Пра курсы
ГАРАДЫ :

| Тэма: Масленіца

05.03.2019
ТЭОРЫЯ І ПРАКТЫКА МОВЫ Малодшы ці маладзейшы? Старшы ці старэйшы?

Малодшы ці маладзейшы? Старшы ці старэйшы?

powerpoint70СПАМПУЙЦЕ ПРЭЗЕНТАЦЫЮ POWER POINT

word70СПАМПУЙЦЕ ТЭОРЫЮ І ЗАДАННІ Ў WORD
word70СПАМПУЙЦЕ РАЗДАТКУ Ў WORD

Вышэйшая ступень параўнання прыметнікаў
Ступені параўнання ўтвараюць толькі якасныя прыметнікі.
Вышэйшая ступень параўнання мае як простую, так і складаную формы.
Простая форма вышэйшай ступені параўнання ўтвараецца ад зыходнай формы прыметніка пры дапамозе:
1. суфіксаў –эйш-, -ейш- (пры ўтварэнні формы можа адбывацца чаргаванне зычных (г, з / ж; к / ч; х / ш; д / дз'; т / ц’): дарагі – даражэйшы, кіслы – кіслейшы;
2. шляхам замены кораня + суфікс –ш- (суплетывізм): вялікі – большы, малы – меншы, дрэнны – горшы, добры – лепшы (добрай якасці) і добры – дабрэйшы (ад назоўніка дабрыня)

Складаная форма вышэйшай ступені параўнання ўтвараецца ад зыходнай форма прыметніка пры дапамозе словаў больш / болей, менш / меней:
дарагі – больш дарагі; кіслы – менш кіслы (НЕЛЬГА – менш кіслейшы!!!)

Вышэйшая ступень параўнання абавязкова ўжываецца з аб’ектам параўнання ў форме:
1) В. скл. з прыназоўнікам за: Ён вышэйшы за мяне на цэлую галаву;
2) Н. скл. з параўнальным злучнікам чым або як: Ён вышэйшы, чым я (або: як я), на цэлую галаву. Сёлетні ўраджай лепшы, як леташні (або: чым леташні). Формы Р. скл. з прыназоўнікам ад у беларускай мове дапушчальныя ў мастацкім і публіцыстычным стылях, але не ўжываюцца ў навуковым і справавым: Мацнейшым ад голасу быў посвіст бурану.
НЕЛЬГА ўжываць формы Р. скл. без прыназоўніка тыпу вышэй яго, хутчэй святла. Гэта русізмы, якія лічацца адхіленнем ад нормы.
Нязменныя формы вышэйшай ступені параўнання прыметнікаў з суфіксамі -ей, -эй, -ай тыпу лепей, вышэй, горай лічацца адхіленнем ад літаратурнай нормы, бо яны аманімічныя з адпаведнымі формамі прыслоўяў і безасабова-прэдыкатыўных слоў у вышэйшай ступені параўнання: дзяўчынка вышэйшая (НЕЛЬГА вышэй!!!) за брата – дзяўчынка скача вышэй за брата.
Простая форма вышэйшай ступені параўнання ад прыметнікаў малады – маладзейшы, стары – старэйшы. Прыметнікі малодшы, старшы ўжываюцца пры абазначэнні афіцыйных пасадаў і званняў і не маюць вышэйшай ступені параўнання: малодшы сяржант, старшы выкладчык. Прыметнік малодшы таксама ўжываецца ў значэнні ‘больш позні паводле часу свайго з’яўлення’: малодшы брат, малодшая сястра, але старэйшы брат (не старшы!)
Наступныя групы прыметнікаў утвараюць толькі складаныя формы вышэйшай ступені параўнання:
— некаторыя невытворныя якасныя прыметнікі: упарты, бадзёры, пануры, прыкры, варожы, благі, любы, ліхі, хцівы і інш.;
— некаторыя вытворныя прыметнікі:
а) з суфіксамі -н- (ад назоўнікаў і дзеясловаў): радасны, надзейны, марозны, сумны, мірны, звычайны, адважны, стыхійны, трывожны і інш.;
б) з суфіксамі -ічн- (-ычн-): крытычны, паэтычны, гераічны, рытмічны і інш.;
в) з суфіксамі -льн-, -альн-, -яльн-: натуральны, максімальны, спрыяльны і інш.;
г) з суфіксамі -ів- (-ыв-), -лів-: бурлівы, імклівы, фальшывы, дакучлівы і інш.;
д) з суфіксамі -ат-, -аст-, -іт-, -авіт-: касматы, стракаты, мурзаты, выгінасты, хваравіты і інш.;
е) з суфіксамі -к-, -ск- (-цк-): вёрткі, колкі, гнуткі, геройскі, таварыскі, здрадніцкі і інш.
ж) з суфіксамі -ав-, -іст-, -аўн-, -ат-, -к-: перадавы, агністы, сакаўны, шурпаты, ліпкі.
Ступені параўнання не ўтвараюць:
1) адносныя і прыналежныя прыметнікі: гарадскі, Сашаў / Сашын;
2) складаныя прыметнікі: сінявокі, лапавухі, беласкуры, светла-зялёны;
3) прыметнікі з суфіксамі непаўнаты якасці -ават-, -яват- : сіняваты, караткаваты, малаваты.
4) прыметнікі, якія абазначаюць колькасна нязменную якасць, якая не можа праяўляцца ў большай ці меншай ступені: сляпы, глухі, жывы, халасты, замужняя, жанаты, босы, голы, мёртвы, вусаты, рагаты, крывы і інш.;
5) прыметнікі, якія абазначаюць масці жывёл: буланы, руды, рыжы, буры, гняды, вараны, рабы, кары, русы, пярэсты;
6) прыметнікі, якія абазначаюць колер прадметаў праз іх адносіны да іншых прадметаў: карычневы, блакітны, бронзавы, васільковы, ружовы, вішнёвы, крэмавы і інш.;
7) прыметнікі ў пераносным значэнні: залаты чалавек, каменнае сэрца;
8) прыметнікі, якія ўжываюцца ва ўстойлівых спалучэннях са спецыялізаваным значэннем: лёгкая атлетыка, цяжкая прамысловасць, Далёкі Усход.

Заданне

УВАГА! Каб пабачыць правільныя адказы, вылучыце курсорам вобласць побач з зорачкай!

Утварыце ўсе магчымыя формы вышэйшай ступені параўнання ад наступных прыметнікаў:

                1. Добры – *лепшы, дабрэйшы, больш / менш добры
                2. Дажджлівы – *больш / менш дажджлівы (не утварае простую форму, бо мае суфікс -лів-)
                3. Голы  – *не ўтварае (нязменная якасць)
                4. Дужы – *дужэйшы, больш / менш дужы
                5. Яркі  – *ярчэйшы, больш / менш яркі
                6. Пярэсты – *не ўтварае (масці жывёл)
                7. Студэнцкі – *не ўтварае (адносны прыметнік)
                8. Ліпкі – *больш / менш ліпкі (суф. -к-)
                9. Лёгкі – *лягчэйшы, больш / менш лёгкі
                10. Мяккі – *мякчэйшы, больш / менш мяккі
                11. Дрэнны – *горшы
                12. Імклівы – *больш / менш імклівы (суф. -лів-)
                13. Цвёрды  – *цвярдзейшы, больш / менш цвёрды
                14. Гнуткі – *больш / менш гнуткі (суф. -к-)
                15. Салодкі – *саладзейшы, больш / менш салодкі
                16. Драбнаваты – *не ўтварае (непаўната якасці)
                17. Бадзёры – *больш / менш бадзёры
                18. Спрыяльны – *больш / менш спрыяльны (суф. -альн-)
                19. Вялікі – *большы (памер), больш / менш вялікі (выбітны)

Выпраўце памылкі ва ўжыванні вышэйшай ступені параўнання прыматнікаў:

                  1. Няма на свеце больш лепшай краіны, чым родная.– *Няма на свеце лепшай краіны, чым родная.
                  2. Іван вышэйшы брата.  – *Іван вышэйшы за брата.
                  3. Аўто было хутчэйшым ад самага хуткага каня. – *правільна
                  4. Цукеркі менш саладзейшыя за мёд. – *Цукеркі менш салодкія за мёд.
                  5. Волава лягчэй жалеза. – *Волава лягчэйшае за жалеза.
                  6. Вырашылі рушыць гэтай дарогай, бо яна больш карацейшая. – *Вырашылі рушыць гэтай дарогай, бо яна карацейшая (больш кароткая).
                  7. У старога майстра былі рукі залацей, чым у яго маладога напарніка. – *Нельга, бо прыметнік ‘залатыя’ ўжыты ў пераносным значэнні і не ўтварае ступеняў параўнання.
                  8. Калегу па кафедры прызначылі на пасаду старэйшага выкладчыка. – *Калегу па кафедры прызначылі на пасаду старшага выкладчыка.
                  9. Вочы ў яго здаваліся блакітнейшымі за мае. – *Нельга, бо прыметнік ‘блакітны’ не ўтварае ступеняў параўнання.
                  10. Андрэй быў куды меншы за мяне ростам.– *Правільна
                  11. У быка правы бок ніжэй левага. – *У быка правы бок ніжэйшы за левы.
                  12. Няма чалавека бліжэй за маці. – *Няма чалавека, бліжэйшага за маці.

krok_3<

Партнёр — menu.by
Партнёр — Кафэ “Грай”
Партнёры — Кісларод
Партнёр — Цэнтр Кола
Партнёр — Сувеніры пра Беларусь
Партнёры — Трэці Сектар
Партнёр — Падароск
Партнёр — Будзьма
Партнёр — Viapol
Партнёр А-100
Кнігарня Логвінаў
Партнёр — Velcom па-беларуску
Партнёр — Лятучы ўніверсітэт
Партнёр — Галерэя Ў
Інфапартнёр — kniharnia.by
Інфапартнёр — Новы час
Інфапартнёр — СВАЕ.БЕЛ
Інфа-партнёр — Разам
Інфа-партнёр knihi.by
Інфа-партнёр tuzin.fm
Інфапартнёры — ЭўраБеларусь
Інфапартнёры — Радыё Рацыя
Інфапартнёры — Нашыя Дзеткі
Інфапартнёр — Белсат