У дзеда дый за печкаю
Кампанія сядзіць,
Спявае гучна песенькі,
Вусамі шабуршыць.
Вячэраюць і дружна
Засынаюць на баку
Чатыры неразлучных
Таракана і цвыркун!
Неяк на ўсю чародку
Сродак стары здабыў,
Ўсыпаў за печ атруту,
Каб іх запал астыў.
Ноч ён праспаў спакойна,
Зранку палез на печ, а там …
Вясёлая кампанія
За печкаю сядзіць,
Спявае гучна песенькі,
Вусамі шабуршыць.
Пад’елі з апетытам
Дарагога парашку
Чатыры неразлучных
Таракана і цвыркун!
Плюнуў наш дзед сярдзіта,
І, каб прагнаць іх прэч,
Узяў ён — і дынамітам
Абрынуў долу печ.
Зранку стары задумаў
Смецце прыбраць, а там …
Вясёлая кампанія
На друзачках сядзіць
Спявае гучна песенькі,
Вусамі шабуршыць.
Не пакідалі ні на міг
Абжыты родны кут
Чатыры неразлучных
Таракана і цвыркун!
Лёсам сваім прыбіты,
Збег ён у белы свет:
З’ехаў на Антарктыду
Ад кватарантаў дзед.
Стаў на Паўднёвы полюс,
Адкрыў куфэрак ён, а там …
Вясёлая кампанія
Між рэчамі сядзіць,
Спявае гучна песенькі,
Вусамі шабуршыць.
Падміргіваюць весела
Гаротнаму дзядку
Чатыры неразлучных
Таракана і цвыркун,
Чатыры неразлучных
Таракана і цвыркун!
Італьянская народная песня. Рускі тэкст Р.Вікерса і Ю.Баціцкага, пераклад Алены Церашковай.