Пра курсы
ГАРАДЫ :

| Тэма: Краязнаўства

17.03.2019
ТЭОРЫЯ І ПРАКТЫКА МОВЫ Найбагацейшы або багацейшы?

Найбагацейшы або багацейшы?

powerpoint70СПАМПУЙЦЕ ПРЭЗЕНТАЦЫЮ POWER POINT

word70СПАМПУЙЦЕ ТЭОРЫЮ І ЗАДАННІ Ў WORD
word70СПАМПУЙЦЕ РАЗДАТКУ Ў WORD

Найвышэйшая ступень параўнання прыметнікаў
Найвышэйшая ступень параўнання можа ўтварацца толькі ад якасных прыметнікаў і мае простую ды складаную формы.

Простая форма найвышэйшай ступені параўнання ўтвараецца ад вышэйшай ступені параўнання прыметніка пры дапамозе прыстаўкі най-:

вышэйшы — найвышэйшы (НЕЛЬГА – найвысокі!!!), кіслейшы – найкіслейшы. Зрэдку можа ўтварацца пры дапамозе прыстаўкі най- і суфікса ш: новы – найноўшы (нарматыўнае), багаты – найбагатшы, дарагі – найдарожшы (гутарковыя формы). Звярніце ўвагу на тое, што прыметнік вялікі мае дзве формы:

вялікі  найбольшы (колькасная прыкмета);

вялікі  найвялікшы (якасная прыкмета – ‘таленавіты, выдатны, выбітны’).

Складаная форма найвышэйшай ступені параўнання ўтвараецца пры дапамозе:

1. словаў самы, найбольш, найменш і зыходнай формы прыметніка: дарагі – самы дарагі, найбольш дарагі, найменш дарагі (НЕЛЬГА – самы даражэйшы, найбольш даражэйшы, найменш даражэйшы!!!)

2. простай формы вышэйшай ступені параўнання прыметніка са словамі за ўсіх, за ўсё, сярод усіх: даражэйшы за ўсіх  (НЕЛЬГА – вышэй за ўсіх!!!).

Найвышэйшая ступень параўнання звычайна ўжываецца з аб’ектам параўнання ў форме:

1. роднага склону з прыназоўнікамі з або сярод: Малодшы сын быў найспакайнейшы з дзяцей / сярод дзяцей;

2. вінавальнага склону з прыназоўнікам  за і займеннікам усё або ўсіх: найлепшы за ўсіх, найгоршы за ўсё.

 

Формы найвышэйшай ступені параўнання прыметнікаў могуць абазначаць самую высокую (ці самую нізкую) ступень якасці прадмета без параўнання з іншымінайлепшы дзень, найбагацейшы чалавек (НЕЛЬГА – лепшы дзень!!!)

Звярніце ўвагу на тое,  што ў беларускай і ў рускай мовах прыметнікі з суфіксам -ейш- / -эйш- належаць да розных ступеняў параўнання. Так, у рускай мове словы лучшый (день), полезнейшие (вещи) – гэта  найвышэйшая ступень параўнання (”превосходная степень”), а ў беларускай мове лепшы (дзень), больш карысныя (рэчы) – вышэйшая супень параўнання. Таму ў беларускай мове такім канструкцыям адпавядаюць простыя або складаныя формы найвышэйшай ступені параўнання: найлепшы (дзень), самыя карысныя (рэчы).

Наступныя групы прыметнікаў утвараюць толькі складаныя формы найвышэйшай ступені параўнання пры дапамозе словаў найбольш / найменш:

- некаторыя невытворныя якасныя прыметнікі: упарты, бадзёры, пануры, прыкры, варожы, благі, любы, ліхі, хцівы і інш.;

- некаторыя вытворныя прыметнікі:

а) з суфіксамі -н- (ад назоўнікаў і дзеясловаў): радасны, надзейны, марозны, сумны, мірны, звычайны, адважны, стыхійны, трывожны і інш.;

б) з суфіксамі -ічн- (-ычн-): крытычны, паэтычны, гераічны, рытмічны і інш.;

в) з суфіксамі -льн-, -альн-, -яльн-: натуральны, максімальны, спрыяльны і інш.;

г) з суфіксамі -ів- (-ыв-), -лів-: бурлівы, імклівы, фальшывы, дакучлівы і інш.;

д) з суфіксамі -ат-, -аст-, -іт-, -авіт-: касматы, стракаты, мурзаты, выгінасты, хваравіты і інш.;

е) з суфіксамі -к-, -ск- (-цк-): вёрткі, колкі, гнуткі, геройскі, таварыскі, здрадніцкі і інш.

ж) з суфіксамі -ав-, -іст-, -аўн-, -ат-, -к-: перадавы, агністы, сакаўны, шурпаты, ліпкі.

Найвышэйшую ступень параўнання не ўтвараюць:

1) адносныя і прыналежныя прыметнікі: гарадскі, Сашаў / Сашын;

2) складаныя прыметнікі: сінявокі, лапавухі, беласкуры, светла-зялёны;

3) прыметнікі з суфіксамі непаўнаты якасці -ават-, -яват- : сіняваты, караткаваты, малаваты.

4) прыметнікі, якія абазначаюць колькасна нязменную якасць, якая не можа праяўляцца ў большай ці меншай ступені: сляпы, глухі, жывы, халасты,замужняя, жанаты, босы, голы, мёртвы, вусаты, рагаты, крывы і інш.;

5) прыметнікі, якія абазначаюць масці жывёл: буланы, руды, рыжы, буры, гняды, вараны, рабы, кары, русы, пярэсты;

6) прыметнікі, якія абазначаюць колер прадметаў праз іх адносіны да іншых прадметаў: карычневы, блакітны, бронзавы, васільковы, ружовы, вішнёвы, крэмавы і інш.;

7) прыметнікі ў пераносным значэнні: залаты чалавек, каменнае сэрца;

8) прыметнікі, якія ўжываюцца ва ўстойлівых спалучэннях са спецыялізаваным значэннем: лёгкая атлетыка, цяжкая прамысловасць, Далёкі Усход.

 

Заданне

УВАГА! Каб пабачыць правільныя адказы, вылучыце курсорам вобласць побач з зорачкай!

Утварыце магчымыя формы найвышэшай ступені параўнання прыметнікаў:

          1. Дрэнны  – *найгоршы, самы горшы, горшы за ўсіх
          2. Сонечны – *найбольш / найменш сонечны, самы сонечны
          3. Слабы – *найслабейшы, найбольш / найменш слабы, самы слабы, слабейшы за ўсіх
          4. Босы – *не ўтварае
          5. Садовы – *не ўтварае
          6. Старажытны – *найстаражытнейшы, найбольш / найменш старажытны, самы старажытны, найстаражытнейшы за ўсё
          7. Гнуткі – *найбольш / найменш гнуткі, самы гнуткі
          8. Звычайны – *найбольш / найменш звычайны, самы звычайны
          9. Горкі – *найгарчэйшы, найбольш / найменш горкі, самы горкі, гарчэйшы за ўсё
          10. Новы – *найноўшы, найбольш / найменш новы, самы новы, навейшы з усіх
          11. Вішнёвы – *не ўтварае
          12. Радасны – *найбольш / найменш радасны, самы радасны
          13. Вялікі – *найбольшы, самы вялікі, большы з усіх; найвялікшы, найбольш / найменш вялікі, самы вялікі (вялікшы з усіх)

Выпраўце памылкі:

          1. Фабрыку набыў багацейшы чалавек у нашым горадзе. – *найбагацейшы
          2. Раніцай раса на траве найбольш буйнейшая і празрыстая. – *найбольш буйная і празрыстая
          3. І найцяжэйшыя раны ў чалавечай душы загойваюцца. – *усё правільна
          4. Пахвала маці была для мяне самай найважнейшай узнагародай.  – *самай важнай, найважнейшай
          5. Чалавечая ўвага даражэй за ўсё на свеце.  – *даражэйшая за ўсё
          6. Даследаванне прысвечана навейшай гісторыі нашай краіны.  – *найноўшай
          7. Аповесць распавядае пра тое, як найбольшы авантурнік выйшаў сухім з вады, пазбегшы пакарання. – *найвялікшы
          8. Прыгажэйшае лісце ўвосень бывае менавіта на клёнах. – *найпрыгажэйшае
          9. Бацька для Міхася быў самым найблізшым чалавекам.  – *самым блізкім, найбліжэйшым
          10. Час – найлепшы лекар.  – *усё правільна
          11. Марыля найвышэй за ўсіх у класе.  – *самая высокая, найвышэйшая, вышэйшая за ўсіх

krok_3

Партнёр — menu.by
Партнёр — Кафэ “Грай”
Партнёры — Кісларод
Партнёр — Цэнтр Кола
Партнёр — Сувеніры пра Беларусь
Партнёры — Трэці Сектар
Партнёр — Падароск
Партнёр — Будзьма
Партнёр — Viapol
Партнёр А-100
Кнігарня Логвінаў
Партнёр — Velcom па-беларуску
Партнёр — Лятучы ўніверсітэт
Партнёр — Галерэя Ў
Інфапартнёр — kniharnia.by
Інфапартнёр — Новы час
Інфапартнёр — СВАЕ.БЕЛ
Інфа-партнёр — Разам
Інфа-партнёр knihi.by
Інфа-партнёр tuzin.fm
Інфапартнёры — ЭўраБеларусь
Інфапартнёры — Радыё Рацыя
Інфапартнёры — Нашыя Дзеткі
Інфапартнёр — Белсат