АЛЕНА ЦЕРАШКОВА
(У пакоі – стол, ложак, шафа з паліцамі. На падлозе – лялька, кніжка, мячык, канструктар. Данік і Данута гуляюць з цацкамі, побач – кот )
Данік: - Цімка! Лаві мячык!
(штурхае мячык, кот кідаецца за мячыкам. У пакой уваходзіць старэйшая сястра Марына)
Марына (строга): - Мама сказала, каб вы хуценька прыбралі цацкі і апраналіся! Пойдзеце гуляць на вуліцу! А калі я вярнуся са школы, пачытаю вам казкі!
Данік і Данута (ускокваюць, хорам): - Ура! (бягуць да дзверы)
Марына (зусім строга): — А прыбраць?
Данік і Данута (незадаволена, хорам): — Добра… Зараз…(Марына сыходзіць)
Данута: - Давай прыбіраць…
Данік (шэптам): - Я лепей прыдумаў! Няхай замест нас Цімка прыбярэ!
Данута (сумняваючыся): - А ці ён справіцца?
Данік (катэгарычна): - Спраўляецца гуляцца, няхай справіцца й прыбрацца! Чуў, Цімка?
Цімка (абурана): - Мяў! Хіба я адзін гуляўся?
Данута: - Сапраўды, так нячэсна! Трэба ўсім прыбіраць.
Данік: - Ты хочаш на вуліцу ці не?
Данута: - Хачу.
Данік: — Тады ўсё чэсна! Цімка на вуліцу не ідзе? Дык няхай прыбярэцца! А нам часу няма!
(дзеці выбягаюць з пакоя)
Цімка (пакрыўджана): - Мяў! Я павінен адзін усю працу рабіць! Дзе ж справядлівасць? Як гуляцца з цацкамі – Цімка, не чапай. А як самі на вуліцу – Цімка, прыбірай!
(Цімка распіхвае рэчы па кутах: кнігі – пад шафу, мячык – пад ложак, лялькі і канструктар – пад стол. Сыходзіць з пакоя. Вяртаюцца задаволеныя дзеці)
Данік: - Глядзі, Данута, як чыста! А ты кажаш! Маладзец, Цімка!
Данута: - А дзе ён сам? Цімка, Цімка! Можа, крыўдуе?
(уваходзіць Марына)
Марына: - Ну, нясіце кніжку, будзем казкі чытаць.
Данік і Данута (бягуць да паліцы і вяртаюцца збянтэжаныя; хорам): - Марына, кніжкі няма-а!
Марына: - Дык вы ж павінны былі прыбраць кніжкі ды цацкі на месца. Прыбралі?
Данік і Данута (хорам): - Не-е-е!
Данік (плача): - Я кату даручы-ыў! Ён абяца-а-аў!
Марына: — Вось яно што! Тады я ведаю, дзе вашыя цацкі шукаць! Глядзі, Даніла, пад ложкам!
Данік (лезе пад ложак): - Пы-ылу столькі… Мячык! (выцягвае мяч)
Марына: - Данутка, шукай пад шафай!
Данута (глядзіць пад шафай): - Дык тут жа мае кніжкі! (выцягвае)
Марына: - А зараз абодва лезьце пад стол!
(дзеці выцягваюць з-пад стала астатнія цацкі)
Марына (строга): - Вось цяпер хуценька ўсё прыбярыце! А на Цімку не наракайце: ён кот, і прыбіраць не ўмее! Іншым разам свае абавязкі не перакладвайце на іншых!
Данута (разважліва): - Давядзецца вучыцца самім прыбіраць!
Данік: - Затое будзем ведаць, дзе што ляжыць! А вы, сябры, прыбіраеце самі ці спадзяецеся на ката?