![]() |
СПАМПУЙЦЕ ПРЭЗЕНТАЦЫЮ POWER POINT |
![]() |
СПАМПУЙЦЕ ТЭОРЫЮ І ЗАДАННІ Ў WORD |
![]() |
СПАМПУЙЦЕ РАЗДАТКУ Ў WORD |
Прыказкі і прымаўкі – гэта мініяцюрныя народныя творы, якія змяшчаюць глыбокі сэнс, заключаны ў надзвычай лаканічную і лёгка запамінальную форму, у тым ліку дзякуючы рыфме. Яны адлюстроўваюць жыццёвую псіхалогію народа, яго рэакцыю на розныя жыццёвыя сітуацыі і назапашаны досвед. Важна, што яны як бы не маюць адзінага адрасата і ў роўнай ступені могуць адносіцца да кожнага.
Паходжанне прыказак і прымавак пакуль не вельмі добра даследавана. Вядома, што гэта адзін з самых старажытных народных жанраў, гісторыя якога налічвае нават не стагоддзі, а тысячагоддзі. Існуюць прыказкі і прымаўкі, агульныя для ўсіх славянаў (Іван Лепешаў у якасці прыклада прыводзіць такую прыказку: Стары вол баразны не псуе; укр. Стары віл баразны не псуе; пол. Stary wól brzozny nie psuje; рус. Старый конь борозды не портит) ці толькі для ўсходнеславянскіх моваў (Кошцы гулі, а мышцы слёзы; укр. Кішці смішкі, а мішці слёзкі, рус. Кошке игрушки, а мышке слёзки; Зняўшы галаву, па валасах не плачуць; укр.Стявши голову, по волоссям не плачуть; рус. Снявши голову, по волосам не плачут).
Ёсць вялікая колькасць уласнабеларускіх прыказак і прымавак, што ўзніклі на падставе жыццёвых назіранняў, гістарычных сітуацый, асаблівасцяў нацыянальнага характару (Рабі пільна, і будзе табе Вільня; Панадзіўся журавель у зялёны канапель; Не адзін Гаўрыла, што ў Полацку).
У мове вылучаецца таксама вялікая колькасць прыказак і прымавак, што ўяўляюць сабой калькі іншамоўных выразаў – копіі, створаныя па мадэлі чужой мовы, але з роднага матэрыялу. Да іх можна аднесці біблейскія і класічныя (старажытнагрэчаскія ці лацінскія) прыказкі і прымаўкі (Не хлебам адзіным жыў чалавек; Добрымі намерамі выкладзена дарога ў пекла; Чалавек чалавеку воўк (Homo homini lupus est); Рука руку мые (Manus manum lavat).
Дарэчы, такія прыказкі і прымаўкі часта маюць шматлікія паралелі ў беларускай мове. Напрыклад, лацінская прыказка Arbor mala, mala mala перакладаецца на беларускую як Благая яблыня – благія яблыкі і мае наступныя паралелі ў нашай мове: Якое дрэва, такі і клін, які бацька, такі сын; Якое карэнне, такое і насенне; Ад злой маткі злыя дзеткі; Ад дрэннага гругана дрэнныя і яйкі; Ад дурнога куста і дубец крывы, і ягада пуста; Лысая карова лысае цяля прывядзе.
Фіксуюцца таксама і запазычанні з іншых моваў: Цярпі, казак, атаманам будзеш (укр.), Рукапісы не гараць (рус.), Каб не дзірка ў роце, хадзіў бы ў злоце (пол.).
Прыказка – устойлівы народны выраз з павучальнай высновай. Уяўляе сабой закончаны сказ і звычайна складаецца з дзвюх частак. Першая ўтрымлівае паведамленне пра нейкую з’яву, асобу, падзею, а другая – выснову-меркаванне адносна гэтага паведамлення: Жонка не рукаво – не адпораш; Рыба ў рацэ, а не ў роце.
Прымаўка – устойлівы народны выраз, які не мае павучальнай высновы. Прымаўка мае незавершаную структуру і звычайна складаецца з адной часткі, але павучальная частка падразумяваецца: Рыба вады не баіцца; Часам і кляча далёка заскача.
Аднак некаторыя вучоныя лічаць такі падзел штучным і адносным і ўжываюць тэрміны прыказка і прымаўка як дублеты.
Прыказкі і прымаўкі сэнсава часта маюць два планы: літаральны і пераносны: Дзе дровы сякуць, там трэскі лятуць (у пераносным сэнсе – пра нейкія страты, рэпрэсіі); Пад ляжачы камень вада не цячэ (у пераносным сэнсе – калі нічога не рабіць, то справа не зрушыцца з месца – кажуць, калі хто-небудзь бяздзейнічае, не клапоціцца пра якую-небудзь справу); Бяздонную бочку не напоўніш (Ніяк немагчыма накарміць, напаіць, здаволіць патрэбы чалавека). Прыказкі і прымаўкі таксама могуць ужывацца толькі ў прамым сэнсе (Век жыві, век вучыся; Там добра, дзе нас няма) ці толькі ў пераносным (Пасадзі свінню за стол, яна і ногі на стол).
Прыказкі і прымаўкі часта маюць варыянты, абумоўленыя перадусім іх тэрытарыяльнай распаўсюджанасцю: Крукам носа не дастаць = Шастом носа не дастаць = Колам галавы не дастаць; Баба з возу – каню лягчэй = Баба з калёс – калёсам лягчэй = Баба з калёс – калёсы як чорт панёс = Баба з калёс – каню свята.
Заданні
Каб пабачыць правільны адказ, вылучыце курсорам вобласць справа.
Завяршыце прыказку/ прымаўку ў рыфму:
Балі ды гулі … ў лапці абулі.
У калгасе добра жыць: … адзін косіць (робіць), сем ляжыць (а як сонца прыпячэ, дык і гэты ўцячэ).
Грошык такі: … у ім два бакі.
Добрае слаўцо лепш за … піўцо.
Добрая слава ў кошыку ляжыць, а благая … па дарожцы бяжыць.
Не ўсе сабакі кусаюць, … што лаюць
Скажы адной курыцы, а яна – … усёй вуліцы.
Якое карэнне, … такое і насенне.
Іншых не судзі – … на сябе паглядзі.
Як кажуць не, дык … хочацца ўдвайне.
Без мукі … няма навукі.
Пазнаюць нашу дачку і … ў андарачку.
Моцны статак чарадою, а … людзі грамадою.
Прыйшло махам, … пайшло прахам.
Падбярыце беларускія эквіваленты да рускіх прыказак і прымавак:
Без труда не вытащишь и рыбку из пруда. – Каб рыбу есці, трэба ў ваду лезці. = Трэба нахіліцца, каб з ручая напіцца. = Каб вады напіцца, трэба ёй пакланіцца. = Вады не засіліш не паварушыўшыся, рыбы не зловіш не памачыўшыся. = Па дарозе ідучы, грыбоў не набярэш.
Велика Федора, да дура. – Вырас пад неба, а дурань як трэба. = Байбусам вырас, ды розуму не вынес. = Да званіцы падняўся, а без розуму застаўся. = Рост чалавечы, а розум авечы.
Два сапога пара. – Абое рабое. = Аднаго поля ягады. = На адным сонцы сушыліся. = Адзін чорт маляваў.
В огороде бузина, а в Киеве дядька. – Гэты пра воз, а той пра коз. = Хто пра хату, а хто пра лапату. = Я яму пра абразы, а ён мне пра гарбузы.
Дурака пошлешь, а за ним и сам пойдешь. – Пашлі дурнога, а за ім другога. = Паслаўшы дурнога, за ім пашлі другога. = Пашлі асла, а за ім пасла. = Пайшоў Апанас па квас, дык ні Апанаса, ні кваса. = Пашлі Ціта па сіта – няма сіта, няма Ціта. = Паслалі сабаку па табаку – ані табакі, ані сабакі.
Жизнь прожить – не поле перейти. – Век звекаваць – не пальцам паківаць. = Век зжыць – не мех сшыць. = Жыццё пражыць – не песенку спець. = Жытку пражыць – не люльку выкурыць.
За двумя зайцами погонишься – ни одного не поймаешь. – Хто зашмат жадае, той нічога не мае. = За сем работ бярэцца, а ні адна не ўдаецца. = Хто два зайцы гоніць, ніводнага не здагоніць. = Разам дзвюх сарок за хвост не ўтрымаеш.
Из грязи да в князи. – Як з пана пан, то аддасць валы, а як з мужыка пан, то здзярэ пасталы. = Як з мужыка зробіцца пан, то колам галавы не дастаць. = Не дай Бог з гною пірог, а з мужыка пан. = Не дай Бог свінні рог, а мужыку панства. = Сто коп не грошы, мужык не пан.
Какова пава, такова ей и слава. – Які Рыгорка, такая пра яго й гаворка. = Якая дзеўка, такая ёй і прыпеўка.
Молодец против овец, а против молодца и сам овца. – Зух супраць мух, а супраць зуха і сам муха. = Зух з калом да мух.= Герой з калом да жабы. = Герой бабы старой.
Не плюй в колодец – пригодится воды напиться. – Не плюй у крыніцу: прыйдзеш па вадзіцу. = Не плюй у вадзіцу, давядзецца ж напіцца. = Не плюй у карытца – мо, здарыцца (трапіцца) напіцца. = Прыйдзе каза да ваза (коза да воза).
Адгадайце, якія прыказкі/прымаўкі зашыфравала Veragodna:
У сваім ЖЖ блогерка пад нікам Veragodna прапанавала “Нармальна-навуковы фразеалагічны слоўнік”, дзе дала гумарыстычныя навуковыя аналагі агульнавядомых прыказак і прымавак, напрыклад:
Зняўшы галаву, па валасах не плачуць. – Немэтазгоднасць дэпрэсіўных рэакцый на страту керацінавых лускавінак як вытворнай эпідэрміса пры фантомных болях.
Што кажух – то не вата, што чай – то не гарбата. – Прымяненне антынамічных асертарычных меркаванняў для ідэнтыфікацыі прадметаў адзення і трункаў.
Паміраць сабраўся, а жыта сей. – Аксіялагічная значнасць амбівалентнага характару інтэнцый у памежным (тэрмінальным) стане.
Не дай Бог свінні рог, а хаму – панства. – Негатыўныя наступствы заалагічных і сацыякультурных мадыфікацый у кантэксце багаслоўскага дыскурсу.
Каб пабачыць правільны варыянт, вылучыце курсорам вобласць справа:
Неадэкватнае ўспрыняцце хатняй скаціны ў стане змененай свядомасці пад уплывам уздзеяння этылавага спірту на чалавечы арганізм. – П’янаму і козы ў золаце.
Інфернальная сутнасць сустрэчы парытэтных бакоў, абмежаваная локусам з негатыўнай семантыкай. – Пад чорным лесам спаткаўся чорт з бесам.
Дуалістычнае ўспрыманне фларальнымі нябожчыкамі вынікаў лакальнай экзатэрмічнай рэакцыі. – Адзін пень гарэў, другі спіну грэў.
Лятальны зыход як вынік непрафесійна абранай метадалогіі пры касметычнай аперацыі буйной рагатай жывёлы. – Выпрамлялі быку рогі, ды скруцілі шыю.
Ілюзія генных мутацый інсектаў атраду перапончатакрылых і вадаплаўных птушак пад уздзеяннем патрыятычных пачуццяў. – На Беларусі пчолы як гусі.
Эскалацыя зыходзячых ад хатняй жывёлы акустычных эфектаў з дапамогай перасоўвання паветраных мас. – Сабака брэша – вецер носіць.
Сексісцкае пазбаўленне ад лішняга баласту як умова павышэння эфектыўнасці руху гужавога транспарту. – Баба з возу – каню лягчэй.
Пазітыўная перспектыва для архітэктурнага элементу інтэр’ера-экстэр’ера, абумоўленая салярным культам. – Загляне сонца і ў наша ваконца.
Перманентнасць слыхавых галюцынацый, дэтэрмінаваных парушэннем крымінальнага кодэксу ў галіне бязвыплатнага адабрання чужой маёмасці. – Хто парася ўкраў, таму ў вушах пішчыць.
Параўнальна-тыпалагічны аналіз аб’ектаў з парушанай пігментацыяй. – Абое рабое.
Замена антрапаморфнай хтанічнай істоты асобай з выразна акрэсленай гендэрнай роляй для аптымізацыі магічнай дзейнасці. – Дзе чорт не зможа, там бабу пашле.
Выкарыстаны матэрыялы “Шасцімоўнага слоўніка прыказак, прымавак і крылатых слоў” (Мінск, 1993); “Малога руска-беларускага слоўніка прыказак, прымавак і фразем” (укл. Зміцер Санько, Менск, 1991); “Беларускіх народных прыказак і прымавак” (укл. Ф. Янкоўскі, Мінск, 1957), ЖЖ Veragodna.