Пра курсы
ГАРАДЫ :

| Тэма: Музеі і наша спадчына

14.02.2020
ТЭОРЫЯ І ПРАКТЫКА МОВЫ Мова паліткарэктнасці

Мова паліткарэктнасці

powerpoint70СПАМПУЙЦЕ ПРЭЗЕНТАЦЫЮ POWER POINT

word70СПАМПУЙЦЕ ТЭОРЫЮ І ЗАДАННІ Ў WORD
word70СПАМПУЙЦЕ РАЗДАТКУ Ў WORD

Паводле вызначэння Вікіпедыі, паліткарэктнасць – “тэрмін, які апісвае стыль маўлення, ідэі, палітыку, паводзіны, якія мусяць мінімізаваць абразы расавых, рэлігійных, культурных ды іншых груп”.

У мове паліткарэктнасць перадусім рэалізуецца праз выкарыстанне эўфемізмаў і так званых фемінізмаў (фемінітываў). Эўфемізмы — словы і выразы, якія служаць моўцы для замены грубых, непрыстойных, рэзкіх словаў і выразаў, што выклікаюць непрыемныя асацыяцыі: не мярцвяк, а нябожчык; не стары, а чалавек сталага веку, не дурань, а недалёкі чалавек, зорак з неба не хапае г.д. Пра прыроду эўфемізмаў можна пачытаць тут:

http://www.movananova.by/zaniatki/leksika-spachyc-zasnuc-addac-bogu-dushu-2.html.

Трэба сказаць, што і ў Савецкім Саюзе таксама існавалі свае эўфемізмы (новамова), мэтай якіх, праўда, было не змякчэнне абразлівых выразаў, а маніпуляцыя свядомасцю людзей, вуаляванне агрэсіўных намераў дзяржавы, замоўчванне сацыяльных праблем, для чаго рэчы не называліся сваімі сапраўднымі імёнамі. Напрыклад, перабоі з харчаваннем і іншымі таварамі зваліся часовымі цяжкасцямі, сацыяльныя праблемы — асобнымі недахопамі, гвалтоўная калектывізацыя, галадамор, расстрэлы — перагібамі на месцах. Сёння таксама мы сутыкаемся з падобнымі эўфемізмамі: неэфектыўнае выкарыстанне бюджэтных сродкаў замест крадзеж, выкарыстанне адміністрацыйнага рэсурсу замест злоўжыванне службовым становішчам і г.д.

Што да фемінізмаў, дык пад імі ў мове сёння разумеюць жаночыя назвы прафесій, спецыяльнасцяў, сацыяльных роляў: дырэктарка, менеджарка, фатографка. Часам, хоць пакуль і досыць рэдка, пры ўзгадванні ў тэксце назва прафесіі без вызначэння асобы (а звычайна гэта назоўнік мужчынскага роду), сустракаем паліткарэктнае напісанне праз злучок: доктар-ка, рэдактар-ка, напрыклад: “У часопіс… патрабуецца рэдактар-ка і карэктар-ка”, а не традыцыйнае “рэдактар і карэктар”.

Такім чынам, мэта ўжывання паліткарэктных словаў і выразаў зразумелая — пазбегчы вербальнай дыскрымінацыі асобных груп насельніцтва паводле нацыянальнасці, расы, гендару, узросту, здароўя, сацыяльнага і матэрыяльнага статусу і пад. Сучасная з’ява паліткарэктнасці пашырылася спачатку ў ЗША, а потым і ў Заходняй Еўропе ў апошнія дзесяцігоддзі мінулага стагоддзя. У Амерыцы, напрыклад, наступным чынам адбываўся рух ад непажаданай назвы негры да паліткарэктнай афраамерыканцы: негры — нябелыя — каляровыя — чорныя — меншасць — амерыканцы афрыканскага паходжання — афраамерыканцы (negroes — non-whites — colored — blacks — minority (group) — African Americans — Afroamericans). Тую ж самую тэндэнцыя назіраем і з індзейцамі: індзеец — карэнны амерыканец — першая нацыя. У шведскай мове ў 2015 годзе да займеннікаў han (ён) і hon (яна) быў афіцыйна дададзены гендарна карэктны займеннік hen для трансгендараў або людзей, якія не вызначыліся канчаткова са сваім гендарам.

У 21 стагоддзі мова паліткарэктнасці пачала пашырацца і ў нашай краіне, аднак дасюль з’яўляецца значна больш абмежаванай, чым у Заходнім свеце.

Да сфераў, дзе сёння найбольш пашырана мова паліткарэктнасці, належаць:

  1. Сфера сацыяльна слабых, дыскрымінаваных груп насельніцтва: людзі з інваліднасцю, людзі з абмежаванымі магчымасцямі замест калекі, інваліды (прапануем зрабіць тэст на тэму інклюзіўнасці з партала tut.by: https://news.tut.by/culture/669842.html ); сеньёры замест старыя людзі; карэкцыя полу замест змена полу; інтэрсексуал замест гермафрадыт і г.д. Дарэчы, ужыванне выразу парэформавы правапіс ці афіцыйны правапіс таксама з’яўляецца паліткарэктным выразам у параўнанні са словам наркамаўка.
  2. Сфера назваў прафесій і спецыяльнасцяў: менеджар па продажах замест прадавец; работніца сферы сескуальных паслуг замест прастытутка; аўтарка, блогерка замест аўтар, блогер, калі гаворка ідзе пра жанчыну.
  3. Сфера сэрвісу і рэкламы, дзе, напрыклад, у індустрыі прыгажосці слова атлусценне замяняецца выразам лішняя вага, пахудзеннекарэкцыя вагі; пазбаўлення ад зморшчын — ліфтынг і г.д.

Трэба зазначыць, што ў з’явы паліткарэктнасці сёння ёсць не толькі актыўныя прыхільнікі, але і праціўнікі, якія лічаць, што падобныя выразы з’яўляюцца праявай слабасці, комплексу віны і хаваюць праўду і што лепей заўсёды называць рэчы сваімі імёнамі. А што думаеце вы?

Заданне

УВАГА! Каб пабачыць правільныя адказы, вылучыце курсорам вобласць побач з зорачкай!

Як іншымі словамі перадаць наступныя паліткарэктныя выразы:

                1. Спецыяліст па гігіене навакольнага асяроддзя – *дворнік
                2. Чалавек залатога веку, трэцяга ўзросту – *стары / старая
                3. Інжынер па санітарыі – *смяцяр
                4. Чалавек з нестандартнымі вертыкальнымі прапорцыямі – *ліліпут / ліліпутка
                5. Узброены канфлікт  – *вайна
                6. Асабісты памочнік – *сакратар / сакратарка
                7. Асоба, якая аказвае медыцынскую дапамогу дома  – *сядзелка
                8. Сонечныя дзеці  – *дзеці з сіндромам Дауна
                9. Лятальны сыход  – *смерць
                10. Менеджар / спецыяліст па клінінгу – *прыбіральшчык / прыбіральшчыца
                11. Аператар ачышчальных збудаванняў – *асенізатар / залатар
                12. Нестатутныя адносіны  – *дзедаўшчына
                13. Поўны, чалавек вялікіх памераў, бодзіпазітыўны – *тоўсты чалавек
                14. Вышэйшая мера пакарання – *кара смерцю, смяротнае пакаранне
                15. Лібералізацыя / упарадкаванне цэн – *рост цэн
                16. Эмацыйна-няўстойлівы чалавек  – *псіхапат
                17. Санкцыі – *пакаранне
                18. Сацыяльна абяздоленыя, пазбаўленыя дабротаў людзі – *бедныя
                19. Невідушчыя, слабавідушчыя людзі  – *сляпыя
                20. Выкарыстоўваць службовае становішча ў карыслівых мэтах – *браць хабар
                21. Людзі з міграцыйным мінулым  – *імігранты
                22. Разысціся ў меркаваннях – *паспрачацца, пасварыцца
                23. Чалавек, які пакутуе на залежнасць ад псіхаактыўных рэчываў  – *наркаман / наркаманка
                24. Узроставыя змены – *старэнне
                25. Стыліст, дызайнер па прычосках – *цырульнік / цырульніца
                26. Работніца птушкафермы – *птушніца
                27. Ліквідаваць – *забіць
                28. Асоба са шкоднымі звычкамі, залежны чалавек – *алкаголік / алкагалічка

krok_3

Партнёр — menu.by
Партнёр — Кафэ “Грай”
Партнёры — Кісларод
Партнёр — Цэнтр Кола
Партнёр — Сувеніры пра Беларусь
Партнёры — Трэці Сектар
Партнёр — Падароск
Партнёр — Будзьма
Партнёр — Viapol
Партнёр А-100
Кнігарня Логвінаў
Партнёр — Velcom па-беларуску
Партнёр — Лятучы ўніверсітэт
Партнёр — Галерэя Ў
Інфапартнёр — kniharnia.by
Інфапартнёр — Новы час
Інфапартнёр — СВАЕ.БЕЛ
Інфа-партнёр — Разам
Інфа-партнёр knihi.by
Інфа-партнёр tuzin.fm
Інфапартнёры — ЭўраБеларусь
Інфапартнёры — Радыё Рацыя
Інфапартнёры — Нашыя Дзеткі
Інфапартнёр — Белсат