(паводле беларускай народнай казкі)
Едзе ў горад пан заможны,
Гладкі, мажны – аж няможна,
Не відаць з-за шчок вачэй.
Сам кіруе. Найхутчэй
Трэба трапіць на кірмаш.
Толькі бачыць пане наш:
Воз паўзе. Марудна так.
Ды не абмінеш ніяк.
І сялянскі шэры конік
Трусіцца сабе паволі,
А паверх звязаных дроў
Спіць мужык, храпці здароў.
Як стрываць такія рэчы?
— Гэй, мужык! З дарогі прэч! —
Пан гукнуў. Мужык саскочыў
Дый узбочынай пакрочыў.
— Праязджай сабе, панок,
Хоць да д’ябла у мяшок!
— Мусіць, нейкі ты дурны!
Ты каня убок звярні!
Селянін каня распрог:
— Ўсё, паночак, далі бог!
Пан абцер спацелы лоб.
— Мусіць, здзекуешся, хлоп?
Воз з пуці прымі, зараза!
— Ты б, панок, сказаў адразу,
Што замінка будзе ў возе –
Не пацеў бы на дарозе! —
Адказаў мужык са смехам.
Пан у рэшце рэшт праехаў.
Раніцой паехаў сам
На кірмаш, шукаць аўса.
Ходзіць і ва ўсіх пытае,
Хто авёс на продаж мае.
Бачыць мужыка таго,
Ды не пазнае яго:
— Ці ня можаш падказаць,
Мо’, аўса тут дзе чуваць?
Скочыў мужычок на воз,
Уцягвае паветра носам:
— Не чуваць, паночку, не,
Нюх-та добры у мяне!
— Мусіць, ты з мяне смяешся?
Я пазнаў цябе нарэшце!
Ты — учорашні, псякрэў!
— Ты, панок, не захварэў?
Мне гадоў ужо за трыццаць!
Ўчорашні! Як не здзівіцца!
Пан злуе: — Ты чый, халоп?
— Я? Мар’янін! Сведка – поп!
— А Мар’яна – хто яна?
— Па-царкоўнаму – жана!
— Я з табой губляю час.
Хто старэйшы там у вас?
— А! Бабуля Даміцэля,
Ёй сто год было ў нядзелю!
Пана ўжо амаль трасе.
— Каго слухаюць усе?
— Ёсць у нас хлапец адзін,
Год васьмі ці дзевяці.
Граць на дудцы – талент боскі.
Слухаем усёю вёскай!
Тупнуў пан нагой у злосці:
— Не! Каго вы баіцёся?
— Наш Піліп трымае гусі.
Не адзін я іх баюся.
Паўз Піліпаў двор ніколі
Без дубца не ходзім болей!
— Сербанеш з табою ліха!
Хто у вас вышэй за усіх?
— А! Дык то, хіба, Аўдзей,
Ён вышэй за ўсіх людзей!
І мянушку мае – Бакшта.
Што, паночак, зноў не так што? –
Мужык пану падміргнуў.
Пан адно рукой махнуў.
Запытаў яшчэ ў каго-сьці –
Падказалі. Ён у госці
Да суседа паскакаў –
Скардзіцца на мужыка.
Твой мужык – Кандрат завецца –
Ён штораз з мяне смяецца!
І павагі ён не мае!
— Добра, зараз дапытаем!
Гаспадар гукнуў: — Кандрата!
Ну, калі ён вінаваты…
І, каб час не марнаваць,
Стаў паперы праглядаць.
Вось цівун зайшоў ў пакоі,
Цягне мужыка з сабою.
Вецер падхапіў паперы,
Бо не зачынілі дзверы.
Пан гукнуў:
— Мужык, замыкай!
— Му-у-у! – адказвае мужык.
Гаспадар пачырванеў.
— Гэта як жа ты пасмеў!
Што мне з ім рабіць, сусед?
— Бізуном надраць храбет!
Клічуць цівуна ізноў:
— Дай-ка хлопу бізуноў!
Ды Кандратка не драмаў!
У дурнога цівуна
Бізуноў вялізны пук
Проста выхапіў ён з рук:
— Дзякуй вам, паны, сардэчны!
Ў гаспадарцы ўсё дарэчы!
Тыя аж аслупянелі.
А Кандратка – шмыг у дзверы!
І паны пасля таго
Толькі бачылі яго!
Алена Церашкова
© Triller-placate Inc.
____________________________________
*Замыкай! (Zamykaj!) – Зачыняй! (польск.)