
Юры Жыгамонт нарадзіўся на Палессі. Яго прапрабабуля была дачкою войта і, паводле звестак, пражыла больш за сто гадоў. Яго дзед, Пётр Матфеевіч Жыгамонт, быў расстраляны ў Горкім (цяпер Ніжні Ноўгарад), яго забралі ў 1937-м, а расстралялі ў 1938 годзе.
Юры яшчэ з дзяцінства цікавіўся гісторыяй, рэтра-рэчамі. Рана пачаў вандраваць — старэйшы брат яго заўсёды браў з сабою, калі кудысьці ехаў.
“Я — стопрацэнтны беларускі падарожнік, бо вандрую толькі ў межах Беларусі, аб чым ніколькі не шкадую”.
Скончыў ПТВ па спецыяльнасці «кіроўца вежавых кранаў». У 1994 г. скончыў Беларускую акадэмію мастацтваў.
Падчас навучэння ў Тэатральна-мастацкім інстытуце вырашыў вывучыць Беларусь. На вакацыях шукаў на карце нейкае мястэчка, набываў квіток і ехаў туды. Хадзіў па вуліцах, глядзеў на старажытныя дамы, палацы, паркі. А наступнай раніцай ехаў ужо ў іншае мястэчка.
Акцёр тэатру і кіно, з 2002 г. Служыў у Тэатры юнага гледача, у якім прымаў ўдзел у спектаклях «Маленькі лорд Фаўнтлярой», «Тарас на Парнасе».
З 2006 вядучы тэлепраекту «Падарожжы дылетанта», «Новыя падарожжы дылетанта», «Прыгоды дылетанта» на тэлеканале «СТБ». У цяперашні час праграма выходзіць пры падтрымцы “Маёнтка Падароск” на youtube-канале маёнтка.
Самымі дарагімі для сябе кнігамі лічыць Біблію і паэму «Новая зямля» Якуба Коласа.