(паводле камбаджыйскай легенды)
Слухайце, дзеці, матайце на вус.
Жыў-быў у лесе ветлівы трус.
Пасвіўся ён у траве сакаўной.
Раптам – ліса! Што рабіць? Божа мой!
Пэўна, махлярка на вёску хадзіла
Па куранят. Ды дарма: не здабыла.
Злыя, галодныя вочы блішчаць.
Трусік – наўцёкі. Ліса – даганяць.
Бачыць наш трусік – кепскія справы.
Скача, пятляе то ўлева, то ўправа.
Блытаў сляды, колькі моцы хапала.
Скочыў за куст – а ўжо сілы так мала!
Сэрца калоціцца, бы ў трусяняці.
Ды навучыла даўно яго маці:
Калі не можаш далей уцякаць,
Варта схавацца ды перачакаць.
- Дзе ж мне схавацца? Вось гора дык гора.
Бачыць — гара. Пад гарою — пячора.
Тут бы яму акурат затаіцца.
Трусік спыніўся. А лезці баіцца:
Раптам у схованцы ёсць ужо хтосьці?
- Добрага дня вам! Ці прымеце госця? –
Ветліва кажа. Ды чуе ў адказ:
- Добрага дня! Зачакаліс-с-ся вас-с-с!
Трусік пазнаў ціхі голас змяі.
Лапкі яго тут жа прэч паняслі.
Ледзь не патрапіў да смерці ў палон!
І прашыпела змяя наўздагон:
Хай бы ты горш-ш-шае меў выхаванне!
Трапіў бы ўжо да мяне на с-с-сняданне!
Ветлівасць – надта каштоўная рэч.
Нават у лесе бывае дарэчы!
Алена Церашкова