(па матывах японскай народнай казкі)
У вёсцы жыў хвалько Гамбэй.
Смяяўся ён з усіх людзей.
Калі хтось у бяду трапляў,
Гамбэй таму заўжды казаў:
- Ну ты і дурань, далібог!
Так толькі ты патрапіць мог!
Бо я на месцы-та тваім
З вады бы выбраўся сухім!
І вось аднойчы гэты наш
Гамбэй збіраўся на кірмаш.
Цялушку меркаваў набыць.
Аднавяскоўцы сталі кпіць:
- Сусед, глядзі як мае быць,
Хаця каб грошы не згубіць!
- Сусед, вяроўку правярай!
Сарвецца цёлка – і бывай!
- Сусед, уночы пільным будзь!
Як бачыш, цёлачку скрадуць!
Гамбэй адно махнуў рукой:
- Не будзе гэткага са мной!
Бо мне хапае галавы.
Я не такі дурны, як вы.
Гамбэй увесь кірмаш прайшоў,
Але ж і цёлачку знайшоў!
Як снег, бялюткая сама,
Заганы ані ў чым няма.
Дарагавата, але што ж:
Хто прадае, таго і кошт!
Хадзіў па горадзе Гамбэй,
Дзівіўся з гарадскіх людзей.
Ды прыгадаў, што там жыве
Ягоны сват, руды шавец.
Ідзе з цялушкай да шаўца.
- Глядзі, які я малайца!
Набыў цялушку – дзіва проста.
Ты абыйдзі ўсю нашу вёску –
Такой не знойдзеш ты кароўкі.
Бо я ж, сваток, заўжды быў лоўкі
Як снег, бялюткая такая,
Заганы ані ў чым не мае,
Як падрасце, пачне цяліцца
І будзе за траіх даіцца!
- Набытак твой, але, харошы.
І я, сваток, табе зайздрошчу,
Бо я хваліцца так не ўмею,-
Шавец адказвае Гамбэю.
Пайшоў Гаібэй дахаты важны.
А сын шаўца Іціра кажа:
- Дазвольце, тата, адлучыцца.
Гамбэя адвучу хваліцца!
Смяецца бацька:
- Пастарайся,
Ды дужа, брат, не спадзявайся!
Ідзе Гамбэй сваёй сцяжынай,
Аж бачыць: чаравік ляжыць.
Навюткі, аж блішчыць на сонцы.
І кажа наш Гамбэй кароўцы:
- Вось ёлупень! Куды ўцякае –
аж боты новыя губляе!
А ўрэшце, дурню так і трэба.
Дастаў Гамбэй кавалак хлеба,
Жуе, ідзе сваёй дарогай.
І раптам зірк сабе пад ногі:
Зноў чаравік! Прыгожы – мара!
І акурат таму да пары.
Вакол агледзеўся Гамбэй.
- Без цёлкі збегаю хутчэй!
Вяроўку ўскінуў ёй на рогі
Дый прывязаў абоч дарогі.
А сам бягом за чаравікам.
Тут з-за куста Іціра выйшаў,
Забраў цялушку дый дадому.
Гамбэю тое невядома,
Шукаў ён, клікаў без канца…
І вараціўся ў дом шаўца.
- А дзе, сваток, твая скаціна?-
Шавец пытае. А Іціра
Сядзіць ды скуру вымярае.
- Да ну, — Гамбэй рукой махае. –
Зусім я ў ёй расчараваўся.
Прадаў. З грашыма хоць застаўся.
Пайду дабрэйшай пашукаю.
- Дык я, сваток, табе параю:
Бяры маю! Даўно збіраўся
Прадаць, ды бачыш, не сабраўся, —
Шавец адказвае.
- Сыночак!
Вядзі красуню-белабочку!
Пазнаў цялушку, не пазнаў –
Гамбэй нічога не сказаў.
- Кажы свій кошт , і я куплю.
- А колькі даў ты за сваю?
Вось і мая каштуе так!
- Ну, сват, на жарты ты мастак!
Тваё цяля зусім ня тое:
Худое, дробнае, рабое!
Мне па-сяброўску скінь хоць трошкі!
- Ты ж ведаеш, якія кошты!-
Шавец Гамбэю адказаў.
Той папыхцеў, ды цёлку ўзяў.
Сышоў Гамбэй дамоў з кароўкай.
Тут кажа зноў Іціра лоўкі:
- Дазвольце, тата, адлучыцца.
Гамбэя адвучу хваліцца!
Рагоча бацька:
- Не па сілах!
Гарбатых выправіць магіла!
Ну, калі хочаш, пастарайся.
Ды дужа, брат, не спадзявайся!
Ідзе Гамбэй дамоў пануры.
“Злупіў сваток чатыры скуры!”
І раптам чуе між кустоў:
- Му! Му-у-у! – і тупат капытоў.
“Цялушка першая блукае!
Тут, побач, мыкае, гуляе!
Удача ў рукі йдзе сама:
Я дзвюх купіў – прыду з дзвюма.”
Гамбэй цялушку прывязаў
І праз кусты пашыбаваў.
Іціра мыкнуў пяць разоў
І ўжо другі раз цёлку звёў.
Схадзіў Гамбэй увесь лясок.
Занылі ногі, коле бок.
Прабегаў пяць гадзін дарма.
Прыйшоў назад – другой няма!
Пашкроб патыліцу Гамбэй.
“Вось гэта насмяшыў людзей!”
Вярнуўся да шаўца ізноў
Ды байку новую наплёў:
- Ішоў пад вечар блізу храма.
Гляджу, а там – Вярхоўны Лама!
Ён за мяне маліцца стаў,
А я цялё ахвяраваў.
Удача будзе мне ва ўсім:
Сам Лама за мяне прасіў!
Цяпер во думаю, як быць.
Мне ж трэба цёлачку набыць!
- Цябе прывёў сюды сам Бог!-
Шавец ледзь з рогату не лёг.-
На продаж цёлку маю я.
Каштуе – роўна як твая!
Іціра цёлачку прывёў,
Ды тую самую ізноў.
Але маўчыць хвалько Гамбэй.
- Я мог бы ўзяць і даражэй,
Але ўжо так таму і быць:
Табе гатовы саступіць.
Гамбэй ізноўку не стрываў:
- Не, ну ты, сват, і параўнаў!
Тваё лядашчае цялё
Каштуе столькі, як маё?
Ты нават выгляд не рабі!
Хаця б чварціну кошту збі!
На рогат збегся ўвесь квартал.
Шавец усім распавядаў,
Як цёлку набываў Гамбэй.
Павесяліў усіх людзей.
А потым кажа:
— Што, сваток,
Ці спадабаўся наш урок?
Бяры і грошы, і цялё,
Вяртайся ў роднае сяло.
Ды не хваліся больш дарма,
Што лепшых за цябе няма.
Дамоў вярнуўся наш Гамбэй,
А плёткі за яго хутчэй.
За цёлкай гэтаю паход
Прыгадвалі яшчэ й праз год.
Хваліцца спрабаваў не раз,
Ды чуў заўжды ён у адказ:
- Гамбэй, ты б лепей расказаў,
як летась цёлку набываў!
Алена Церашкова