(На сцэне Данута з лялькай. На століку – блісцеры з таблеткамі, слоічкі з кроплямі, стэтаскоп, лыжка, шпрыц )
Данута: (садзіць ляльку на крэсла): — Адкрыйце рот, шаноўная… А-а-а… Даражэнькая, ды ў вас горла чырвонае! Гэта, мусіць, ангіна! Не трэба было есці пяць порцый марозіва за раз! Прапісваю вам горкія таблеткі! (бярэ блісцер, дастае таблетку, пхне ляльцы ў рот, кідае на падлогу, уздыхае) Нецікава!
(уваходзіць Данік)
Данік: — Данутка, што ты робіш?
Данута: — Хацела ў доктара пагуляцца, але з лялькамі нецікава: яны таблетак не глытаюць.
Данік: — З катом пагуляйся!
Данута: — Спрабавала! Во як падрапаў! (паказвае рукі) Данік! Давай я цябе буду лячыць!
Данік (пацискае плячыма): — Дык у мяне нічога не баліць! Я здаровы!
Данута: — Ну Данічак, ну калі ласачка!
Данік: — Ну, добра, добра! Лячы!
Данута: — Сядайце, шаноўны, я вас паслухаю! (прыстаўляе стэтаскоп) Дыхайце… не дыхайце… У вас моцныя хрыпы! Я вам прапісваю сіроп!
Данік: — Салодкі? Тады давай! А то я горкія таблеткі не люблю! (Данута налівае ў лыжку са слоіка) Больш лі, не шкадуй! Давай! (выпівае) Смачна! Давай яшчэ!
Данута: — Вы такі добры пацыент, вось вам яшчэ таблеткі! (дастае некалькі таблетак)
Данік: — Вой, Данутка! А мама ж казала, што самім нельга браць таблеткі!
Данута: — Я доктарка, ты павінен мяне слухацца! Хуценька глынай! Гэта вітаміны!
Данік: — Ну, калі вітаміны… (кладзе таблеткі ў рот, крывіцца, адварочваецца, хуценька выплёўвае таблеткі ў руку, сціскае кулак) Добра, я ўжо здаровы. Пайду з пацанамі ў футбол пагуляю!
Данута: — Пачакайце, шаноўны! Я зраблю вам прышчэпку! (бярэ шпрыц)
Данік: — Не трэба! Я не хачу!
Данута: — Трэба! Я доктарка, я ведаю!
(уваходзіць старэйшая сястра Марына)
Марына (строга): — Што за спрэчка?
Данута: — Марына! Скажы яму!
Марына: — Што сказаць?
Данута: — Скажы, каб мяне слухаўся! А то ён прышчэпку рабіць не хоча!
Данік (злосна): — Прышчэпку не буду! Хопіць, што сіроп піў ды таблеткі глынаў!
Марына (занепакоена): — Што за сіроп? Якія таблеткі?
Данік (маша рукой): — Не ведаю. У Дануты спытай. Яна ж доктарка!
Данута: — Той сіроп, што мама ад кашля дае! А таблеткі замест вітамінаў… Бо мама казала, што вітаміны скончыліся…
Марына (разглядае блісцеры): — І ты, Данік, шмат гэтых таблетак з’еў?
Данік: — Штук пяць, можа, шэсць… А што?
Марына (бярэ Даника за руку): — Тады апранайся, паедзеш у лякарню. Зараз “хуткую дапамогу” паклічам…
Данік (вырывае руку): — Дык я ж здаровы!
Марына: — Трэба прамыць табе страўнік, каб вымыць таблеткі, інакш ты можаш атруціцца і памерці!
Данік (спалохана): — Вой, нешта мне сапраўды кепска… галава кружыцца ды жывот баліць…
Данута (спалохана): — Данічак! А ты ўжо іх праглынуў? Можа, яшчэ выплюнеш?
Данік (узгадвае): — Зусім забыўся! (расціскае кулак, паказвае таблеткі) Марына, яны ўсе тут! Я адразу ж выплюнуў, бо яны надта ж горкія! Можа, не трэба ў лякарню, а? Мне ўжо лепей!
Марына (уздыхае з палёгкай): — Добра, што ты не стаў глытаць таблеткі. Але вы павінны запомніць на ўсё жыццё: нельга ўжываць лекі проста так! Лекі дзецям прызначае доктар, а дае нехта з дарослых! Ні сіропы, ні таблеткі, ні нават вітаміны дзеці самі браць не павінны! Дарэчы, калі зрабіць укол ці прышчэпку няправільна, Данута, таксама можна захварэць! Зразумелі?
Данута: — Зразумелі. Я больш не буду лекі браць. А калі вырасту, стану доктарам!
Данік: — І я таксама!
Марына (дастае некалькі яблыкаў): — Малайцы! А зараз, каб ніхто з вас не хварэў, будзем есці вітаміны. Прыродныя!
Данік і Данута (разам): — Дзякуй табе, Марына!
Марына: — На здароўе! А хочаце, мы разам пагуляем у доктара? Толькі замест таблетак возьмем цукеркі!
Данік і Данута (разам): — Ура!
Алена Церашкова