(паводле беларускай народнай казкі)
Сустрэў аднойчы шэры воўк
Ваўчыцу ў цёмным лесе.
- Вітаю, шэранькі браток!
Ты нешта нос павесіў?
- Ды не, сятрыца, паглядзі:
Я сам у поўнай сіле!
А сумаваў бы я тады,
Каб ногі не насілі!
- Ды не саромейся ты, брат,
Як раптам што такое.
Ты ж, дружа мой, не вінават:
Жыццё тваё благое!
Воўк пакасіўся на яе:
- Ты патлумач адразу!
Жыццё мае як і тваё,
Не горшае прынамсі.
Ваўчыца жмурыць вочы: — Не,
Прабач, жывеш ты горай.
Хаваешся ты ад людзей
Ў кустах…
- Дык што такога?
Хіба сама жывеш не так?
Ці не хаваешся ў кустах?
Каб нават захацела…
- Хаджу заўсёды смела!
Хоць зараз дакажу табе!
- Ну, дакажы! А я сабе
Ў кустах спакойна пасяджу,
На дурасць гэту пагляджу!
Схаваўся воўк. Ваўчыца ў поле
Пайшла-пакрочыла паволі.
Аратыя узнялі роў:
- Глядзіце, воўк! Лавіце, воўк!
А воўк пачуў… — Мяне пазналі!
Кусты, і то не ўратавалі!
Збягу, бо не падасца мала!
Ваўчыца ледзь яго дагнала.
- Што ж, братка, даў ты лататы?
- Пабачылі мяне, хоть ты
І на вачах у іх была.
Так, праўда ўся твая была!
Ніколі б веры я не даў,
Каб на сабе не паспытаў!
Алена Церашкова