24 лютага — дзень народзінаў Рыгора Барадуліна. Ён быў вясёлым чалавекам, любіў жартаваць і таму да ягонага свята «Мова Нанова» вырашыла сабраць разам некаторыя жарты дзядзькі Рыгора.
* * *
Напэўна, ужо маё нараджэнне было нейкай эпіграмай, таму што нарадзіцца ў 1935 годзе, у такі змрочны час, прытым нарадзіцца нармальным — гэта ўжо сам па сабе вясёлы выпадак. Да таго ж, я вырас на народных жартах — без прымаўкі ніхто ні з гасцей не адыходзіў, ніхто ў госці не прыходзіў. Жарт быў і хлебам, і маслам, і соллю ў галодныя гады.
Ужо стаўшы дарослым, аднойчы выступаў перад землякамі ў нашым клубе, чытаў вершы і ў адзін верш пра сваю матку хросную Феліцыю Антонаўну Міклашэўскую ўставіў вушацкую частушку:
Выхадзіла пані Яня,
Танцавала танцы.
Цалавала пані Яня
Пану Яну ў яйцы.
Часы былі яшчэ тыя, і я некалькі словаў, канешне, замяніў:
Цалавала пані Яня
Пану Яну пальцы.
Ну, вушацкія, старэйшае пакаленне, усё ж ведаюць арыгінал, і калі я дайшоў:
Цалавала пані Яня
Пану Яну…
— тут зал замёр, і я таксама замёр і ледзь прагаварыў «пальцы» — ужо пад агульны рогат!
* * *
Дон-Жуанам я не быў і дон-жуанскага спісу не вёў, я не быў пакарыцелем сэрцаў, — гэта было больш у вершах, я больш вершамі любіў. «Нябось і ў старога гада Іграець кроў, як у дзецюка». Памятаеце? — «Тарнас на Парнасе». Пачуццё — гэта такая рэч… Пакуль чалавек нешта адчувае, ён — паэт. Помніце такі анекдот? — певень гоніцца за курыцай, а тая думае: «Не надта хутка я бягу?» Певень жа думае: «Калі не даганю, дык хоць сугрэюсь». Так вось і вершы пра каханне ў маім узросце пішуцца па прынцыпе гэтага пеўня… Але што яшчэ мяне сугравае, дык гэта вушацкі паганска-фалічны фальклор — ён мяне трымае… Гэта, па-мойму, Талстой гаварыў маладым: «Берегите хр.н — хр.ном пишем». Але за дакладнасць не ручаюсь…
Я замешаны, я вырас на гэтых дражжах. Гэта ніколі не лічылася ў нас нечым заганным — вушацкія людзі натуральна так гаварылі і малым не закрывалі вушы… Можа, цяпер у гэтым і ёсць нейкі перабор, але самая галоўная мая задача… Ну, я жыву гэтым, гэта адначасова і неяк маладзіць мяне, і звязвае з роднай Вушачай. Па-другое, я хачу хоць так, але прыкаваць увагу да беларускасці: калі не чытаюць сур’ёзную літаратуру, калі не чытаюць высокай паэзіі Багдановіча і Купалы, дык хай хоць гэта чытаюць. Вось гэта самая мая галоўная задача. Сур’ёзна гавару. Праўда, аднойчы мяне дужа занесла, мне і да гэтага часу нялоўка, я нікому пра гэта не расказваў. Справа ў тым, што аднойчы ў Францыі — я малады яшчэ быў, праўда, тады ўжо не піў — сказаў, што Беларусь многае звязвае з Францыяй, нават сіфіліс у нас французскага паходжання — пранцы… Дваццаць гадоў прайшло пасля таго, а мне і цяпер няёмка. Няёмка за тое, як мяне занесла ў пошуках беларускасці.
Геній — гэта зацяганае слова. У Райніса вельмі хораша пра гэта сказана: я — геній, ты — геній, а хто свіней будзе пасці? Ці яшчэ прыгадваецца, як адзін напісаў на сваёй майстэрні: «Самы лепшы кравец у гэтым горадзе». Затым наступны адкрыў сваю майстэрню і напісаў: «Самы лепшы кравец у свеце». І вось яўрэй адкрывае майстэрню і піша: «Самы лепшы кравец на евтай вуліцы». Так і ў нас з геніямі.
* * *
Ведаеце, як Міхалкоў узначаліў расійскі Саюз пісьменнікаў? Сталін выклікае Міхалкова і гаворыць: «Сергей Владимирович, подумайте, кого можно было бы назначить председателем?» У адказ Міхалкоў працягвае руку: «Зачем думать? — сочту за честь».
Ці вось яшчэ такі анекдот.
Міхалкову гавораць:
— Ваш гимн — г..но!
— Г..но не г..но, но петь будете стоя.
* * *
Я ніколі не чуў, каб Караткевіч сябе хваліў. І калі я яму гаварыў:
На Беларусі ёсць Фама,
А больш пісьменнікаў няма,
ён папраўляў:
На Беларусі шмат дзярма,
Але дзярмей за ўсіх Фама.
Вось гэта Караткевіч! Прычым ён сам прасіў, каб эпіграмы на яго былі рэзкія.
* * *
Некалі расказваў Мікола Хведаровіч, як Шамякін пытаўся ў сваёй жонкі:
— Можна я ўжо не буду болей сёння пісаць?
— Іван, яшчэ дзве старонкі!
У мяне такога ніколі не было, каб жонка ўказвала мне старонкі. Ці, дапусцім, мы з адным паэтам, працуючы ў «Бярозцы», пісалі прывітанні камсамольскаму з’езду, дык ягоная жонка прасіла: «Міколачка, яшчэ чатыры радкі на капрон!» Тады, у 1960-я гады, капронавыя панчохі былі ў модзе. Цяпер гэта смешна… Аднак я ніколі чатыры радкі «на капрон» не пісаў. Мяне Бог мілаваў, мая жонка не вельмі патрабавальная.
* * *
Быў такі паэт Васіль Матэўшаў, які калісьці напісаў:
Пасецца калгасны статак
Каля блакітнай ракі.
А там, у Злучаных Штатах,
Рэжуць кароў мяснікі.
Гэта, як у той час гаварылі: «Іх свет, іх норавы». Дык мне захацелася напісаць неяк насуперак:
Пасуцца ў лузе бугаі
А ў бугаёў .уі, .уі.
* * *
Неяк пайшоў у бальніцу, і мне прыйшло ў галаву зрабіць такую рэкламку ў вакенцы:
Браточкі хворыя, сюдой!
Здавайце першы свой надой!
А калі працаваў у выдавецтве, нашыя дзяўчаткі, маладзічкі нашыя, забягалі ў вестыбюльчык мужчынскага туалета (бо жаночы часта рамантаваўся на пэўным паверсе) і там курылі. Дык я на паперцы напісаў:
Мілыя паненкі, лэдзі,
Не курыце ў туалеце!
Лепш займіце, будзьце любы,
Нечым іншым вашы губы!
Вось такія вершы мне падабалася пісаць.
* * *
— Дзядзька Рыгор, а Вы самі на сябе эпіграмы калі-небудзь пісалі?
— Некалі пісаў, але на другіх ахвотней пішу! Аднак жа з сабой як з пісанай торбай ніколі не насіўся і на «Вы» сябе не называў і не называю. Тым больш, калі чалавек уявіў сябе класікам, — значыць, ужо можна пісаць дату жыцця, працяжнік і… як на пліце — дзве даты.
На наступны дзень Барадулін патэлефанаваў і прачытаў эпіграму на самога сябе:
За славай пёр, як на ражне,
Адусюль свістала полымя,
А слава паказала мне
Свае дзве палавінкі голыя.
Падрыхтаваў Сяргей Шапран.