Першыя заняткі “Мова Нанова Гародня” пройдуць 14-га верасня. Цяпер вывучаць беларускую мову змогуць не толькі дарослыя. Асобныя заняткі для дзетак да 12 гадоў будуць праходзіць па панядзелках і пачынацца за гадзіну да дарослых – у 18.00.
Курсы бясплатныя і папярэдняга запісу на іх не трэба. Выкладаць “Мову Нанова Дзеткам” у Гародні будзе Вольчык Астроўская.
Канцэпцыяй курсаў “Мова Нанова Гародня” з’яўляецца неакадэмічнае навучанне беларускай мове. Усе матэрыялы падаюцца праверанымі і пісьменнымі, а робіцца гэта ў інтэрактыўных формах, цікава і нязмушана.
З гэтага сезону заняткі ў Гародні будуць праходзіць у новым месцы. Падрабязней пра яго арганізатары абяцалі паведаміць у пачатку наступнага тыдню. Сачыць за навінамі можна на “Тваім стылі”, сайце курсаў і ў суполках у Facebook і Vkontakte.
“Мова Нанова” ўпершыню заявіла пра сябе ў Менску ў 2014 годзе і цяпер існуе ў 10 гарадах Беларусі, у тым ліку Гародні, і штотыдзень збірае больш за 650 наведвальнікаў, неабыякавых да роднай мовы. У лістападзе 2014 года курсы атрымалі дзяржаўную рэгістрацыю як “Сацыяльна-культурная ўстанова развіцця беларускай мовы і культуры “Мова Нанова”.