлеграфная лінія, якая злучае Вануату і Фіджы»;
10 месца — Японія, марачны ліст «50-годдзе ўводу ў абарачэнне Шынкансен».
Беларусь штогод удзельнічае ў дадзеным конкурсе. У 2007 г. — 10-е месца, блок “200 г. з дня нараджэння Напалеона Орды”; у 2013 г. — 7-е месца, блок “850-годдзе стварэння Крыжа Еўфрасінні Полацкай”.