У адной варэльні жыла-была лыжка. Вялікая, бліскучая, з доўгай ручкай. І быў у лыжкі сябра – маленькі хлопчык Мсціслаўка. Вельмі любіў Мсціслаўка лыжку. Як толькі лыжка апыналася на краю стала, Мсціслаўка адразу цягнуў руку, хапаў сваю сяброўку і пачынаў ёю размахваць ва ўсе бакі і час ад часу бразгаць па стале. І так ім абодвум рабілася весела! Толькі талеркі і кубкі спалохана заціхалі і баязліва пазіралі на ваяўнічую лыжку: як бы ім кухталя не дала!
І быў у лыжкі любімы занятак – карміць свайго сябра Мсціслаўку. Калі мама садзіла хлопчыка на высокае крэсліца побач са сталом, лыжка нецярпліва чакала, пакуль на стале з’явіцца талерка з ежай. Пасля мама брала лыжку, а Мсціслаўка адкрываў вялікі-вялікі роцік. Лыжка хуценька падбірала кропельку кашы ці супа і паспешліва нырала ў роцік, бо, калі здаралася затрымка, галодны Мсціслаўка адразу пачынаў крыўдаваць. Вярталася з роціка лыжка чыстая і бліскучая і зноў спяшалася ў талерку па ежу – і так пакуль талерка не рабілася пустой, а Мсціслаўкаў жывоцік – тугім, як мячык. Тады Мсціслаўка забіраў у мамы лыжку і пачыналася весялосць.
Аднаго лыжка надта ж не любіла: калі хлопчык яе кідаў на падлогу. Тады яна крыўдавала на Мсціслаўку і імкнулася закаціцца пад зэдлік ці схавацца за шафачкай. Але мама ўвесь час знаходзіла лыжку і адпраўляла мыцца разам з усім посудам.
Часам посуду ў мойцы збіралася шмат, і талеркі пачыналі выхваляцца адна перад адной, хто з якімі стравамі меў справу.
- З мяне сёння елі салату! – казала салатніца. – Смачную салату з агурка, памідора, перца і цыбулі!
- А з мяне хлябалі боршч! З буракоў, бульбы і морквы! – важна бурчэла глыбокая міска.
- А з мяне – аўсяную кашу ды яйкі! – уступала ў размову пляскатая талерачка.
- А з мяне Мсціслаўка еў смачны яблык! – вішчэў самы маленечкі сподачак.
- А з нас пілі каву з малаком! – хорам казалі кубкі.
Тады да размовы далучаліся відэльцы і лыжкі:
- Я насіў вяндлінку і каўбаску!
- А я – шкварку з патэльні!
- Я паклала цукар у гарбату!
- А я чэрпала смятану проста са слоіка!
- А я – смачнае вішнёвае варэнне!
Булькалі пузатыя рондлі:
- А мы варылі, парылі, тушылі!
- Смажыла смачна! – шкварчэла патэльня.
А калі толькі ўсе галасы сціхалі, са дна мойкі даносіўся суровы голас:
- А я краіў хлеб!
І астатні посуд паважліва змаўкаў, бо ўсе ведалі: нож – самы сціплы, але і самы працавіты у варэльні. Яго праца ўсім патрэбна, і што б ні гатавалі, нельга абысціся без нажа. Нож пачысціць агуркі, цыбулю, перац, бурак, бульбу, моркву, яблык. Пакрышыць садавіну ды гародніну ў салату, у боршч, у кампот, намажа масла на канапку і адрэжа тоненькі кавалачак каўбасы ці вяндлінкі. Зразумела, што і талеркі, і міскі, і кубкі, і сподачкі, і рондлі, і патэльня, і відэльцы, і лыжкі – усе-усе стараліся, каб стравы атрымаліся прыгожымі ды смачнымі. Бо кожны ведае: калі праца ідзе дружна, калі кожны робіць усё, што ад яго залежыць, дык і вынік у працы бывае добры.
Пра ўсё пра гэта часта думала Мсціслаўкава сяброўка – лыжка. Яна ляжала, чыстая і бліскучая, разам з іншым посудам, і марыла пра той час, калі падрасце яе сябра хлопчык Мсціслаўка і будзе дапамагаць маме гатаваць. Вось тады пачнецца сапраўдная весялосць!
(працяг заўтра!)