27.04.2014
ВЕРШЫ Алесь Клышка. Сыход зімы
Кропелька ляціць у лужы,
З ледзяшоў зіма сцякае.
Маразы, завеі, сцюжы
З ручаінай уцякаюць.
Хто паспеў ў рацэ схавацца,
Хто пад лёдам у азерцы,
Кожны мусіць ратавацца…
Цесна снегу у вядзерцы.
Бо яму таксама трэба
У ваду ператварыцца,
Каб затым узняцца ў неба
І на луг дажджом праліцца.
Сонца лужы прыпякае,
Як ў люстэрка ў іх глядзіцца,
Куркі смагу наталяюць —
Дужа смачная вадзіца.
Хлопцу Ясіку раздолле —
Карабель свой адпускае
У струмень імклівы, вольны,
Што да мора паспяшае.
Хутка ад зімы і следу
Не пакінецца ў прыродзе.
Панавала да абеду.
— Выйшла, — кажуць у народзе.
паводле dzietki.org